У Беларусі ў 2022 годзе падвысяць пенсійны ўзрост і страхавы стаж

З 1 верасня працоўныя пенсіі падымуць — у сярэднім на 6,3%. Гэта першае іх павышэнне ў гэтым годзе, праз што рэальныя пенсіі, якія разлічваюць з папраўкай на інфляцыю, падаюць сёмы месяц запар. Тым часам беларусаў з наступнага года чакае чарговае планавае павышэнне пенсійнага ўзросту і мінімальнага страхавога стажу. Расказваем, як яны зменяцца.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Як зменіцца пенсійны ўзрост

На 2022 год запланавана чарговае павышэнне пенсійнага ўзросту, якое пачалося ў 2017 годзе. З наступнага года гэты паказчык складзе 63 гады для мужчын і 58 — для жанчын, паведамляецца на сайце Мінпрацы.
Сёлета пенсійны ўзрост для мужчын складзе 62 гады і 6 месяцаў, для жанчын — 57 гадоў і 6 месяцаў.
Раней чыноўнікі абмяркоўвалі далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту пасля 2022 года, але гаворка ішла толькі пра жанчын. Яшчэ больш павысіць пенсійны ўзрост раілі і ў МВФ.
— Давайце мы паглядзім, як у 2022 годзе пенсійная рэформа будзе ўплываць на балансаванне фонду, — гаварыла раней міністарка працы Ірына Касцевіч.
Нагадаем, у бюджэце ФСАН, са сродкаў якога выплачваюць пенсіі і дапамогі, не першы год назіраецца дзірка, праз якую патрабуюцца штогадовыя ўліванні-субвенцыі з дзяржбюджэту. Мінпрацы і іншым профільным ведамствам не ўдаецца вырашыць гэтую праблему.

Як перапішуць мінімальны страхавы стаж


З наступнага года таксама падвысяць мінімальны страхавы стаж, які неабходны для атрымання працоўнай пенсіі. У яго ўваходзіць толькі той час, калі вы працавалі і працадаўца плаціў за вас страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны. У гэтым годзе мінімальны страхавы стаж складае 18 гадоў, з 1 студзеня 2022 года ён вырасце на паўгода — да 18,5 года.
Мінімальны страхавы стаж маюць намер павысіць да 20 гадоў (гэта адбудзецца ў 2025 годзе). Нагадаем, у 2013 годзе гэты паказчык павялічыўся з 5 да 10 гадоў. Беларусы, якія не выпрацавалі страхавы стаж паводле новых правілаў, трапляюць у «пенсійную пастку», яны не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную: мужчыны — з 65 гадоў, жанчыны — з 60 гадоў. Цяпер сацыяльная пенсія складае 141,73 рубля.
Раней з 1 студзеня 2020 года ў страхавы стаж пачалі ўключаць тэрміновую службу ў войску. Гэтае новаўвядзенне на стадыі абмеркавання не падтрымлівалі ў Мінпрацы і Мінфіне. Пры гэтым па вучобе ў ВНУ і дэкрэтным адпачынку, уключэнне ў страхавы стаж якіх абмяркоўвалася разам са службай у войску, улады змены не прынялі.