«Краінай закіруе прэзідэнцкая хунта»
У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года дзевятнаццаць дэпутатаў Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту супраць рэферэндуму аб скасаванні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, змене дзяржаўных сімвалаў, інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.
У ноч на 12 красавіка дэпутаты былі збітыя людзьмі ў чорных масках і выкінутыя з парламенту. Адбыўся сілавы пераварот. У аперацыі бралі ўдзел больш як 600 байцоў і афіцэраў.
Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання ўзгадвае пра гэтыя падзеі ў сваёй кнізе «Дзевяноста пяты».
"11 красавіка, пасьля заканчэньня вечаровага пасяджэньня Вярхоўнага Савету, мы пачалі рыхтавацца да ночы.
Афіцыйная прэса толькі назаўтра апублікуе інфармацыю пра нашую галадоўку. «Советская Белоруссия» вынесе на першую паласу загаловак «Голодовка: жест отчаяния или рекламный трюк перед избирательной кампанией?»; тэкст не пакідаў сумненьняў, што, канешне, гэта рэклямны ход.
Але гэты нумар выйдзе заўтра, а ў той вечар у мяне ў руках быў нумар за 11 красавіка, з артыкулам «Главное — это работать для народа»: «Мы согласны жить без депутатов, и пусть эти деньги идут на садики, на школьное питание. В общем, распускайте всех депутатов по домам. Пусть тот, кто громче всех кричит, возьмёт любой разваленный завод и покажет, как надо делать „адраджэнне“. Передайте Лукашенко: пусть не болеет, работает спокойно, все простые люди за него». Артыкул быў напісаны не журналістам, аўтар быў прадстаўлены як «Наш политический обозреватель Анна Яковлевна Вечерская, повар столовой комбината «Белшина».
Хаця канчатковае рашэньне пра пачатак галадоўкі было прынятае ў апошнюю хвіліну, мы ставіліся да гэтай акцыі сур’ёзна і не зьбіраліся яе спыняць, пакуль ня будуць выкананыя нашыя патрабаваньні. Актывісты БНФ перадалі нам спальнікі, з буфэту прынесьлі некалькі пачкаў мінэральнай вады. Голад пакуль асабліва не адчуваўся, хаця стан быў нэрвовы — да нас паступала інфармацыя, што будзе ўжытая сіла. Пазьняк папярэдзіў пра гэта старшыню Вярхоўнага Савету Мечаслава Грыба; сьпікер паабяцаў, што будзе трымаць сытуацыю пад кантролем.
Падзеі, якія адбыліся потым, апісаныя шматкроць. Некаторыя аўтары разыходзяцца ў храналёгіі і дэталях, і я палічыў за лепшае прывесьці словы саміх удзельнікаў галадоўкі — прычым у пэўных выпадках іх нават нельга назваць успамінамі, паколькі напісаныя яны былі адразу пасьля падзеяў 11 — 12 красавіка 1995 году. Я выкарыстаў публікацыю Ігара Герменчука «Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара» («Свабода», 15 красавіка 1995), уласны артыкул «Іхнія рукі ўжо ў крыві», («Свабода», 21 красавіка 1995), публікацыю сьведчаньняў дэпутатаў у газэце «Свободные новости» за 15 красавіка 1995, успаміны Лявона Баршчэўскага «Крывавая ноч» («Народная воля», 12 красавіка 2003), а таксама матэрыялы газэты «Пагоня» за красавік 1995 году. На маю просьбу сваімі ўспамінамі пра тую ноч падзяліліся Зянон Пазьняк і Юрась Беленькі. Таксама, падаючы храналёгію падзеяў, пазначаю час, калі яны адбываліся.
Навумчык: «Пасьля 18 гадзінаў прэзыдэнцкая ахова запатрабавала ад журналістаў пакінуць залю. Зразумела, што бальшыня з акрэдытаваных у ВС замежных карэспандэнтаў зрабілі гэта неахвотна: журналіст мае права і абавязаны бачыць падзеі, пра якія піша, на ўласныя вочы. Дарэчы, і мы таксама былі зацікаўленыя ў прысутнасьці прадстаўнікоў прэсы: нам здавалася, што пры іх прэзыдэнцкія людзі будуць вымушаныя паводзіць сябе больш прыстойна. Але застацца ўдалося толькі карэспандэнтцы радыё „Свабода“ Алене Радкевіч».
