У Беларусі – найлепшы прагрэс у галіне свабоды слова? Нечаканыя лічбы ад «Freedom House»

Паводле міжнароднай арганізацыі «Freedom House», якая ў сваіх справаздачах штогод адлюстроўвае стан свабоды слова ў свеце, Беларусь за 2016 год у гэтым рэйтынгу падцягнулася на 8 пунктаў. Гэта найлепшая дынаміка зменаў сярод краінаў, у якіх папраўляецца сітуацыя са свабодаю слова.

ілюстрацыйны здымак

ілюстрацыйны здымак

Паводле шкалы ад 0 да 100 (дзе 0 – найлепшая, а 100 – найгоршая сітуацыя) Беларусь займае 83-е месца. Такім чынам, наша краіна выбыла з дзясяткі найгоршых для свабоднай прэсы.

222_2.png

Рэйтынг «Freedom House» пра найбольшы прагрэс у сітуацыі са свабодаю слова

Сярод станоўчых зрухаў у дакладзе называюць магчымасць журналістаў з меншымі перашкодамі асвятляць парламенцкія выбары-2016.
Паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, летась у Беларусі распачалі 10 адміністратыўных спраў у дачыненні да фрылансераў. Гэта сапраўды можна назваць прагрэсам у параўнанні з 2015-м годам, калі такіх спраў было 28.
Аднак з пачаткам 2017 году сітуацыя відавочна пагоршылася. Толькі цягам сакавіку, у асноўным, падчас асвятлення акцый пратэсту, сілавікі затрымалі 94 журналіста і склалі 40 адміністратыўных пратаколаў. У 10 выпадках журналісты былі пакараныя арыштам на тэрмін да 15 содняў.
Сёлета значна пацярпелі журналісты «Белсату»: суд караў іх не толькі вялізарнымі штрафамі (у тым ліку больш за 1 000 рублёў), але і арыштам. Гэтак, аператару Аляксандра Баразенку прысудзілі 15 содняў, у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў той увесь час адмаўляўся ад ежы. У офісах нашага тэлеканалу праходзілі вобшукі, падчас здымкаў супрацоўнікі міліцыі шкодзілі апаратуру, некалькі карэспандэнтаў былі збітыя.
Асноўная прэтэнзія праваахоўнікаў да журналістаў – незаконны выраб прадукцыі СМІ і праца без акрэдытацыі (артыкул 22.9 КоАП) і непадпарадкаванне міліцыі (23.4 КоАП). Часам нашым калегам прыпісваюць і ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах (23.34 КоАП).

Два месяцы, якія «сапсавалі карцінку»

Міліцыянты забіраюць тэхніку з офісу “Белсату” ў Менску

Міліцыянты забіраюць тэхніку з офісу “Белсату” ў Менску


У сувязі з сакавіцкімі падзеямі Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў правесці расследаванне парушэнняў правоў журналістаў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. У адказ Міністэрства ўнутраных спраў даслала ў БАЖ ліст, дзе гаворыцца: «Прыналежнасць грамадзянаў да СМІ не вызваляе іх ад адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, тым больш асоб, якія прадстаўляюцца журналістамі, але не з’яўляюцца імі на самай справе».
«Калі даклад «Freedom House» быў складзены, але яшчэ не апублікаваны, сітуацыя ў Беларусі рэзка пагоршылася. Падзеі апошніх двух месяцаў значна падарвалі давер з боку Захаду да Беларусі, таму ў аналізе за наступны год, верагодна, не давядзецца чакаць пазітыўнай ацэнкі. Тэарэтычна, калі ў другой палове году не будзе рэпрэсіяў, то застаецца шанец застацца хаця б на тым жа ўзроўні», – мяркуе старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
Усяго ж у свеце, паводле дакладу «Freedom House», глабальная свабода прэсы ўпала да найбольш нізкага пункту за 13 гадоў. 45% насельніцтва планеты жыве ў краінах з несвабоднай прэсай. У дзясятку найгоршых патрапілі Азербайджан, Крым, Куба, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Іран, Паўночная Карэя, Сірыя, Туркменістан і Узбекістан.

belsat.eu