У Баранавічах створаная мапа безбар’ернага асяродку

Актывісты Руху «За Свабоду» нанеслі на інтэрактыўную мапу 352 аб’екты і вызначылі ступень іх даступнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Фота: rcmm.ru

Фота: rcmm.ru

«Безбар’ернае гарадское асяроддзе — ключ да выканання правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, утульнага і якаснага жыцця ўсіх гараджанаў. Але Баранавічы зусім не прыстасаваныя для якаснага жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі», — адзначыў адзін з ініцыятараў ініцыятывы, абласны каарданатар Руху «За Свабоду» Юрый Казакевіч.
Пры гэтым абласны каардынатар Руху адзначае, што ў горадзе спрабуюць часткова вырашыць праблему, напрыклад, з'яўляцца пандусы, але іх наяўнасць не дае гарантыі безбар’ернага доступу ў будынак.
Мапа даступная тут
«Чалавеку ў інвалідным вазку трэба даехаць да яго, а адсутнасць з’ездаў і заездаў на ходнік, высокія бардзюры няроўнае дарожнае пакрыццё робяць гэта немагчымым. Пры будаўніцтве пандуса неабходна ўлічваць яго шырыню, нахіл, наяўнасць падвойных парэнчаў і вышыню агароджвальнага борціка», — дадаў Казакевіч.
Мясцовыя сябры Руху разам актывістамі цэнтра "Тарча" зараз ствараюць мапу безбар’ернай даступнасці горада Баранавічы — на мапе, па стане на 11 сакавіка, ужо 352 аб'екты. Усе аб’екты падзеленыя на два тыпы: «прымальны стан» (азначаныя зялёным колерам) і «дрэнны стан» (чырвоным). Пры выбары аб'екта даступнае таксама і апісанне, напрыклад, указываецца, ці ёсць ля аб'екта пандус з парэнчамі, ці далёка ад яго прыпынкі.
«На падставе праведзеных актывістамі папярэднімі абследаваннямі будынкаў складаецца ўражаньне, што ўсё што робіцца – робіцца толькі для гачка», — адзначыў гарадскі каардынатар Руху «За Свабоду» Уладзімір Гундар.
Ён заклікаў далучацца да стварэння мапы ўсіх неабыякавых грамадзянаў. Галоўная мэта – паляпшэнне жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Паводле pyx.by