У 51 год паступіла ў магістратуру, каб вучыць дзяцей

«Я думала, што ўсе жывуць годна. А аказалася, што сумленныя, добрыя людзі, якія кожны дзень выконваюць вельмі адказную і патрэбную работу, атрымліваюць за яе 300—400 рублёў, на якія могуць толькі звесці канцы з канцамі…», — распавяла «Народнай Волі» Наталля Бярнацкая.
Гродзенка Наталля Бярнацкая, у якой за плячыма хіміка-тэхналагічны тэхнікум і эканамічны факультэт універсітэта, працуе няней у дзіцячым садку і ўжо больш за год навучаецца ў магістратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «педагогіка». Нехта скажа: дзіўна! Але гэта калі не ведаць няўрымслівую жанчыну…

Спачатку быў хіміка-тэхналагічны…

У Наталлі трое дзяцей. Двое ўжо маюць свае сем’і і жывуць асобна, а малодшая дачка вучыцца ў тым самым універсітэце, што і мама, толькі на іншым факультэце.

Наталля Алегаўна нарадзілася, як сама кажа, у звычайнай гродзенскай сям’і: мама — эканаміст, тата — будаўнік. Сярэднюю школу скончыла з атэстатам 4,5 бала (па 5-бальнай сістэме), але палічыла, што гэтага недастаткова, каб паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову. Таму пайшла ў хіміка-тэхналагічны тэхнікум на спецыяльнасць, куды быў самы вялікі конкурс, — «металаапрацоўка». Тэхнікум скончыла з чырвоным дыпломам.

Яшчэ са школьных часоў Наталля займалася спартыўным арыентаваннем.

— Мой трэнер Яўген Мартынавіч Далінін вельмі паўплываў на мой светапогляд. Мы дагэтуль падтрымліваем адносіны. Я і зараз займаюся гэтым відам спорту, — кажа спадарыня Наталля.

Будучы студэнткай хіміка-тэхналагічнага тэхнікума, яна брала ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах, займала прызавыя месцы. Прыслухаўшыся да парады трэнера, пасля заканчэння тэхнікума паступіла ў Інстытут фізічнай культуры ў Мінску. Дарэчы, гэта было няпроста: з дзяцінства Наталля мела праблемы з сэрцам, і здаць экзамен па шматбор’і з адным непрацуючым сардэчным клапанам, аказалася даволі праблематычна. Але здала, ува многім падмацоўваючыся верай трэнера ў яе.

— Але, калі засялілася ў студэнцкі інтэрнат, пахадзіла па яго калідорах, паразмаўляла з тамтэйшымі насельнікамі, з якімі было даволі няпроста знайсці агульную мову, я зразумела, што 5 гадоў тут не вытрымаю. Забрала дакументы і вярнулася ў Гродна, — распавядае спадарыня Бярнацкая.

Дома яе ўчынак не ўхвалілі, але ўжо тады яна была дастаткова самастойным чалавекам і сама вырашала, як ёй жыць.

Працавала на заводзе аўтамагнітол, работа і калектыў падабаліся, працягвала займацца спартыўным арыентаваннем. Выйшла замуж, з’явіліся дзеці. І надышлі 1990-я гады…

Эпоха эканамічных ведаў

Аб 1990-х спадарыня Наталля гаворыць як аб часе вялікіх магчымасцяў. Праўда, было нялёгка: заробкі на прадпрыемстве пачалі выдаваць аўтамагнітоламі, якія ніхто не хацеў набываць. Жыццё значна ўскладнілася, трэба было шукаць новыя формы існавання, нешта мяняць.

Адзінае, што тады заставалася нязменным у яе жыцці, — працягвала ездзіць на спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні.

— Нават брала паўтарагадовага сына з сабой, бо не было з кім пакінуць, — згадвае мая суразмоўніца.

Каб не думаць, як пракарміць дзяцей, трэба было мяняць асноўную працу. А грошы тады ўсе кінуліся зарабляць на рынак: прывёз тавар — прадаў — ізноў паехаў на закупы.

— Усе ездзілі ў Турцыю і Кітай, а я праз тэлефон і факс заказвала тавар у Германіі, — распавядае Наталля. — Ведала ўсе фабрыкі па вытворчасці жаночай і мужчынскай бялізны ў Германіі і Польшчы.

Бізнес паспяхова развіваўся, гандлёвыя кропкі былі не толькі ў Гродне, але і ў Мінску. Адчувала, што не хапае эканамічных ведаў, бо проста «купі-прадай» было ўжо недастаткова.

Наталля Алегаўна кажа, што не любіць плаціць грошы за тое, што можа зрабіць сама. А тут бухгалтара даводзілася наймаць; каб аформіць тавар на мытні — таксама дэкларанту трэба заплаціць… Убачыла аб’яву, што ў Гродзенскім універсітэце адкрываецца эканамічны факультэт.

— Вырашыла: раз ёсць такі факультэт, то трэба атрымаць адпаведную адукацыю і рабіць усё самой. Дзяцей спаць пакладу — і саджуся за падручнікі. Факультэт скончыла завочна.

Ёй тады было ўжо за трыццаць. Вучоба прыносіла задавальненне. Пачала сама афармляць тавар на мытні, у бюджэце сям’і з’явіліся дадатковыя грошы.