22.05. У нас быў пераносны тэлевізар, і мы паглядзелі вечаровы рэпартаж з сэсіі. Зьвярнулі на сябе ўвагу закадравыя словы карэспандэнткі з прозьвішчам Муха: «Прэзыдэнт імкнуўся вырашыць праблему мірнымі шляхамі, але вычарпаў усе магчымасьці». Гэта азначала, што пойдуць шляхамі нямірнымі.
23.00. У Авальную залю ўвайшоў начальнік упраўленьня аховы Міхаіл Цесавец з начальнікам службы аховы прэзыдэнта Вячаславам Каралёвым. Цесавец заявіў, што нібыта паступіў сыгнал (тэлефонны званок) пра закладзеную ў будынку бомбу, што ўсе з будынку павінны быць эвакуаваныя, і таму мы павінны пакінуць Авальную залю. У той момант мы сядзелі ў правым, калі стаць тварам да прэзыдыюму, яго сэктары. Цесавец таксама спаслаўся на загад Грыба пакінуць памяшканьне — але, зьвязаўшыся са сьпікерам, мы даведаліся, што ніякага падобнага распараджэньня Грыб не даваў. Што праўда — калі б і даў, мы б яго ня выканалі, тут было важна пераканацца, што Цесавец хлусіць — і пра распараджэньне Грыба, і пра «бомбу». Каралёў заявіў нам: «Мы разьбярэмся з вамі пасьля 14-га траўня» — на гэты дзень былі прызначаныя выбары і рэфэрэндум) .
Разам з Каралёвым і Цесаўцом прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек у вайсковай і міліцэйскай форме, а таксама хлопцы моцнага целаскладу ў скураных куртках і джынсах. Цесавец загадаў ім вывесьці нас з залі, аднак мы паказалі свае дэпутацкія пасьведчаньні і заявілі ім пра крымінальную адказнасьць за парушэньне нашай недатыкальнасьці.
Гэта падзейнічала.
Магчыма, таму падзейнічала, што на бальконе ўжо зьявіліся два відэаапэратары, якія здымалі на камэры. Усё, што адбывалася ў Авальнай залі, фіксавалася — патрапілі б на стужку і твары тых, хто прыклаў бы да нас рукі.
Убачыўшы, што падначаленыя не зьбіраюцца выконваць загад, Цесавец і Каралёў самі вырашылі паспрабаваць выцягнуць хоць некалькі дэпутатаў — так бы мовіць, паказаць падначаленым, што з намі няма патрэбы цырымоніцца. Яны спрабавалі выцягнуць з крэслаў спачатку Барыса Гюнтара, потым Ігара Герменчука, але мы ўзяліся за рукі і не аддалі ім сваіх таварышаў.
Пакуль ішла тузаніна зь Цесаўцом і Каралёвым, група сапёраў пад кіраўніцтвам палкоўніка са спэцыяльнай тэхнікай пачала мэтар за мэтрам аглядаць Авальную залю — шукалі «бомбу». Былі і службовыя сабакі (здаецца, дзьве).
Далей — зноў цытую уласнае сьведчаньне з газэты «Свабода».
Навумчык: «А 23-ай гадзіне, калі ў залю ўвайшла прэзыдэнцкая ахова, Радкевіч знаходзілася за сталом старшыні ВС (бо менавіта на ім была настольная лямпа) і працавала над рэпартажам. Рукі ёй не круцілі, але выцягнулі з дыктафона касэту. На нашыя патрабаваньні вярнуць журналістцы яе рабочы матэрыял, ахоўнік адказаў катэгарычным: „Не“. Гэта — парушэньне правоў журналіста, зафіксаваных у шэрагу міжнародных дакумэнтаў. Празь некалькі хвілінаў Алену Радкевіч вывелі з залі і затрымалі.
Каля паловы першай ночы мы атрымалі інфармацыю, што Алена Радкевіч не вярнулася дахаты: яе апытвалі ў памяшканьні аховы. Некалькі дэпутатаў сышлі на першы паверх. Зрабіць гэта было вельмі проста, бо ўсе дзьверы былі адчыненыя. Міліцыя нават прапанавала мне выйсьці на плошчу, праўда, без гарантыяў вяртаньня ў залю (потым я буду дзякаваць Богу, што ня выйшаў, бо назад бы мяне ўжо не ўпусьцілі, далейшыя падзеі адбыліся б без мяне, і я ня ведаю, як я глядзеў бы ў вочы калегам-дэпутатам. Дый увогуле, як я глядзеў бы ў вочы людзям — удакладненьне 2015 году.) За цэнтральнымі дзьвярыма стаяла група журналістаў — інтэрвію давялося даваць праз зачыненыя шкляныя дзьверы. Журналісты паведамілі, што ў двор Дома ўраду праехаў картэж і ў прэзыдэнцкіх пакоях запалілася сьвятло. Вяртаючыся па левай лесьвіцы, я зазірнуў за фіранкі — на пляцоўцы перад прэзыдэнцкім пад’ездам стаяў „Мэрсэдэс“, побач — міліцэйскія машыны. Шпіль для сьцяжка быў пусты (ня ведаю, якім чынам Лукашэнка зрываў ненавісны яму сымбаль). Між іншым, празь некалькі хвілінаў прэзыдэнцкі лімузін бачыў і Алег Трусаў. Знаходжаньне Лукашэнкі ў Доме ўраду — яшчэ адно пацьверджаньне, што ні ў якую „бомбу“ яны ня верылі. Натуральна ж, Вярхоўны галоўнакамандуючы ня мог сабе адмовіць у задавальненьні асабіста кіраваць апэрацыяй па ўзброенай дэпартацыі сваіх палітычных апанэнтаў».
