Пенсіянерка з Берасця вучыць беларусаў пісаць жи-ши з Ы
Прызнавацца ў каханні кожны дзень, запрасіць сябра на гарбату, павіншаваць родных са святам на роднай мове ці прапанаваць суседу размаўляць з табой па-беларуску — пенсіянерка з Берасця вынайшла арыгінальны спосаб дасягнуць гэтых мэтаў.
Тамара Бахун зарэгістравалася прадпрымальніцай і выдае беларускія паштоўкі, якія адразу сталі папулярнымі.
— Чым больш мы выдаем — тым больш разыходзіцца, — усміхаецца жанчына.
Ідэя рабіць беларускія паштоўкі нарадзілася ў яе сына. Сяржук Бахун успамінае, як аднойчы шукаў паштоўку з Новым годам на беларускай мове і не знайшоў. Так узнікла думка: “А чаму б не зрабіць гэта самім?”.
— Уся наша сям’я ўдзельнічае ў гэтым праекце. Трэба ж і грошы зарабляць, і творчасць сваю рэалізоўваць, — гаворыць Тамара Уладзіміраўна.
Яна ўзгадвае, як аднойчы журналісты Белсата шукалі ў Мінску беларускія паштоўкі. Адзінае месца, дзе яны знайшліся, была кнігарня “Логвінаў”.
— Гэта былі нашыя паштоўкі! — кажа суразмоўца.
Калекцыя за калекцыяй выходзяць паштоўкі. Акрамя віншавальных, ёсць і спецпраекты. Напрыклад, серыя «Беларускія палкаводцы і военачальнікі зямлі Беларускай» — лікбез па гісторыі беларускага войска.
Ці паштоўкі, якія прапаноўваюць далучацца да беларускамоўных.
Ёсць паштоўкі для рамантыкаў, якія гатовыя кожны дзень прызнавацца ў каханні.
І для тых, хто хоча пасябраваць.
Беларускія паштоўкі прадаюць у брэсцкім ЦУМе, у мінскай “Акадэмкнізе” і ў іншых дзяржаўных кнігарнях.
Са слоў выдаўца, адмовілася заключаць дамову на рэалізацыю толькі “Белпошта”.
— У аддзеле маркетынга зацікавіліся, але пайшлі да начальніка, і ён сказаў: “У нас свая прадукцыя”, — тлумачыць Тамара Уладзіміраўна. — Хоць на нашыя паштоўкі паўсюль ёсць попыт. Расказваюць мне прадаўцы , што людзі шукаюць іх, каб паслаць сябрам ці знаёмым за мяжу. Сапраўды, гэта творчая праца, якая прыносіць нам такое задавальненне... Лічу, што мы робім добрую справу.
Таццяна Гусева, gazetaby.com