Толькі па-беларуску мажліва паспяховая абарона правоў беларусаў

Заявіў у інтэрвью НЧ дэлегат III Беларускага парвабарончага форуму, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў.



bpf.jpg

Удзельнікі III Беларускага правабарончага форуму ў Вільні
Паводле ягоных слоў, моўныя правы разам з правамі на жыццё і на працу адносяцца да фундаментальных правоў чалавека, бо мова ёсць асноўным складнікам нацыянальнай культуры.
«Вельмі важным для росту прэстыжу роднай мовы з’яўляецца фактар урбанізацыі. Хаця спачатку гэты пасляваенны працэс нанёс шалёную шкоду беларускай мове, бо перасяленне ў гарады тысяч беларусаў з розных рэгіёнаў краіны прывяло да трасянкі і татальнай русіфікацыі, калі ўсе кіруючыя пасады займалі не беларусы, а накіраваныя ў Беларусь тысячы зрусіфікаваных асіміліраваных жахароў Расіі розных нацыянальнасцяў, які ехалі сюды “на ловлю счастья и чинов”. Але гэты асіміляцыйны працэс не стаў смяротным для беларускай мовы, бо ў гарадах выраслі новыя пакаленні рускамоўных беларусаў, якія цягам часу пацягнуліся да сваіх каранёў, сталі вывучаць матчыну мову, размаўляць на ёй і ўступаць у ТБМ. І ў сённяшняй студэнцкай моладзі нашмат большая павага да роднай мавы, чым у студэнтаў майго пакалення, калі ўсе юнакі і дзяўчаты размаўлялі толькі па-расейску. Прычым гэты працэс адбываецца на фоне зніжэння аўтарытэту рускай мовы ў свеце і росту аўтарытэту мовы ангельскай. Менавіта яна выходзіць на вядучае месца ў свеце, а ўслед за ёю ідзе мова нацыянальная», — сказаў старшыня грамадскага аб’яднання.
Галоўным дасягненнем ТБМ ён лічыць тое, што ў беларускім грамадстве, асабліва ў горадзе, стаўленне да беларускай мовы змянілася з рэзка адмоўнага на станоўчае. «Паважліва адносіцца да роднай мовы большасць жыхароў беларускіх гарадоў, чаго не скажаш, дарэчы, пра вёску. Прытым гэта ўжо сярэдні клас, прадстаўнікі якога самі пакуль не гавораць па-беларуску, але з павагаю ставяцца да яе носьбітаў. Такім чынам, ТБМ удалося зламаць тэзы савецкай прапаганды пра тое, што беларуская мова калгасная, а пасля пабудовы камунізму ўвесь савецкі народ будзе размаўляць па-руску — на мове новай камуністычнай супольнасці людзей. Але камунізму не пабудавалі, калгасы паміраюць, а родная мова жыве», — адзначыў Трусаў.
Сярод эпахальных падзей, якія з 1980-х гадоў паўплывалі на рост аўтарытэту беларускай мовы, ён назваў апошню хвалю нацыянальнага адраджэння і перабудову, дзейнасць суполак беларускай моладзі і нацыянальнай інтэлігенцыі, стварэнне БНФ і іншых дэмакратычных партый, прыняцце 26 студзеня 1990 году Вярхоўным Саветам БССР XI склікання закону аб мовах, так званую кебічаўская беларусізацыю, якая хоць і рабілася з рознымі парушэннямі, але ўсё ж такі праводзілася ў жыццё і вельмі добра ўспрымалася людзьмі.
«Пікетаў і мітынгаў супраць роднай мовы не было, і ўжо к клятаму рэферэндуму 14 траўня 1995 году 70 адсоткаў першакласнікаў навучаліся па-беларуску. Да 2000 году закон аб мовах быў бы рэалізаваны. Але тут умяшаліся “братнія” суседзі і зрабілі ўсё, каб вынішчыць нашую мову і нацыянальную сімволіку — бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Бо яны цудоўна разумеюць, што немажліва анэксія Беларусі, калі беларусы загавораць па-беларуску. Вось чаму да гэтай пары ўсё робіцца дзеля таго, каб трымаць беларусаў у моўнай залежнасці ад “старэйшага брата”. Такую імперскую тактыку асіміляцыі Расія праводзіць апошнія 500 гадоў, бо без адзінай рускай мовы імперыя існаваць не зможа і разваліцца. Але нават перажыўшы ганьбу 1995 году, людзі засведчылі сваю павагу да матчынай мовы ў перапісе насельніцтва 1999 году, калі 82 адсоткі грамадзянаў Беларусі ў якасці роднай назвалі беларускую мову. Гэта была рэакцыя здаровага беларускага арганізма на чужынскую моўную інфекцыю. І ўсе спробы ўладаў прынізіць гэты паказчык нічога не далі  нават па перапісу насельніцтва 2009 году назвалі беларускую мову роднай 56 адсоткаў грамадзян краіны. Гэтыя людзі добра разумеюць, што кожны чалавек любой нацыянальнасці, які жыве ў Беларусі доўга і не гаворыць па-беларуску, ёсць вораг беларускай незалежнасці хоча ён ці не, бо спрыяе расійскай акупацыі краіны. Спакон веку вядома, што мова  самая моцная зброя захавання незалежнасці», — сказаў Трусаў.
