У Гродне сямейную пару судзяць за «счэпку» на Маршы адзінства
Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 30 снежня пачаў разгляд крымінальнай справы паводле часткі 1 артыкула 342 КК у дачыненні да палітвязняў 46-гадовай юрысткі Алены Ягорычавай і 51-гадовага слесара Ігара Пазнякова, паведамляюць праваабаронцы. Ягорычаву таксама вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (артыкул 364 КК ). Мужчыну і жанчыну затрымалі 30 верасня, пасля чаго яны былі ўзятыя пад варту.
Справу разглядае суддзя Віталь Лабацкі, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае Алена Дайліда.
У справе ўдзельнічае пацярпелы супрацоўнік АМАП, у дачыненні да якога ўжытыя меры бяспекі ў выглядзе невыдавання звестак пра яго асобу.
Паводле абвінавачання, Алена Ягорычава і Ігар Пазнякоў 6 верасня 2020 года ў 13.20 па папярэдняй змове паміж сабой і іншымі неўстаноўленымі падчас следства асобамі "адчуваючы нянавісць да існуючага палітычнага рэжыму і канстытуцыйнага ладу" прынялі ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады на тэрыторыі горада Гродна каля дома 10 па вуліцы Гарнавых, "натхняючы сваімі паводзінамі іншых у мэтах падахвочвання ў іх пачуцця неабходнасці ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве", выстраіўшыся ў шэраг і арганізавана ўзяўшыся за рукі, утварылі "счэпку", дэманструючы свой намер аказваць відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Алену Ягорычаву таксама абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка АМАПа. Паводле версіі дзяржабвінаваўцы, жанчына ўжыла гвалт, "нанёсшы не менш за адзін удар правай рукой у вобласць твару і шыі, пасля чаго ажыццявіла захоп правай рукой за маску і шыю пацярпелага, прычыніўшы яму фізічны боль і пабоі".
Ігар Пазнякоў і Алена Ягорычава прызналі віну паводле часткі 1 артыкула 342 КК часткова, паказаўшы, што не адмаўляюць самога факту прысутнасці на месцы падзей, дзе праходзіў марш адзінства. Па факце гвалту жанчына выказала сваё стаўленне да абвінавачання словамі "напэўна, так", спаслаўшыся на словы следчага аб тым, што для кваліфікацыі яе дзеянняў па артыкуле 364 КК дастаткова кантакту з пацярпелым.
"Патрапілі ў натоўп, згубілі красоўкі"
На прапанову дзяржаўнага абвінаваўцы ў вольнай форме расказаць пра падзеі 6 верасня 2020 года Ігар Пазнякоў растлумачыў, што ў той дзень вырашыў разам з жонкай прайсціся ў горад і зайсці ў кафэ. Дайшоўшы да вуліцы Гарнавых, муж і жонка патрапілі ў натоўп людзей, пасля чаго пачулі, што рух па вуліцы перакрыты. Пасля таго, як пачаліся затрыманні, сямейная пара хацела пакінуць гэтае месца, але на той момант ужо не было такой магчымасці, бо з аднаго боку стаяў плот, з другога — праезная частка, наперадзе затрымлівалі людзей, а ззаду быў натоўп. Ігар Пазнякоў таксама распавёў, што пасля таго, як усё скончылася, яны з жонкай не пакінулі месца затрыманняў, паколькі яго жонка ў цісканіне страціла абутак і яны спрабавалі знайсці яе красоўкі. Ігар Пазнякоў таксама растлумачыў, што трымаў сваю жонку за руку, паколькі перажываў за яе з-за цісканіны, адзначыўшы, што з-за маленькай камплекцыі яго і жонкі наўрад ці можна кагосьці ўтрымаць, знаходзячыся ў "счэпцы".
