Кавалкін: Беларусь чакае рэструктурызацыя эканомікі ў негатыўным сэнсе — у выглядзе дэградацыі

Доля нізкарэнтабельных і стратных прадпрыемстваў у Беларусі ў траўні, паводле аналітыкі Нацбанка, склала 51,9%. Зусім стратныя ў краіне 16,3% прадпрыемстваў (гэта 1010 арганізацый). Што чакае нашу эканоміку ў будучыні і ці можна выкараскацца з гэтай багны?

_horad___stary_minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

«Салідарнасць» абмеркавала гэта з кіраўніком праекта «Кошт урада», эканамістам Уладзімірам Кавалкіным.

— У нас рынкавая эканоміка, праўда, без павагі да права прыватнай уласнасці і без такога інстытута, як вяршэнства права. Законы не выконваюцца, а нават парушаюцца, прычым дэманстратыўна і тымі самымі органамі, якія і павінны сачыць за выкананнем заканадаўства.

У рынкавай эканоміцы прынята так, што ўсе рашэнні адносна рэнтабельнасці і развіцця любога прадпрыемства ляжаць на ўласніку і дырэктары гэтага самага прадпрыемства. Таму самы просты адказ на гэтае пытанне: урад ніяк не павінен з гэтым спраўляцца і ніяк не павінен у гэтую справу ўмешвацца, гэта не іх розуму справа, не іх уласнасць.

Усё, што павінен рабіць урад у гэтых умовах — успомніць пра тое, што праваахоўныя органы не павінны быць правапарушальнікамі, а наадварот павінны выконваць свае абавязкі: ахоўваць права і ўсталёўваць вяршэнства закона.

Другі момант — гэта тое, што і ў Канстытуцыі запісана, і тое, што з'яўляецца важнай уласцівасцю любой рынкавай эканомікі для таго, каб яна эфектыўна працавала. А менавіта — павага да правоў прыватнай уласнасці і незалежны суд, які вызначае любыя спрэчныя пытанні, звязаныя з бізнесам.

Калі выправіць сітуацыю ў палітычным полі, з павагай правоў прыватнай уласнасці і незалежным судом, то ў прынцыпе ўсе астатнія праблемы вырашаюцца аўтаматычна.

А калі ўрад паспрабуе сваімі ручкамі туды далей залазіць, то толькі пагоршыць сітуацыю і паказчыкі эканамічныя будуць пагаршацца.

— Якога развіцця падзей з беларускімі прадпрыемствамі чакаеце далей?

— Калі мы гаворым у цэлым пра нейкія трэнды, будуць дэградаваць галіны, звязаныя з продажамі ў ЕС, ЗША і ў цэлым буйныя заходнія эканомікі. Першымі пайшлі пад нож лагістыка і IT.

У сферы прамысловасці асаблівых поспехаў не было, але яна пад санкцыямі. Там чакаць прарываў па даходнасці, рэнтабельнасці, павелічэнні продажаў дакладна не варта. Адпаведна спробы замяніць заходнія рынкі расійскім прыводзяць да некаторых поспехаў, але гэта поспехі такія сабе, таму што ў асноўным гэта ўсякая «ваенка» па магчымасці і ўсё, што круціцца вакол «ваенкі». А ўсё, што грамадзянскае, падмінае пад сябе Кітай.

Беларусь у параўнанні з Кітаем неканкурэнтаздольная. Беларускія тавары досыць дарагія, з аднаго боку, а з другога — ужо на сённяшні дзень маюць горшыя спажывецкія якасці, ды і спадарожны сэрвіс параўнацца з кітайскім не можа.

Таму расійскі рынак падграбае пад сябе Кітай, ну а Беларусь чакае дэградацыя, пагаршэнне паказчыкаў, эміграцыя прадпрымальнікаў, якія гатовы і здольны эміграваць, таму што ў краіне з такім інвесткліматам заняцца асабліва няма чым.

А яшчэ — ператварэнне Беларусі ў такое балотца з арыентацыяй на нешта на расійскім рынку плюс на расійскія дзяржкантракты, у тым ліку звязаныя з «ваенкай».

— Ці чакае Беларусь рост стратных і нізкарэнтабельных прадпрыемстваў?

— Тут усё вельмі моцна будзе залежаць ад таго, ці набяруць яны заказаў у Расіі, як расійскі рынак спрацуе. Беларусь чакае рэструктурызацыя эканомікі не ў пазітыўным сэнсе, а ў негатыўным  у выглядзе дэградацыі, у бок спрашчэння, вяртання да часоў Савецкага Саюза.

Калі раней спрабавалі развіваць новыя галіны і галіны з высокай дабаўленай вартасцю, дыверсіфікаваць рынкі збыту, то цяпер усё ідзе ў адваротным кірунку. Гэта значыць уся дыверсіфікацыя схлопваецца, высокарэнтабельныя, навукаёмістыя прадпрыемствы таксама схлопваюцца, таму што заходнія рынкі для Беларусі аказаліся закрытымі.