Суіцыдальныя паводзіны — гэта крык аб дапамозе

Колькасць людзей з суіцыдальнымі паводзінамі ў нашай краіне не спад не ідзе. Аднак перад тым, як здзейсніць самагубства, чалавек праходзіць доўгі шлях, на якім яго можна спыніць і аказаць дапамогу.

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў


Суіцыдальныя паводзіны — гэта суіцыдальныя думкі, выказванні, намеры і ўчынкі. Часта яны з'яўляюцца вынікам абвастрэння хранічных псіхічных хвароб. Але не рэдкасць, як кажа псіхолаг Юлія Мяцеліца, — што гэта крык аб дапамозе псіхічна здаровых, але самотных людзей.
— Калі ўзнікаюць суіцыдальныя думкі? — разважае псіхолаг. — Калі людзі адзінокія, калі іх не зразумелі, калі іх не прынялі. Калі наступае фаза бяссілля, тады яны і здзяйсняюць самагубствы. Прытым для гэтага зусім неабавязкова быць псіхічна нездаровым.
Па словах спецыяліста, у Беларусі цяпер ёсць тэндэнцыя росту самагубстваў, прытым досыць вялікая. Аднак перад тым, як здзейсніць самагубства, чалавек праходзіць доўгі шлях, на якім яго трэба спыніць і аказаць дапамогу. Клубны дом «Адкрытая душа» ў Мінску — служба рэабілітацыі для людзей з псіхічнымі парушэннямі. Пра свой досвед суіцыдальных паводзін пагадзіліся распавесці некаторыя з тых, хто нейкім чынам быў звязаны з Клубным домам.

«Не трэба баяцца казаць пра праблему»

5hpppnvvzhi_logo.jpg


Воля мае 3-ю групу інваліднасці і парушэнне аўтычнага спектра. Аднак гэта не перашкодзіла ёй скончыць тэалагічны факультэт БДУ.
— У мяне быў вельмі цяжкі мінулы год, — узгадвае Воля. — Праз палітычную сітуацыю ў краіне я адчувала ўнутраную збянтэжанасць. Я адчула сябе пакінутай і непатрэбнай, нібыта мяне выкінулі за плот. Усё руйнавалася ўнутры… Я дайшла да такой сітуацыі, калі зразумела, што нешта трэба рабіць са сваім станам.
Волю сталі атакаваць суіцыдальныя думкі. Яна апісала гэта як пастаянны і назойлівы гул у галаве: «Раней у мяне ніколі не было суіцыдальных думак, бо я жыццярадасны чалавек…» Да канкрэтных спроб Вольга не дайшла — патлумачыла гэта тым, што яна веруючы чалавек, таму разумела, што такім чынам здзейсніць грэх.
— Блізкім я распавядала, што пачаліся праблемы з маім станам, аднак пра думкі не распавядала, — узгадвае Воля. — Яны намагаліся адцягваць ад гэтай сітуацыі.
Каб выйсці з гэтага стану, Вольга стала прыходзіць у Клубны дом «Адкрытая душа», дзе сустракаюцца людзі з рознымі псіхалагічнымі і псіхічнымі праблемамі. Там яна наведвала групу ўзаемадапамогі для людзей, якія пакутуюць на суіцыдальныя думкі. Камунікацыя ў Клубным доме, асабістыя зацікаўленасці і абарона дыплома выцягнула дзяўчыну.
— Не трэба баяцца казаць пра праблему, — у заключэнне кажа Воля. — Блізкім ці не блізкім людзям — няважна. Але варта распавесці пра свой боль. Разам справіцца прасцей. Таксама раю звярнуцца да Бога. І, канечне, не забываць, што ёсць спецыялісты, якія могуць дапамагчы.

«Было адчуванне поўнай "няжывасці"»