Алена Ягорычава патлумачыла, што з мужам пайшла ў горад пасядзець у кавярні. Але ў натоўпе жанчыне наступілі на ногі, пасля чаго яна згубіла красоўкі і стала іх шукаць. На пытанне пракурора аб тым, што жанчыне, акрамя знаходжання ў натоўпе, ставіцца гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі, Алена Ягорычава адказала, што гэта было чыста машынальна, рэфлексійна, таму што “я ўбачыла, як мужчыну цягнулі з ровара і мне было страшна, я, можа, яго адштурхнула ад сябе, але спецыяльна я гэтага не мела намер рабіць”. На пытанне суддзі, калі да жанчыны хтосьці падыдзе, ці пачынае яна рэфлексійна пхацца, Алена Ягорычава патлумачыла, што была ў жаху ад грубых дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі падчас затрыманняў.
На пытанне пракурора аб тым, калі жанчына вырашыла выставіць наперад руку ў бок пацярпелага, Алена Ягорычава патлумачыла, што баялася ўпасці і таго, што супрацоўнік павядзе яе ў аўтазак. Абвінавачаная паведаміла суду, што ёй следчы сказаў "калі дакранулася, то гэта ўжо лічыцца гвалтам". Жанчына адзначыла, што не прызнае ўдару і захоп рукой у дачыненні да пацярпелага словамі "калі гэта можна назваць ударам".
Пацярпелы амапавец растлумачыў, што з'яўляецца камандзірам аддзялення АМАП, 6 верасня 2020 года нёс службу па ахове правапарадку. Пасля таго, як натоўп стаў шчыльней падыходзіць да супрацоўнікаў, паступіла каманда затрымліваць найбольш актыўных грамадзян, якія стаяць у "счэпцы". Пацярпелы растлумачыў, што пасля таго як ён падышоў да прысутных і папрасіў іх адысці і разысціся, папярэдзіў аб затрыманні, калі не падпарадкуюцца патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Затым, паводле яго слоў, да яго "падышла жанчына з правага боку і зрабіла штуршок у вобласць падбародка і шыі, штурхнула, груба кажучы". Па словах пацярпелага, жанчына развярнулася і пайшла ў бок натоўпу. На пытанне дзяржабвінаваўцы аб тым, ці казаў пацярпелы жанчыне аб незаконнасці яе дзеянняў, мужчына адказаў адмоўна.
Пацярпелы: “Збіцця не было, цялесных пашкоджанняў няма"
Суддзя ўдакладніў пра агляд, ці хадзіў пацярпелы на яго. Супрацоўнік АМАПа растлумачыў, што не звяртаўся ў медыцынскую ўстанову: “збіцця не было, цялесных пашкоджанняў няма, болевыя эфекты, вядома, адчуваюцца, калі баліць горла — гэта не вельмі прыемна". Пацярпелы распавёў, што ў той дзень нёс службу ў чорнай форме з шаўронамі на грудзях і на спіне "АМАП" залацістым колерам. На пытанне суддзі аб матэрыяльных прэтэнзіях пацярпелы адказаў: “пакуль на дадзены момант няма".
На пытанне абаронцы Ягорычавай аб тым, якой часткай рукі рукі наносіўся ўдар, пацярпелы сказаў: "гэта не кулак дакладна, гэта ну вось прамежак паміж вялікім і указальным пальцам, разумееце? Вось гэтая лагчынка такая, вось гэтым месцам". Адвакат пацікавіўся тым, ці пракаментаваў пацярпелы дзеянні абвінавачанай, на што супрацоўнік задаў сустрэчнае пытанне: "у сацыяльных сетках?", пасля чаго ўдакладніў, што не звяртаўся да Ягорычавай у той момант і потым. Адвакат таксама ўдакладніў у супрацоўніка АМАПа, чаму так позна ён напісаў заяву, пацярпелы сказаў, што не жадаў раней пісаць заяву.
Дзяржаўная абвінаваўца задавала пытанне пацярпеламу аб тым, ці мелася магчымасць у тых, хто сабраўся, пакінуць месца падзей, ці перашкаджалі гэтаму супрацоўнікі міліцыі. На гэтае пытанне пацярпелы адказаў, што частка людзей праходзіла ў бок філармоніі, у жанчын, якія хацелі пакінуць гэтае месца, на думку супрацоўніка, магчымасць сысці была.
Судовае разбіральніцтва працягнецца 6 студзеня, будзе вырашана пытанне аб выкліку сведак Сафонавай, Задорына і Матэйкі.