Навумчык: «Лёс нацыі, будучыня пакаленняў беларусаў былі кінутыя пад амбіцыі "маладых ваўкоў"»

Сяргей Навумчык у сваім ТГ-канале згадвае, як 30 гадоў таму дэпутаты ўвялі пасаду прэзідэнта.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Сёння — трагічная дата ў гісторыі Беларусі, пра якую мне нагадалі журналісты «Белсата», звярнуўшыся па каментар. 30 гадоў таму, 2 сакавіка 1994 года, Вярхоўны Савет прагаласаваў за ўвядзенне ў Канстытуцыю пасады прэзідэнта. Тым самым адкрыўшы шлях да дыктатуры.

Нагадаю, што тры гады — з вясны 1991 — дэпутатам Апазіцыі БНФ на чале з Пазняком удавалася блакаваць пытанне пра прэзідэнцтва, якое выносілася спачатку камуністамі, потым кебічыстамі. Прэзідэнцтва не набірала належнай колькасьці галасоў (2/3). Як член Канстытуцыйнай камісіі, дакладна ведаю, што яшчэ на пачатку 1993-га праект Асноўнага закона не прадугледжваў прэзідэнцтва. А ў прэамбуле згадаваліся ВКЛ і БНР як падмуркі дзяржаўнасці сучаснай Беларусі.

Але ў пэўны момант Кебіч у справе прэзідэнцтва атрымаў саюзнікаў. За прэзідэнцтва выступілі дэпутаты Дэмклюба («умераныя дэмакраты») на чале з Шушкевічам. За прэзідэнцтва выступіў Карпенка (плюс 10-15 дэпутатаў яго фракцыі «Згода»). І, нарэшце, каманда «маладых ваўкоў» – Ганчар, Булахаў, Шэйман, Сініцын, Шыпко, Кучынскі, якія зрабілі стаўку на Лукашэнку.


Глядзіце таксама

І хай бы яшчэ яны не ведалі, што робяць – але ж мы, дэпутаты БНФ, прыводзілі аргументы, угаворвалі, хіба што ў нагах не валяліся ў Ганчара і Булахава, Шушкевіча і Карпенкі, пераконваючы, што нельга ўводзіць прэзідэнцтва, што яно непазбежна прывядзе да дыктатуры, што Беларусі трэба яшчэ пяць-шэсьць гадоў парламенцкай дэмакратыі, каб сфармавалася грамадзянская супольнасць, каб умацавалася партыйная сістэма, каб вырасла (уступіла ў электаральны ўзрост) пакаленне, пазбаўленае закладзеных камуністычнай сістэмай рэфлексаў.

Але нічога гэтага не жадалі чуць яны.

Я перакананы, што, як бы яны ні тлумачылі матывы сваіх дзеянняў постфактум, рэальным фактам было і застаецца прэваляванне іх асабістых амбіцый. Імі кіравалі амбіцыі і себялюбства. Яшчэ раз: імі валодалі амбіцыі, больш — нічога. Амбіцыі — гэта натуральная якасць палітыка, але ў гэтым выпадку пад іх абсалютна безадказна быў кінуты лёс нацыі, будучыня пакаленняў беларусаў. І як мы бачым сёння — магчыма, і сама Беларусь, якая проста можа знікнуць з геаграфічнай мапы і не аднавіцца на ёй ніколі.


Глядзіце таксама

І асаблівая адказнасць — на «маладых ваўках», якія цягам чатырох гадоў бачылі (амаль штодня!) усю ублюдачнасць і мярзотнасць чалавека, якога яны вылучылі кіраваць нацыяй з тысячагадовай гісторыяй. І адзінае, што апраўдвае іх (калі такое можна апраўдаць), — што былі Ганчар, Булахаў, etc. толькі марыянэткамі ў руках антыбеларускіх сілаў, кіруемых Масквой. Толькі гэта хіба, хаця б часткова, можа іх апраўдаць — бо інакш няма ім даравання перад пакутным лёсам Беларусі і беларускай нацыі.

Горкі дзень, сумны юбілей, які, аднак, прымушае зрабіць урок: не паддавацца эфектным словам і заманлівым абяцанням. Шлях да свабоды, да вольнай Беларусі будзе няпростым — але нацыя з тысячагадовай гісторыяй пераадолее яго.