Сысці з жыцця ці застацца жыць?
Сёння — Сусветны дзень прадухілення самагубстваў. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, гэтая праблема ў нашай краіне стаіць вельмі востра. І выглядае на тое, што будзе толькі пагаршацца.
Такія тэксты не хочацца пачынаць з банальшчыны кшталту «кожны чалавек хоць раз у жыцці...» — нягледзячы на тое, што гэта будзе, хутчэй за ўсё, праўдай і кожны чалавек насамрэч хоць раз у жыцці думаў пра самагубства.
Думка, страшная па сваёй сутнасці, чалавеку несвабоднаму дае адчуванне свабоды: калі абставіны становяцца невыноснымі, прынамсі, я магу гэта скончыць. «Я магу» ў сітуацыях, калі немагчыма нічога, становіцца выратавальным кругам, самым дарагім, што трымаюць на «чорны дзень» і раўніва аберагаюць ад вачэй і вушэй іншых.
Маё першае «я магу» здарылася ў шаснаццаць. Калі дарослых няма побач, падлеткі вымушаныя спраўляцца самі, а ў іх, аголеных, як правады, усё ўпершыню і як у апошні раз. Я не мог больш бачыць скандалы і бойкі бацькоў, сяброў асабліва не было, не было з кім падзяліцца, бо пра такое ўголас звычайна сорамна. Звычайна сорамна сказаць, што не хапае любові.
Так і жыву: калі самота накрывае, прыходзяць яны — думкі, што я магу гэта скончыць. І тады ўжо не так складана, іх трымаеш у галаве да моманту, які будзе «самым страшным». Я гэты момант сабе нават не ўяўляю, не ведаю, што павінна такога здарыцца, але затое аказваецца, што, апроч яго, усё астатняе можна перажыць.
Суіцыд — настолькі табуяваная тэма, што пра гэта немагчыма пагаварыць нават з сябрамі: адразу вырастае сцяна з «Ну ты чаго?», «Кідай дурное», «Ай, давай не будзем пра такое». А пасля глядзіш статыстыку — і ўжо не здзіўляюць гэтыя страшныя лічбы, з якіх складаецца агульная карціна самоты, адчаю і непаразумення.
Яшчэ са школы я быў упэўнены, што ў нас усё стабільна добра ў гэтым сэнсе, а страшнае адбываецца там, у далёкіх скандынаўскіх краінах, дзе людзям не хапае святла і цяпла, дзе на вялікіх адлегласцях можна не ўбачыць ні душы, ды яшчэ, можа быць, у Штатах — бо там зброі не мае толькі малы і дурны, і тое не заўсёды, а яшчэ яны павальна сядзяць на таблетках. З такой вось кашай у галаве я ўпершыню прыехаў у Швецыю. Справа была зімой, шэрае неба вісела над самай галавой і адчувальна ціснула на свядомасць. Ледзь не ў кожным акне гарэлі агеньчыкі. «Дзяржаўная праграма па падтрымцы людзей у халодны перыяд, калі не стае святла», — патлумачылі мне, і я тады з'ехаў, перакананы ў сваім уяўленні пра скандынаваў, адчуваючы вялікае шкадаванне да іх.
Што ж, хачу сказаць, што ідэалогія недарэмна стварае гэтыя міфы пра іншыя краіны, дзе не так свеціць сонца і нешчаслівыя людзі менш трымаюцца за жыццё. Недарэмна Белстат хавае статыстыку, бо, як гэта заўсёды бывае ў нашым перакуленым свеце, гэта мы займаем першыя радкі ў сусветных рэйтынгах. Гэта нашы людзі настолькі нешчаслівыя, што добраахвотна развітваюцца са сваімі жыццямі. Гэта мы — самыя абыякавыя да чужых праблем і перажыванняў.
У 2022 годзе на сто тысяч чалавек у нас было 16,49 выпадкаў суіцыду. У апошнія два дзясяткі гадоў гэтая лічба вар'іравалася ад 21 да 44. Толькі ўявіце сабе: на сто тысяч чалавек не знайшлося анікога, хто мог бы патрымаць за руку, пабыць побач з 16, 21, 44 чалавекамі ў іх самыя крытычныя моманты!
Гэта адны з найвялікшых паказчыкаў у Еўропе, нас апераджаюць толькі нашы суседзі: Расія (21 самагубства на 100 тысяч чалавек у 2022 годзе), Літва (20) і Украіна (17). Скандынаўскія краіны і побач не стаялі. Прычым, паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, часцей, насуперак стэрэатыпнаму ўяўленню пра падлеткаў, у нас сыходзяць з жыцця людзі ва ўзросце (больш за ўсё — мужчыны): працэнт выпадкаў суіцыду з узростам расце, а не паніжаецца — хаця, здавалася б, дарослыя людзі больш устойлівыя і маюць больш магчымасцей вырашаць свае праблемы.