Вярнуўшыся ў Авальную залю, я папрасіў у Ігара Герменчукацыгарэту, хаця і не палю. Мы выйшлі ў калідор, які вёў да памяшканьняў, што месьцяцца за франтальнай сьцяной (за прэзыдыюмам). Дзьверы ў адзін з пакояў былі адчыненыя, і адтуль чуліся жаночыя галасы. Падышлі — і ўбачылі машыністак, якія здымалі з магнітафонных стужак тэкст для стэнаграмы сэсіі. Жанчыны звычайна працавалі ў некалькі зьменаў, ня быў выключэньнем і той дзень (дакладней, ужо ноч) — дзіўным было хіба тое, што працавалі яны, калі верыць Цесаўцу і Каралёву, пад пагрозай сьмерці, у памяшканьні, якое ў любы момант магло ўзьняцца ў паветра ад выбуху бомбы. Тады як у выпадку рэальнай пагрозы менавіта жанчын трэба было эвакуаваць у першую чаргу. І гэта зрабілася для нас яшчэ адным пацьверджаньнем: ніякай «бомбы» няма, яе прыдумалі.
12 красавіка 1995 г. , 00.41. Сапёры завяршаюць сваю працу, пратакол ад дэпутатаў падпісваюць Алег Трусаў і Барыс Гюнтар.
Мы вырашылі, што можна легчы адпачыць — тут, на падлозе, тым больш, што яшчэ пад вечар нам прынесьлі спальныя мяхі. Дамовіліся па чарзе дзяжурыць — першым быў Лявон Дзейка.
Спачатку я вырашыў уладкавацца ля прэзыдэнцкай трыбуны — тут нікога не было, бо ўсе леглі ўнізе, ля трыбуны цэнтральнай. На пюпітры быў стос брашураў, якія раздавалі дэпутатам; атрымліваў іх і Лукашэнка. На праектах «Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу» і Праграмы выхаду з эканамічнага крызісу былі пазнакі Лукашэнкі ад рукі — выглядае, тэзісы да выступу. У тым ліку — «Мы накануне зимы. Идут игры», «Только поддержка моих предложений многих заставит работать!». Выглядала, ляжалі гэтыя брашуры яшчэ з восені, патрэбы ў іх ужо ў Лукашэнкі не было. Ды хай бы й была. Я, грэшны, забраў іх сабе. Але ня ў якасьці сувэніру — а каб з часам знайсьці экспэрта-графоляга, які б па почырку мог вызначыць псыхічныя асаблівасьці аўтара гэтых нататак. (Увосень 1994-га я выносіў у Вярхоўным Савеце прапанову аб стварэньні адмысловай камісіі па вывучэньні псыхічнага здароўя Лукашэнкі, але яна не была прынятая. Аднак пра тую ініцыятыву напісала «Советская Белоруссия», што ўжо праз год будзе выглядаць неверагодным.)
Але нешта ніяк не ўдавалася мне заснуць на гэтым месцы, дзе апошнія некалькі месяцаў гадзінамі прысутнічаў Лукашэнка, дзе, здавалася, застаўся ягоны дух. І сапраўды, у Авальнай залі было ня холадна, але ля прэзыдэнцкай трыбуны дзьмуў такі моцны скразьняк, што можна было падумаць — гэта нейкія інфэрнальныя сілы ня хочуць, каб я там заставаўся. Я спусьціўся ўніз, да цэнтральнай трыбуны, і ўлёгся на падлозе, здаецца, каля Сяргея Антончыка і Валянціна Голубева.
Мне ўсё ж удалося заснуць — але падалося, што сон цягнуўся некалькі сэкундаў.
Пабудзіў голас Валянціна Голубева.
02.35. Голубеў адчуў, як паветра нібыта калышацца — так бывае, калі непадалёку рухаецца вялікая маса людзей. Валянцін таксама пачуў гук, які можа распазнаць толькі той, хто служыў у войску. І каму знаёмы гэты спэцыфічны, ні з чым не параўнальны ляскат, калі мэталёвае зьвяно рэменя дакранаецца да мэталу аўтамата. Гэты гук ня зблытаеш ні з чым. Ён выразны, але нягучны. Я ня ведаю, як Валянцін пачуў яго празь дзьверы. Магчыма таму, што ў Авальнай залі была поўная цішыня. А можа быць, у яго, як і ў мяне, гэты гук стаіць у вушах з тых дзясяткаў разоў, што даводзілася хадзіць у войску ў каравул. У начным зімнім лепельскім лесе гэты ціхі гук быў чуваць за дзясяткі мэтраў. Верагодна, пачуў бы, распазнаў бы яго і я — калі б не заснуў. Валянцін прачыніў дзьверы ў фае і ўбачыў, што яно поўнае людзей у вайсковай форме з аўтаматамі, імі была запоўненая ўся прастора, іх было некалькі сотняў (пазьней налічаць 600 чалавек — гэта па 30 на кожнага з нас). Шмат хто быў у плястмасавых шаломах, іншыя — у супрацьгазах і рэсьпіратарах. Непасрэдна перад Голубевым быў вайсковец з кулямётам. (Навошта быў кулямёт — мне не зразумела і сёньня. Я разумею, навошта «калашнікавы» — з аўтаматаў нас можна было хутка і надзейна, не пакідаючы параненых, расстраляць. Кулямётам жа можна было толькі ператварыць сьцяну ў Авальнай залі ў друз.)
Пазьней мы зразумеем, як важна было тое, што Валянцін прачнуўся, што ён нешта адчуў, што пайшоў паглядзець за дзьверы: паводле аднаго са сцэнароў (і пра гэта назаўтра ўскосна прагаворыцца Лукашэнка), у Авальную залю павінен быў быць пушчаны ўсыпляльны газ; нас бы вынесьлі адтуль, паклалі б на падлогу пустыя пляшкі з-пад гарэлкі, зьнялі б гэта на тэлекамэры і паказалі па тэлебачаньні (нешта падобнае — прычым са шпрыцамі нібыта з-пад наркотыкаў — зрабілі пасьля разгону намётавага гарадка на Плошчы ў 2006 годзе). Маглі быць і варыянты: газ мог дзейнічаць не ўсыпляльна, а ап’яніць, нас бы зьнялі на камэры, і відовішча па тэлебачаньні было б яшчэ больш цікавым. Тое, што зрабіў далей Голубеў — сарвала падобныя пляны.
Голубеў крыкнуў: «Кулямётчыкі! Пад’ём!».
(Потым некаторыя калегі будуць казаць, што Валянцін крыкнуў пра аўтаматчыкаў. Зусім магчыма. Але — «Пад’ём!» ён крыкнуў дакладна. Гэты крык я чую, нібыта ён прагучаў толькі што.)
Да дзьвярэй падбег Алег Трусаў — і пацьвердзіў, што так, у фае — вайскоўцы.
Імгненна Авальная заля асьвяцілася. Мы пасьпелі апрануцца і сесьці туды, дзе былі раней — у правым сэктары прэзыдыюму — некалькі гадзінаў перад тым. Адчыніліся цэнтральныя дзьверы, па праходзе да нас ішлі трое.
02.48. Ігар Гермянчук: «У залю ўвайшлі Цесавец, Каралёў і зь імі невядомы чалавек у паўвайсковым адзеньні (пазьней я апазнаў у ім Юрыя Бародзіча, у той час камандзіра „Альфы“, потым — начальніка службы аховы Лукашэнкі — С.Н.). „Вам даецца пяць хвілін, каб пакінуць памяшканьне. Не губляйце часу“, — заявіў Цесавец. Ад нас яны пачулі ранейшы адказ. Цесавец нахабна кінуў: „У вас засталося тры хвіліны“. Пасьля гэтага яны разьвярнуліся і пайшлі на выхад».
02.51. Цесавец даў каманду, і ў момант расчыніліся ўсе дзьверы, у залю ўварваліся прыкладна 200 чалавек: першымі да нас беглі грамілы ў чорных масках і цёмных камбінэзонах, за імі — спэцназаўцы ў шлёмах, рэсьпіратарах і з дубінкамі, а па пэрымэтры залі стаялі аўтаматычкі».
Тут спыню цытаваньне Ігара і ўдакладню слова «беглі». Людзі ў чорных масках і такіх самых чорных трыко ня проста беглі па праходзе — некаторыя зь іх скакалі па крэслах, перакульваліся ў паветры, рабілі нейкія акрабатычныя нумары і выкрыквалі нешта падобнае на «Кья!» — напэўна, гэта рабілася адмыслова, каб увесьці нас у стан шоку.
А магчыма, яны накручвалі самі сябе. Потым тагачасны першы намесьнік старшыні КДБ генэрал Валер Кез прызнаецца, што гэта былі афіцэры спэцпадразьдзяленьня КДБ «Альфа». У кожным разе, падскокі працягваліся літаральна дзесяць-пятнаццаць сэкундаў; яны ўскочылі да нас, у правы сэктар прэзыдыюму.
Пазьняк: «У залю пасыпаліся людзі ў чорных масках і чорным адзеньні. Яны ляцелі на нас, як зграя варон. Іх было вельмі шмат».
Гермянчук: «Накінуліся з усіх бакоў. Выцягвалі спачатку тых, хто сядзеў з краю. На Пазьняка адразу ўскочылі трое, пачалі душыць, круціць галаву, упершыся пальцамі ў вочы».
Беленькі: «Той у трыко, што бег наперадзе, зрабіў ў паветры нешта накшталт сальта і ўдарыў нагамі ў грудзі Пазьняка».
Пазьняк: «Пярэднія маскі сходу скочылі на бар’ер і, пераскокваючы празь пярэдніх дэпутатаў (я сядзеў, здаецца, у другім ці трэцім радзе), кінуліся на мяне, топчучы нагамі і хапаючы рукамі. З аднаго я садраў маску. Пад ёй быў азлоблены тып гадоў трыццаці з чорнымі валасамі і вачыма — характэрны мангола-расейскі твар. Тады на мяне накінуліся ўтрох і пачалі тахціць нагамі, стараючыся запіхнуць пад лаву».
Навумчык: «Пазьняк сядзеў перада мной, і я бачыў, што яго білі з асаблівай жорсткасьцю. Адзін „гарыла“ ўдарыў яго нагой у грудзі, другі круціў галаву і ціснуў вочы. Потым, калі выводзілі, Пазьняка білі аб сьцяну. Судова-мэдычная экспэртыза зафіксавала ў яго пяць пашкоджаньняў рознай цяжкасьці».
Баршчэўскі: «(Чалавек у чорнай масцы) схапіў яго (Пазьняка) і спрабаваў выдавіць яму вока».
Пры гэтым Пазьняк здолеў нейкім чынам сарваць з таго маску — як і Ігар Гермянчук.
Гермянчук: «Пакуль дацягнуліся да мяне, удалося сарваць некалькі масак».
Баршчэўскі: «Бакавым зрокам убачыў, як Ігар Гермянчук сарваў усё ж такі маску з аднаго „малпападобнага“, і той... імгненна адбег убок і кінуўся на падлогу!»
Такое дзеяньне чалавека ў масцы выглядала лягічна: ён ведаў, што вядуцца відэаздымкі (здымалі як мінімум тры апэратары, два — на бальконе і адзін — у партэры Авальнай залі), усьведамляў, што робіць злачынства, і не жадаў, каб яго апазналі. У словах Лявона Баршчэўскага няма ніякай супярэчлівасьці з тым, што кажа Ігар Гермянчук, які піша, што сарваў маску зь некалькіх (а не з аднаго) асобаў у чорным — Баршчэскі пасьпеў ўбачыць толькі аднаго, бо далей...
Баршчэўскі: «Людзі ў чорным імгненна закруцілі мне рукі за сьпіну, прычым так, што мой падбародак апынуўся ніжэй каленяў. Мяне пацягнулі паўкругам папярэчнага праходу, што ішоў уздоўж задняга шэрагу дэпутацкіх крэслаў. Каля крэслаў ланцугом стаялі вайскоўцы ў камуфляжы і поўнай амуніцыі, і кожны зь іх імкнуўся ботам пацэліць мне ў твар. Шмат каму гэта ўдавалася, з разьбітага твару ішла кроў».
Беленькі: «Прынамсі, аўтаматчыкі былі ўжо без рэсьпіратараў. Мяне схапілі ззаду за горла і сталі душыць, потым моцна заламалі левую руку, пры гэтым парвалі мне паліто. У залі чуліся крыкі, гукі ўдараў, шум...»
Пазьняк: «Потым падскочылі яшчэ і выцягнулі мяне ў праход. Двох трымалі за рукі, а трэці чамусьці стараўся выціснуць мне вочы пальцамі ў шархаватай пальчатцы. Я круціў галавой, не даючы падонку зрабіць бандыцкі прыём. Прыём яму ня ўдаўся. Сарваў мне толькі скуру ля пераносіцы. Мне заламалі рукі і пацягнулі да дзьвярэй».
Гермянчук: «Удар у сьпіну, схапілі і пацягнулі (за рукі за ногі). У нейкі момант удалося вырваць адну нагу. Тады схапілі ўжо чалавек шэсьць. Нейкі падонак пачаў біць кулаком у твар. Адчуў, што палілася кроў...»
Мікалай Крыжаноўскі: «Мяне схапілі, закруцілі рукі, выбілі левае плячо».
Скруціўшы нам рукі, людзі ў чорных масках перадавалі нас спэцназаўцам, кожнага цягнулі да дзьвярэй тры-чатыры спэцназаўцы, яшчэ некалькі дзясяткаў стаялі ўздоўж сьцяны Авальнай залі — яны і білі нас нагамі ў твар ці ў жывот.
«Адны зь дзьвярэй адчыняюць галавой каардынатара парлямэнцкай Апазыцыі. («Пагоня»).
Прыгаданым каардынатарам Апазыцыі БНФ быў я, далей ізноў працытую уласны запіс тых дзён.
Навумчык: «Я якраз належу да тых нешматлікіх, каму дасталася менш. Бо сядзеў у цэнтры, і калі зьлева пачалі круціць дэпутата Беленькага, спрабаваў нешта даказваць ім пра „дэпутацкі імунітэт“. Аднак хутка аказаўся са скручанымі рукамі. Потым так і валаклі да самага „варанка“. (Сапраўды, якраз маёй галавой адкрылі цэнтральныя дзьверы ў Авальную залю, якія чамусьці былі прычыніліся — мяне цягнулі ці то трое, ці то чацьвёра, і выбілі дзьверы маёй галавой як таранам — здаецца, нават зламалі замок, але паколькі я пішу гэтыя радкі, галава аказалася мацнейшай за дзьверы — удакладненьне 2015 г ). Але пасьпеў убачыць, як білі дубінкаю па сьпіне Віталя Малашку, Мікалая Крыжаноўскага з крэсла выцягвалі за шыю. Перада мной валаклі Беленькага — адзін зь „пятністых“ спэцназаўцаў падскочыў і нагой ударыў яго ў жывот».
«Дэпутатаў б’юць прафэсійна: па нагах і нырках, а спускаючы зь лесьвіцы, яшчэ і аб поручні» («Пагоня»).
На Мікалая Аксаміта наваліліся некалькі чалавек у чорных масках, адзін гэтак моцна скочыў на сьпіну, што Мікалай страціў прытомнасьць (яго і вывалаклі з Авальнай залі апошнім).
Баршчэўскі: «Мяне павалаклі долу па сходах, што вялі да выхаду ў задні двор Дома ўраду. Там стаялі „уазікі-варанкі“ з адчыненымі заднімі дзьвярыма. Мяне падцягнулі да адных дзьвярэй і, нібы бервяно, укінулі ўсярэдзіну машыны».
Пазьняк: «На лесьвіцы ўсюды ланцугом уздоўж сьцен стаялі міліцыянэры. Калі бандзюгі вялі мяне па сходах, то раз-пораз стараліся з размаху ўдарыць аб сьцяну, а падонак, які ішоў з тылу, увесь час біў мяне чаравікамі па нагах. Пад ганак падагналі адчынены хапун, і я, зразумеўшы, што можа быць, рэзка вырваўся і сам ускочыў ў кадлуб, не даючы магчымасьці ім кінуць мяне на жалезную падлогу».
Беленькі: «Мяне пацягнулі, скруціўшы так, што галава знаходзілася на ўзроўні каленяў. Выцягнулі ў двор, там шыхтом стаялі аўтаматчыкі. Пакуль цягнулі ўздоўж шыхта, разоў можа сем ударылі дубінкамі. Там, у двары, у канцы шыхта, стаялі міліцэйскія „газікі“. Калі падцягнулі да машыны, тыя што мяне цягнулі (апранутыя ў скураныя курткі), перадалі мяне міліцыянтам. Чалавек у цывільным, які аддаваў каманды, стукнуў мяне кулаком па патыліцы і выгукнуў перад адчыненымі дзьвярамі „газіка“: „З разьбегу закідвайце!“ Але мне тут пашэнціла, мяне закінулі без разьбегу, бо калі б з разьбегу, галавой аб сьценку машыны...»
