Тэрмін утрымання ў ЛПП у Беларусі хочуць павялічыць да двух гадоў

Пра гэта, як паведамляе газета Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі «На страже», заявіў начальнік дэпартамента выканання пакаранняў Сяргей Дарошка на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. 



alko.jpg

«Першыя паўгода ў ЛПП чалавека выводзяць з каматознага стану, аднаўляюць ягоныя сацыяльныя і працоўныя навыкі, — растлумачыў сваю пазіцыю начальнік ДВП МУС. — Неабходна таксама адысці ад такога паняцця, як добраахвотнае лячэнне — яно павінна быць прымусовым, як гэта было ў часы Савецкага Саюза... Мы разумеем, што ў працы лячэбна-працоўных прафілакторыяў патрэбныя змены. Умацоўваць вытворчую базу, каб асуджаны мог сам сябе ўтрымліваць, плаціць па пазовах, тым самым памяншаючы нагрузку на дзяржаўны бюджэт».
Дарошка паведаміў, што сёння ў ЛПП утрымліваюцца амаль 6,7 тысяч чалавек. Тэрмін, які там знаходзяцца грамадзяне, — год. Паводле пастановы адміністрацыі і суда можна вызваляцца датэрмінова, праз паўгода.
«Нам грамадства выстаўляе прэтэнзіі: чаму пасля вызвалення з ЛПП многія людзі туды вяртаюцца? Або мы іх не лечым, або займаемся не тым, чым трэба? Расходная частка аднаго прафілакторыя за першы квартал гэтага года склала 11 млрд рублёў. А іх дзевяць. Гэта тая цана, якую плаціць грамадства за ізаляцыю асацыяльных людзей, спакой іх сем'яў. 82% грамадзян у ЛПП — раней судзімыя і, знаходзячыся там, яны не ўчыняюць злачынствы. Каля паловы ізаляваных паводле дэкрэта №18 абавязаныя кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей», — распавёў начальнік ДВП МУС.
naviny.by