— Я адчула сябе эканамічна пісьменным чалавекам, стала больш упэўненай у сваёй дзейнасці, — згадвае Бярнацкая.

Паралельна з працай і выхаваннем дзяцей стала браць удзел у шматлікіх эканамічных адукацыйных курсах, якія ў той час праводзіла Міжнародная фінансавая карпарацыя. Ездзіла на платныя і бясплатныя семінары ў розныя гарады. Гэта, паводле яе, наблізіла да разумення рыначнай эканомікі, у якую савецкія людзі акунуліся без усякай падрыхтоўкі.

— Гэта былі цікавейшыя часы нашага жыцця! — упэўнена спадарыня Наталля. — Мы ж не толькі працавалі і вучыліся. Разам з сям’ёй ездзілі за таварам у Еўропу, кожны раз іншым маршрутам. Спыняліся ў розных гарадах, наведвалі музеі і тэатры, адпачывалі на моры і каталіся на лыжах у гарах.

Праўда, былі адмоўныя моманты. Малодшая дачка нават пісала ліст Дзеду Марозу з просьбай, каб мама выхадныя дні праводзіла з ёй.

Наталля Алегаўна прывыкла рабіць адразу некалькі спраў, і іншага рэцэпта паўнавартаснага жыцця не ведае. Смяецца: дагэтуль чысціць зубы і дастае бялізну з пральнай машыны адначасова.

Бізнесу спадарыня Наталля прысвяціла 15 гадоў. Дзеці выраслі, сталі самастойнымі. Вельмі значна змянілася заканадаўства ў дачыненні да індывідуальных прадпрымальнікаў, займацца бізнесам, паводле яе падлікаў, стала нявыгадна.

— Калі нам паабяцалі, што паціснуць руку апошняму прадпрымальніку, я зразумела, што трэба скручваць вуды, — усміхаецца мая суразмоўніца. — Працаваць толькі на арэнду і падаткі — гэта ўжо не бізнес.

Педагогіка — яшчэ адзін погляд на жыццё

У 2008 годзе Наталля Алегаўна закрыла сваё прадпрымальніцтва. Год думала, чым заняцца, разумеючы: не зможа жыць, не робячы свой унёсак у сямейную скарбонку.

— Адкрыла інтэрнэт, пабачыла, што ў дзіцячы садок патрабуецца нянька. Я не паведаміла, што ў мяне вышэйшая адукацыя. Мяне прынялі са скрыпам і толькі на замену жанчыны, якая была ў дэкрэтным адпачынку. Але мне было ўсё роўна, бо я магу працаваць хоць дырэктарам, хоць нянькай.

У гэтым асяроддзі яна адкрыла для сябе невядомыя да таго бакі жыцця, хаця заўсёды лічыла сябе рэалісткай. Дагэтуль Наталля не была знаёма з людзьмі, якія жывуць на адзін заробак супрацоўніка дзіцячага садка. Кажа: крыўдна да слёз за нянечак і выхавацеляў, вельмі прыстойных і харошых людзей.

— Я думала, што ўсе жывуць варта. А аказалася, што чэсныя, добрыя людзі, якія кожны дзень выконваюць вельмі адказную і патрэбную работу, атрымліваюць за яе 300—400 рублёў, на якія могуць толькі звесці канцы з канцамі…

Зараз спадарыня Бярнацкая атрымлівае трохі больш за 400 рублёў, але, як сама заўважае, умее жыць на любыя грошы. Праўда, у яе сям’і зарабляе яшчэ і муж.

Наталля працягвае займацца спартыўным арыентаваннем. Летась у іх спартклубе паўстала праблема: малады трэнер дзіцячай групы з’ехала на працу за мяжу, і не стала каму весці заняткі. Калегі прапанавалі Наталлі Алегаўне ўзяцца за гэту справу, але паўстала праблема: у яе няма педагагічнай адукацыі. Першае, пра што тады падумала: шкада дзяцей, якія займаліся ўжо цэлы год, а цяпер вымушаны будуць кінуць спорт. Параілася з мужам, і той пагадзіўся, каб яна паступала ў магістратуру на спецыяльнасць «педагогіка».

Абклалася кнігамі, падрыхтавалася і без праблем здала экзамен у магістратуру. Калі падавала дакументы ва ўніверсітэт, у прыёмнай камісіі запыталіся: а чаму дачка сама не прыйшла? Не паверылі, што навучацца хоча 51-гадовая жанчына.

— Я пра гэта нікому не расказвала, нават дачка не ведала, толькі муж. А сяброўкі, калі дазналіся, то пыталіся: ну і што табе гэта дасць? — згадвае жанчына.

Педагогіка аказалася вельмі цікавай навукай, яна дапамагае знайсці адказы на пытанні, якія кожны дзень ставіць перад Наталляй Алегаўнай практыка.

— Калі ў эканоміцы можна амаль усё пралічыць наперад, то ў педагогіцы гэта значна складаней, — заўважае няўрымслівая гродзенка.

Тым, хто не разумее яе новага занятку, спадарыня Наталля адказвае так: усе людзі розныя, адны здавольваюцца тым, што гатуюць боршч і выціраюць пыл, а другія, як яна, таксама ўмеюць гэта рабіць, але для іх таго замала.

www.nv-online.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: