Навумчык: Усё, што паралізуе Беларусь, завязвалася ў ноч, калі збівалі дэпутатаў

Пабудова дыктатуры пачалася з падзей 1995 года: рэферэндум, збіццё дэпутатаў на загад Лукашэнкі, гвалтоўныя знікненні яго апанентаў... 

dom_urada_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1.jpg

«Ну и что? И ничего. Выкинули как котят, лапки сложили. Слабаки», — камэнтуе жанчына галадоўку 19-ці дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць ініцыяванага Лукашэнкам т. зв. рэфэрэндуму ў 1995-м. Пры гэтым на пытаньні, дзе былі ў тыя дні яе бацька/брат/муж/сын, якія, напэўна, зусім не слабакі, чаму яны не прыйшлі на Плошчу на заклік БНФ падтрымаць дэпутатаў, урэшце, ці была яна сама сярод тых некалькіх сотняў з амаль двухмільённага Менску, што прыйшлі (як мінімум палову зь якіх, па маім уражаньні, складалі жанчыны), і якім я буду ўдзячны да канца свайго жыцьця, — на гэтыя пытаньні яна не адказала, піша Сяргей Навумчык у сваім ТГ-канале.

Выглядае, сапраўдная мэта такіх камэнтатараў — зусім ня пошук ісьціны, а закідваньне ў публічную прастору пэўных сьцьвярджэньняў.

Можна было б (і варта было б) і не зьвяртаць на іх увагу, але ва ўмовах татальнай фальсыфікацыі найноўшай гісторыі гэта стварае цалкам скажонае ўяўленьне пра падзеі і іх удзельнікаў.


Глядзіце таксама

Дэпутатаў зьбівалі некалькі дзясяткаў людзей ў чорных трыко і чорных масках — па пазьнейшым прызнаньні тагачаснага 1-га намесьніка старшыні КДБ Валерыя Кеза, тое былі афіцэры групы КДБ «Альфа». Іх трэніруюць гэтак, што кожны афіцэр здольны супрацьстаяць некалькім спэцназаўцам. Падобная трэніроўка і ў людзей, якія непасрэдна ахоўваюць дыктатара. Калі нехта адчувае ў сабе здольнасьць іх перамагчы ў непасрэдным фізычным змаганьні — што ж, месцы знаходжаньня аб’екту аховы вядомыя, як кажуць — «наперад і зь песьняй». Можна і бязь песьні.

Акрамя «Альфы», у зьбіцьці ўдзельнічалі спэцназаўцы той самай часткі МУС, якая пазьней забіла Ганчара, Красоўскага і Захаранку (пэўна, і Завадскага), усяго, паводле сьледства Генпракуратуры, у будынак Дому ўраду было ўведзена блізу 600 сілавікоў. Па 30 на кожнага дэпутата Апазыцыі БНФ.

Ня буду цяпер задавацца рытарычным пытаньнем, чаму кіраўніцтва ВС не падтрымала нашу прапанову аб неадкладным адхіленьні Лукашэнкі ад пасады за зьдзейсьненае на ягоны загад крымінальнае злачынства — тэрарыстычны акт супраць дзяржаўных дзеячоў (Лукашэнка на ўсю Беларусь у той жа дзень заявіў на сэсіі ВС, што ўсё адбывалася па ягоным загадзе і разам з кіраўніком адміністрацыі Сініцыным ён кіраваў апэрацыяй). Спробу аплявухі сэржанту міліцыі кваліфікуюць як «тэрарызм» — як тады ацэньваць зьбіцьцё, са зброяй, дэпутатаў парлямэнту?

Але скажу наконт «Ну и что? И ничего».

Вельмі нават «чего». Акт гвалтоўнага ціску на дэпутатаў парлямэнту (зафіксаваны Генпракуратурай) ў працэсе прызначэньня гэтым парлямэнтам рэфэрэндуму робіць яго (рэфэрэндуму) вынікі юрыдычна нікчэмнымі. Рэфэрэндум ня быў легітымным. Якія наступствы гэта будзе мець пасьля аднаўленьня дэмакратыі і вяршэнства права на тых, хто зьдзекуецца з дэ-юрэ дзяржаўных сымбаляў — бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні», хто зачыняў і зачыняе беларускія школы — вы можаце пралічыць самі.


Глядзіце таксама

Нагадаю таксама, што, акрамя зьмены дзяржаўнай сымболікі і ліквідацыі статуса беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, на рэфэрэндум выносілася эканамічная інтэграцыя з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт (што ён і зробіць увосень 96-га).

Як бачым, усе «вузлы», якія паралізуюць Беларусь, завязваліся ў тую ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г.

«Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта», — сказаў на раніцу Васіль Быкаў. І не памыліўся.