Прамысловасць Беларусі працуе «на склад» нават ва ўмовах росту продажаў

Паводле звестак Белстата, запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый прамысловасці на 1 траўня 2023 года выраслі і цяпер ацэньваюцца ў 9,2 млрд рублёў. Годам раней аналагічны паказчык складаў 7,4 млрд рублёў.

Ілюстрацыйнае фота з xxx-shoping.ru

Ілюстрацыйнае фота з xxx-shoping.ru


Пры гэтым суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці па выніках студзеня-красавіка 2023 года склаліся на ўзроўні 76,9%. Такім чынам, прамысловасць мае трохтыднёвы запас прадукцыі на складзе пры бягучым аб'ёме вытворчасці, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Адзначым, у канцы красавіка мінулага года сітуацыя была лепшай, тады паказчык складаў 66,8%. У вартасным выражэнні прырост запасаў склаў 24%.

Трохтыднёвы складскі запас — гэта сітуацыя ў сярэднім па краіне, па рэгіёнах сітуацыя істотна адрозніваецца. У Брэсцкай вобласці на 1 траўня 2023 года складскія запасы перавышалі месячны аб'ём вытворчасці на 113,3%, а ў Гомельскай іх было толькі на траціну месячнага аб'ёму вытворчасці (37,1%).

Месячны аб'ём вытворчасці ляжыць на складах Гродзенскай вобласці і ў сталіцы.

Ацэньваючы такія паказчыкі, важна разумець іх абагульненасць. Гэта даныя ў цэлым па прамысловай сферы, а значыць, умоўных ручнікоў на складах можа ляжаць і на тры месяцы працы вытворчасці наперад, у той час як прадукты харчавання не залежваюцца.

Аднак любы запас — гэта застылыя грошы, якія яшчэ трэба атрымаць, рэалізаваўшы тавар. Тут важней дынаміка паказчыка: яна кажа пра тое, што запасы растуць па большасці абласцей, а значыць, з продажамі па-ранейшаму ўсё не вельмі добра.


Хоць статыстыка паказвае рост рознічнага тавараабароту Беларусі ў студзені-красавіку 2023 года. Ён склаў 22,7 млрд рублёў, што на 0,1% больш за аналагічны паказчык мінулага года ў супастаўных цэнах. Пры гэтым цікавыя падрабязнасці, якія дэманструюць сітуацыю ў асобных галінах.

Тавараабарот нехарчовых тавараў (-0,6%) усё яшчэ дэманструе «адмоўны рост», у той час як продажы харчовых тавараў выраслі (+0,7%). На гэтым фоне сфера грамадскага харчавання выглядае бадзёра: тут тавараабарот у супастаўных цэнах вырас на 10,4% да аналагічнага перыяду мінулага года.

І гэта яшчэ раз пацвярджае вышэйсказанае — умоўных ручнікоў на складах можа ляжаць і на тры месяцы працы вытворчасці наперад, у той час як прадукты харчавання не залежваюцца.

Такія дысбалансы вельмі небяспечныя для беларускай эканомікі і сігналізуюць, што з ёй не ўсё ў парадку.