Ён звярнуў увагу на тое, што адна справа — адчуць прыгажосць роднай мовы, размаўляць на якой падабаецца, а другая справа — ужываць яе штодня. «І ў гэтай справе нам хопіць працы яшчэ не на адно дзесяцігоддзе», — падкрэсліў старшыня ТБМ.
Паводле ягоных слоў, сення галоўная праваабарончая мэта ТБМ — дапамагчы беларусам вярнуцца да сваіх каранёў, «каб чалавек не баяўся размаўляць па-беларуску ў любых варунках жыцця, каб людзі самі паважалі сябе і заставілі іншых паважаць нас». Так, у адносінах з дзяржавай ТБМ дамогся ўнясння зменаў ў закон аб скаргах, каб чыноўнікі адказвалі грамадзянам на мове запытаў, а таксама зменаў ў закон аб геаграфічных назвах, каб іх транслітэрацыя праводзілася менавіта з беларускай, а не рускай мовы, распавёў Алег Трусаў.
На ягонае меркаванне, калі беларусы стануць гаспадарамі ў сваёй краіне, не будзе такога, як на III Беларускім праваабарончым форуме ў Вільні, калі прадстаўнікі аўтахтоннай нацыі пачалі прыніжацца перад расійскімі гасцямі і дзеля іх адмаўляцца ад роднай мовы на карысць рускай. «А такога не павінна быць, бо моцны духам чалавек ні пры якіх абставінах жыцця не вырачыцца роднай мовы. Трэба браць прыклад з структураў Еўразвязу, дзе мае месца стоадсоткавая абарона моўных правоў прадстаўнікоў любых этнасаў і нацменшасцяў, якія выступаюць на роднай мове з сінхронным перакладам на асноўныя еўрапейскія», — сказаў старшыня ТБМ.
Ён лічыць, што пакуль беларускія праваабаронцы не стануць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь з вялікай літары, не вернуць еўрапейскія культурныя каштоўнасці і хаця б паміж сабою не загавораць па-беларуску, яны не будуць гаспадарамі ў сваім доме і не дасягнуць поспехаў у сваёй справе. «Бо наш чыноўнік вельмі паважае чалавека, які з ім гаворыць па-беларуску. У такіх варунках чыноўнік альбо сам пераходзіць на матчыну мову і яшчэ больш сам сябе паважае, альбо трапляе ў дурную сітуацыю, бо як дзяржаўны службовец абавязаны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы, а калі не ведае, дык які ён паўнавартасны чыноўнік?», — запытаўся старшыня ТБМ.
Разам з тым, паводле ягоных слоў, у апошнія гады ў праваабаронцаў змянілася стаўленне да ТБМ, як грамадскага аб’яднання, якое абараняе лінгвістычныя правы грамадзянаў. «Раней праваабаронцы паблажліва паглядалі на нас, бо лічылі, што асноўная іх задача – абарона палітвязняў. Але паспяховая правабарончая дзейнасць ТБМ праз пашырэнне кантактаў з дзяржавай, газеты “Наша слова”, “Новы час” і інтэрнэт-партал змянілі стаўленне праваабаронцаў да нашага грамадскага аб’яднання. Акрамя таго, у праваабаронства ідзе моладзь, дзе колькасць беларускамоўных значна большая, чым сярод іншых катэгорый насельніцтва. Нягледзячы на тое, што колькасць беларускамоўных школ памяншаецца, няспынна павялічваецца колькасць людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Бо гэтага патрабуе генетычная памяць беларуса і ягоная душа», — падкрэсліў Алег Трусаў.
Нагадаем, што гэты вядомы грамадска-палітычны дзеяч і навуковец на працягу 14 апошніх гадоў узначальвае ТБМ, якое ў наступным годзе адзначыць сваё 25-годдзе. Восенню 2014 года павінен адбыцца чарговы XII з’езд гэтага аўтарытэтнага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання.