Леў Марголін: Супраць законаў эканомікі не папрэш: дэвальвацыя будзе
Дэвальвацыя ў Беларусі можа быць рэзкай, аднак 2011 года ў чыстым выглядзе не будзе.
Пра імавернасць такога сцэнару эканаміст Леў Марголін разважае на старонках «СН плюс».
— Большасць незалежных эканамістаў сыходзяцца ў тым, што дэвальвацыя непазбежная. Улада доўгі час супраціўлялася, трэба аддаць належнае, дзеянні банкаўскіх уладаў былі досыць разумнымі і эфектыўнымі.
Але супраць законаў эканомікі не папрэш: дэвальвацыя будзе. Іншае пытанне ў тым, у якіх аб'ёмах і з якой хуткасцю яна будзе ажыццяўляцца? Можна зрабіць, як у 2011 годзе: абваліць рубель адразу ў два, а то і больш разоў, або паспрабаваць стрымліваць тэмпы дэвальвацыі.
Якое рашэнне прыме ўлада, сказаць дастаткова цяжка. Можна толькі выказаць здагадку, што дэвальвацыя будзе рэзкай.
Адным яна будзе выгадная, іншым не.
Дэвальвацыя будзе выгадная экспарцёрам, якія за кожны выручаны долар атрымаюць больш беларускіх рублёў; будзе выгадная дзяржаўнаму бюджэту, але нявыгадная імпарцёрам.
Вельмі важна, як дэвальвуецца «беларус» у адносінах да «расіяніна». Калі ў 2011 годзе дэвальвацыя адбылася ў адносінах да ўсіх валют, у тым ліку і да суседскай, то за апошнія месяцы беларускі рубель і так дастаткова моцна аслабеў у адносінах да расійскага.
Што тычыцца выгод для сельскай гаспадаркі, то значных рынкаў прадукцыі, за выключэннем Расіі (можа, у нейкай ступені і Кітая) у нас няма. Так што для агракомплексу асаблівых выгод я не бачу.
Але разам з тым імпарт усіх энергарэсурсаў з Расіі ажыццяўляецца за расійскія рублі. Чым танней «беларус», тым больш спатрэбіцца на аплату расійскіх энергарэсурсаў.
Таму, як я мяркую, суадносіны беларускага рубля ў адносінах да расійскага асабліва не зменяцца. Тым больш, што паралельна з нашай дэвальвацыяй у Маскве хочуць правесці сваю.
Хутчэй за ўсё, суадносіны беларускага і расійскага рубля захаваюцца ў тым ці іншым выглядзе, а вось у адносінах да свабодна канверсоўнай валюты мы аслабеем.
Розныя катэгорыі грамадзян па-рознаму адчуюць на сабе наступствы дэвальвацыі. Тыя, у каго засталіся рэсурсы, зберажэнні ў свабодна канверсоўнай валюце, уздыхнуць з палёгкай: цэны ў краме моцна выраслі, а вось курс валют застаўся ранейшым; цяпер яны змогуць абмяняць свой запас па больш высокім курсе. Тыя, на кім вісяць крэдыты, таксама ўздыхнуць з палёгкай.
А вось грамадзяне, якія жывуць на пенсію і на заробкі, адчуюць дадатковы рост цэнаў у крамах. І звязаны ён будзе перш за ўсё з імпартнымі таварамі.
— Навошта наогул патрэбна дэвальвацыя? Многія, асабліва прапагандысты, так ганарыліся моцным беларускім рублём, а тут — бац! — трэба яго аслабляць…
— Яна патрэбная, каб нейкім чынам разварушыць прадпрыемствы, перш за ўсё дзяржаўныя. У іх знізілася забеспячэнне абаротнымі сродкамі, а адзіны спосаб падтрымаць іх на плаву — льготнае крэдытаванне. Але, як заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калавур у Брэсце пару тыдняў таму, магчымасці банкаўскай сістэмы ў гэтым сэнсе практычна вычарпаныя. Застаецца тое, што зэканоміў дзяржбюджэт у 2021 годзе. Аднак падобна на тое, назапашванні ўжо выдаткаваны, цяпер трэба ўключаць друкарскі станок. Зрэшты, ён ужо ўключаны, пра што сведчыць рост грашовай масы ў чэрвені і ліпені. Калі яшчэ, як гаворыцца, паддаць газу, то гэта абернецца ростам і інфляцыі, і дэвальвацыі. І тут магчымыя два варыянты: альбо рэзкі абвал рубля, як у 2011 годзе, альбо стрыманая дэвальвацыя.
— Які від дэвальвацыі патрабуе эканоміка ў цяперашнім стане?
— Вельмі складана ацаніць яго, таму што многія звесткі папросту засакрэчаныя. Але, думаю, 2011 года ў чыстым выглядзе не будзе.