Перажыўшы некалькі рэцыдываў клінічнай дэпрэсіі, я ведаю, што гэта не так. Узрост не вырашае абсалютна нічога, хутчэй наадварот: і жыццё становіцца складаней, і перажываецца ўсё глыбей, і праблемы павялічваюцца ў маштабах. А расказаць пра іх па-ранейшаму няма каму — бо ўсе мы ў сваіх шкарлупінках, і ўсе вырашаем сваё набалелае. Адзіным выратаваннем застаюцца псіхолагі, але яны пасля 2020 года так заваленыя працай, што яшчэ доўгія дзясяткі гадоў будуць разграбаць нашы ПТСРы, неўрозы і дэпрэсіі. Усё, што адбываецца цяпер, будзе мець свой адцягнены эфект — як гэта было ў 90-я, пасля распаду СССР.
Я, вядома, нічога не памятаю з тых часоў, бо быў маленькі і ведаць не мог, што адбываецца нешта незвычайнае, але пра гэта — пра вялікую хвалю суіцыду — можна прачытаць у «Часе сэканд-хэнд» Алексіевіч: людзі, чыім жыццём была савецкая ўтопія, не знаходзілі сябе ў новым свеце, гэта была трагедыя тысяч лёсаў, якія абарваліся заўчасна, таму што ім не знайшлося месца.
Траўмы бываюць рознымі. Мы ўсе былі траўмаваныя цяперашнім гвалтам і рэпрэсіямі, камусьці дагэтуль літаральна даводзіцца змагацца з начнымі кашмарамі і флэшбэкамі пасля збіцця ці згвалтавання; хтосьці не можа знайсці сябе ў эміграцыі; а камусьці, як мне, напрыклад, не па сабе ў апусцелым горадзе. Людзі з апошніх сіл цягнуць на сабе груз клопату пра тых, хто знаходзіцца за кратамі, і часам — я гэта ведаю не з трэціх рук — аддаюць апошняе, ужо нават не думаючы, дзе браць яшчэ, бо ад такіх думак хочацца лезці на сцену.
Чалавечая катастрофа, якая адбываецца на нашых вачах, толькі разгортвае свой сюжэт. І хаця мы ўсе ўжо вельмі стомленыя, нам спатрэбіцца яшчэ шмат сіл і любові, каб зло не забірала ў нас блізкіх — не толькі часова, за краты, але і назаўсёды, туды, адкуль не вяртаюцца. Любоў — адзінае, што ратуе, што дапамагае перажываць усё на свеце, нават калі не хочацца жыць. Калі камусьці не ўсё адно на тое, што з табой адбываецца і ці ёсць ты ўвогуле, гэта значыць, што самы чорны дзень яшчэ не наступіў.
Я прасіў дапамогі адзін раз у жыцці, зусім нядаўна, калі ГУБАЗіК прыйшоў па майго знаёмага — чалавека інтэлігентнага, крохкага, безабароннага, як дзіця. Я глядзеў на яго разгубленага, ледзь не плакаў ад гневу і болю, і тады зразумеў, што больш не спраўляюся, мне не хапае сіл цягнуць гэта на сабе. Дома былі блізкія, людзі, якіх я люблю, але я не мог паглядзець ім у вочы, не мог сказаць, што не вытрымліваю. Нашмат лягчэй было прыйсці да далёкіх, незнаёмых, перад якімі не сорамна быць слабым — і яны падтрымалі мяне, далі адчуць, што ім не ўсё роўна. Я пачуў столькі добрых слоў пра сябе, што доўга потым яшчэ не мог паверыць, што гэта адбываецца са мною. Так я застаўся жыць, ведаючы, як ніхто іншы, які гэта складаны выбар. І цяпер я яшчэ больш слухаю тых, хто побач са мной, бо ніколі не ведаеш, калі настане той крытычны момант, у якім чалавеку жыццёва неабходна будзе, каб яго пачулі.
Разумею, што мы ніколі не прыйдзем да грамадства ўсеагульнага шчасця. Але можна зрабіць так, каб не было патрэбы хаваць статыстыку. Каб чырвоная пляма на мапе паступова страчвала колер і ператваралася ў белую. Каб непатрэбныя былі такія словы, як «прафілактыка суіцыду» і зацяганыя тэксты ў гугле пра «дэвіянтныя паводзіны». Можна зрабіць так, каб ніхто не заставаўся адзін у сваёй бядзе і каб нам хапала любові — дзяліцца ёю з тымі, без каго наша жыццё будзе пустым.