tcupvm_1tqy_logo.jpg

Дзмітрый Рубін — чалавек творчасці. У школьныя часы хлопец жыў у сваім свеце — з кнігамі і творчасцю — і кажа, што добра пачуваўся. Пасля паступіў у каледж, жыў у інтэрнаце. Тады і пачаліся праблемы з эмацыйным станам. «Эмацыйная плоскасць развалілася, яна не вытрымала ўсіх зменаў, якія са мной адбыліся», — узгадвае хлопец. Ён не паспеў разабрацца са сваімі праблемамі, як у сям’і здарылася трагедыя — пад электрычку трапіла старэйшая сястра.
— Я хадзіў па інтэрнаце, працягваў пісаць эмацыйныя рэчы, вельмі любіў сядзець на падаконні і... лічыў сябе патэнцыйным самагубцам. Ад апошняга крока спыняла здарэнне з сястрой, якую бацькі ўжо перажылі. Было адчуванне поўнай «няжывасці», адсутнасці... Адзінае, што магло выратаваць у такія моманты — гэта боль. Гэта прывяло да першых парэзаў на руках.
— Парэзы — гэта была спроба забіць сябе? — пытаюся ў Дзмітрыя.
— Не. Гэта была адзіная спроба застацца жывым. Гэта тое, што мяняе вектар тваіх перажыванняў. У мяне спаласаваная ўся левая рука. З гэтай рукой я праходзіў медкамісію два разы на год у ваенкамаце. І нармальна праходзіў, прынамсі, у псіхіятраў пытанняў не было.
Дзмітрый спрабаваў звяртацца да спецыялістаў. Але, па яго словах, агульнай мовы яны не знайшлі.
— Мне хапіла дактароў, якіх я праходзіў у ваенкамаце. Я кожны год запаўняў анкеты, пісаў, што думаў. Не трапляў у войска я па іншых прычынах. Але нарэшце я прайшоў. Чалавек прыехаў забіраць мяне і стаў прабачацца, што раней ніхто не чытаў маю анкету. Пасля гэтага мяне накіравалі на абследаванне ў абласны псіхіятрычны дыспансер у Гродне. Там я прабыў два тыдні. У выніку паставілі псіхічнае парушэнне і адпусцілі дадому.
Такі стан цягнуўся ў хлопца амаль дзесяць гадоў. Часам гэта згасала, а пасля — зноў пачынала нагадваць пра сябе. Апошняе абвастрэнне адбылося ў сярэдзіне лета. Але ў хуткім часе атрымалася вярнуць сябе ў папярэдні стан.
— Я не думаю, што гэта ўсё пагасла. Проста калі чалавек ведае свой арганізм, яму прасцей з ім супрацоўнічаць. Думаю, што зараз я знаходжуся ў стане рэмісіі. Ты проста памятаеш пра свой стан і выконваеш тэрапію. У маім выпадку — гэта самааналіз, вывучэнне дадатковай інфармацыі, кантактаванне з іншымі.
Дзмітрый кажа, што хоць публікаваў свае творы, але тэксты пра псіхічны стан звычайна не бяруць, расцэньваюць як прапаганду. Аднойчы праз сацыяльныя сеткі ён даведаўся, што існуе Клубны дом «Адкрытая душа», і стаў публікаваць свае тэксты на пляцоўках службы дапамогі.
Хлопцу дапамагае яшчэ наяўнасць сэнсу жыцця. У яго ён заключаецца ў тым, каб максімальна рэалізаваць свой патэнцыял. «Пакуль у мяне ёсць гэты сэнс, нягледзячы на тое, што адбываецца цяпер у краіне, у мяне ёсць магчымасць працягваць рэалізоўваць сябе. Напрыклад, менш чым за месяц я напісаў 13 апавяданняў. Мой стан стаў часткай мяне самога… Гэта дазваляе правільна ацэньваць каштоўнасці і рэчы. Гэта дапамагло мне не пераймацца з таго, што ў мяне няма працы і няма на што жыць».

Што рабіць, калі з’яўляюцца суіцыдальныя думкі?

Кожны чалавек індывідуальны, таму адказ на гэта пытанне, як і тэрапія, будуць у кожнага чалавека свае. Але ёсць базавыя рэчы, якія дапамогуць кожнаму справіцца з болем, дэпрэсіяй ці абвастрэннем хранічных хвароб.Псіхолаг Юлія Мяцеліца раіць звярнуцца да спецыяліста. Калі ў чалавека будзе выяўлена псіхічнае парушэнне, то псіхолаг абавязкова накіруе да псіхіятра.
— Калі здараюцца такія сітуацыі, то лепш за ўсё, каб псіхолаг быў асабісты, — раіць Юлія. — Ёсць моманты, калі чалавек не можа падзяліцца нечым пры ўсіх. Групавая тэрапія супрацьпаказана тым, у каго ёсць парушэнне ў вострай фазе ці абвастрэнне псіхічных хвароб.
Не варта грэбаваць «тэлефонам даверу», якіх у Беларусі шмат, у тым ліку кругласутачных. На гэтых лініях працуюць прафесіяналы. Калі чалавек на мяжы, лепш адразу набраць туды. Яны змогуць дапамагчы ў тым ліку чалавеку знайсці і патрэбнага спецыяліста, калі сам ён не можа з гэтым справіцца.

— На жаль, людзі, з такімі намерамі і думкамі рэдка даходзяць да спецыялістаў, — з сумам кажа Юлія. — Але гэта вялікая памылка. Калі блізкія, сябры заўважылі, што чалавек часта гаворыць на тэму самагубства, трэба біць ва ўсе званы. Такія людзі часцей за ўсё адчуваюць вялікі душэўны боль. Яны могуць проста жартаваць на гэтую тэму ці казаць аддалена. Як правіла, людзі ў жыцці не ўсе адчувальныя адно да аднаго, часам нам падаецца, што ён проста пажартаваў, але гэта не жарты. Часам трэба проста самім узяць і прывезці чалавека да спецыяліста.
Таксама можна звярнуцца ў Клубны дом «Адкрытая душа», які дапамагае людзям з рознымі псіхічнымі праблемамі і хваробамі, у тым ліку людзям з суіцыдальнымі думкамі.
На жаль, колькасць беларусаў з псіхічнымі парушэннямі толькі расце. Таму да праблемы мусіць быць комплексны падыход: і на ўзроўні дзяржаўных устаноў, і на ўзроўні сям’і. «Грамадства павінна быць уладкавана такім чынам, што мы мусім быць чалавечнымі адно да аднаго, недзе ставіць сябе на месца іншага», — пераканана Юлія Мяцеліца.
Клубны дом існуе на ахвяраванні. Падтрымаць службу рэабілітацыі людзей з псіхічнымі захворваннямі можна, пералічыўшы сродкі праз сістэму АРІП — аплата па кодзе паслугі 4717871.