Навумчык: «Нас кідалі па чатыры-пяць чалавек у жоўтыя „варанкі“, прычым кідалі пераважна галавою ўперад. Нумар майго „варанка“ быў 09-03 МИМ. Высадзілі нас у цэнтры гораду. Аляксандра Шута перад тым, як выпусьціць, яшчэ раз жорстка зьбілі дубінкамі».
Гермянчук: «Мяне кінулі ў жоўты міліцэйскі „ўазік“ уперад нагамі. Бразнулі дзьверы, і машына выехала ў горад. Нас было пяцёра: Садоўскі, Трусаў, Баршчэўскі, Шут і я. „Хто дзе жыве?“ — запытаўся чалавек у скуранцы, які сядзеў побач з кіроўцам. Мы заявілі, каб вёз у Пракуратуру Рэспублікі. Такі варыянт яму, безумоўна, не падабаўся, але ў рэшце рэшт мы ўсё ж пад’ехалі да пракуратуры. Выклікалі дзяжурнага пракурора. Прыехала хуткая дапамога».
Баршчэўскі: «Як высьветлілася пазьней, нашая „пяцёрка“ дэпутатаў, дамогшыся неадкладнага звароту ў пракуратуру, крыху сапсавала першапачатковыя пляны арганізатараў садысцкай акцыі. Знаёмыя супрацоўнікі тагачаснай аховы Дома ўраду пазьней расказвалі некаторым калегам — дэпутатам, нібыта каля 4 гадзін 30 хвілін той самай ночы дзяжурны па Доме ўраду атрымаў званок ад нейкага быццам бы „сьведкі“, які сказаў, што ў раёне плошчы Незалежнасьці адбываецца бойка паміж людзьмі, некаторых зь якіх ён раней „бачыў па тэлевізары».
Такім чынам, калі б у пракуратуры не была зафіксаваная заява дэпутатаў — на раніцу краіна прачнулася б пад паведамленьне радыё і тэлебачаньня, што дэпутаты-фронтаўцы ўчынілі бойку зь «нявыяўленымі асобамі» альбо нават паміж сабой: адсюль у іх і кровападцёкі — які спэцназ, якая «Альфа»? Сцэнароў, як выглядае, было некалькі. Невядома, хто канкрэтна іх распрацоўваў, але можна з абсалютнай пэўнасьцю сьцьвярджаць, што Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцынтрымалі «апэрацыю» пад сваім непасрэдным кантролем.
04.00. Усіх дэпутатаў раскідалі ў розных месцах гораду, але, не дамаўляючыся пра гэта папярэдне, мы сабраліся ля гатэлю «Кастрычніцкі». Пайшлі ў так званую «лечкамісію», якая месьцілася непадалёку, на Чырвонаармейскай. Я патэлефанаваў свайму сябру, карэспандэнту «Известий» Аляксандру Старыкевічу, ён імгненна прыехаў і прысутнічаў пры мэдычным абсьледаваньні.
Баршчэўскі: «Дактары „лечкамісіі“ гаварылі нам, што фіксуюць нашыя пабоі, выразна ўсьведамляючы сабе магчымыя нэгатыўныя для сябе наступствы».
Калі мы выходзілі зь лечкамісіі, ужо было сьветла.
Надыходзіў новы дзень — ва ўжо іншай краіне.
Быкаў: «Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта»
Начныя падзеі ў Авальнай залі 11-12 красавіка 1995 году, на думку некаторых аглядальнікаў, зафіксавалі пераход да новага этапу ў найноўшай гісторыі Беларусі. Але пра ацэнкі палітыкаў і палітолягаў — пазьней, цяпер — пра тое, як зрэагавалі літаральна ў першыя ж гадзіны пасьля зьбіцьця дэпутатаў беларускія пісьменьнікі.
Прывяду два тэксты — паэта і празаіка. Абодва прагучалі ў тыя дні на хвалях Свабоды.
12 красавіка 1995 году Сяржук Сокалаў-Воюш, які тады працаваў у мюнхэнскай рэдакцыі Радыё Свабода, напісаў верш і даслаў яго факсам у Менск — і мы з калегамі-дэпутатамі прачыталі такія радкі:
Галодным — спагада, сытым — праклён,А галадаючым — нізкі паклон,А галадаючым — слава і плён...«А хто гэта іх, не адзін мільён...»?Бяда? гора?Брыда й гонар,Брыда: і здрадніцтва,І адступніцтва.Брыда варожасьціІ падкупніцтва,Гонар за собскасьць,за люд,за нацыю,хай задураную,абылганую,алене памерлую,не заганную,Якая раптам на каранацыюБрыду прывяла праз давернасьць натуры,А тэйЗахацеласяДыктатуры...Галодным — жаль мой,Сытым — мой стрэл,А галадаючым — мой жа ўдзел.«Чаго ж» ізноў «захацелась» нам? —Прыйсьці ў заўтра, а не ўварвацца,На зло «господам» і на зло «панам» —ЛЮДЗЬМІ ЗАВЁМСЯ —НАРОДАМ ЗВАЦЦА!Галодным — заклік,Сытым — гразьба,А галадаючым — цьвёрдасьць раба,Што скінуў кайданы з рукІ ёрмы з гарба... касьба й малацьба...Бязьмежнасьць жыцьця...АЎ гэтай бязьмежнасьціЁсьць унікальнасьць!Няма зьліцьцяВорага Незалежнасьці.12 красавіка 1995 году, Мюнхэн.
Вестка пра тое, што адбылося ў Авальнай залі, разышлася па Менску імгненна. Калі я вярнуўся дахаты, каб хоць некалькі гадзінаў паспаць, патэлефанаваў Уладзімер Арлоў. Празь нейкі час давялося яшчэ раз пераказваць абставіны падзеяў у Авальнай залі — пазваніў Васіль Уладзімеравіч Быкаў.
І неўзабаве на хвалях Свабоды прагучаў быкаўскі камэнтар (пазьней яго зьмясьціла газэта «Свабода», са скарачэньнем; я падаю тэкст так, як яго прачытаў Быкаў):
«Вельмі хацелася б памыліцца, згледзець усё як эпізод у няпростых калізіях палітычнага змаганьня на Беларусі, але, здаецца, памыліцца тут немагчыма. Тое, што адбылося ў апошнія дні, ёсьць ня што іншае, як прэлюдыя фашыстоўскага перавароту, калі група асобаў учыняе крывавую лазьню ў сьценах парлямэнту і захоплівае ўсю паўнату ўлады ў краіне.
Адбылося тое, што нядаўна адбывалася хіба што ў шэрагу лацінаамэрыканскіх краінаў, у чорнай Афрыцы, некаторых краінах Азіі. Але што цікава: нідзе той дыктатарска-фашыстоўскі рэжым не затрымаўся надоўга. У крайнім выпадку, яго хутка зьмяняў такі ж, хоць і пад іншым кіраўніцтвам, які ставіўся да сваіх папярэднікаў гэтак сама бязьлітасна, як тыя ставіліся да сваіх. У нас жа вельмі непрыемна і нават страшна, што ўсё тое інсьпіравана зьверху, пад кіраўніцтвам быццам бы дэмакратычна абранага прэзыдэнта, у руках якога і без таго засяроджана вялізарная сіла.
Раней ён тую сілу праз сваю славутую «вэртыкаль» пагрозьліва рэалізоўваў на плошчах ды вуліцах, якія захапілі ўзброеныя фармаваньні зь іхняй тэхнікай, як гэта было 9-га красавіка, з арыштам кожнага, хто ў дзень угодкаў БНР адважваўся ўзяць у рукі беларускі нацыянальны сьцяг. Цяпер іх судзяць у розных судах сталіцы.
Але самае на ўвесь сьвет ганебнае ён учыніў у парлямэнце, калі прымяніў сілу да жменькі непакорнай апазыцыі. Нават кішэнны па сутнасьці, паслухмяны і пракамуністычны Вярхоўны Савет стаў для яго перашкодай.
Але перашкодай на шляху — куды? Ведама ж, для ўстанаўленьня асабістай дыктатуры, каб «усур’ёз і надоўга». Сёньня ён перамог рукамі «гарылаў» у чорных масках. Ужо пэўна, што на Беларусі ня будзе парлямэнту, ня будзе дэмакратычных выбараў, зьнікнуць рэшткі вольнае прэсы.
Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта, а як кіруе хунта — мы добра ведаем зь нядаўняга вопыту. Беларусь падае яшчэ глыбей у прорву палітыка-эканамічнага крызісу, на выйсьце зь якога страчваюцца апошнія спадзяваньні.
Што ж, можна хіба павіншаваць беларусаў зь мінулымі выбарамі.
Горай — ня зробіш. Для сябе, для грамадзтва, для нашчадкаў — таксама".
Апошнімі — па тым часе — былі выбары 1994 году, на якіх прэзыдэнтам краіны быў абраны Аляксандар Лукашэнка".
Відэа Сяргея Чырыка