За распаўсюд «пратэсных газет» пачалі судзіць дырэктара друкарні і адміністратара канала «Атоліна»
У Мінску пачаўся суд над Арцёмам Фядосенкам, дырэктарам прыватнай друкарні, і Паўлам Юхневічам, адміністратарам тэлеграм-канала «Атоліна». Іх абвінавачваюць у распаўсюдзе «пратэсных» газет і ва ўдзеле ў пратэсных маршах у Мінску ў 2020 годзе. Суд над імі праходзіць у закрытым рэжыме.
Мужчын судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342 («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 3 арт. 361 («Распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»).
Паводле версіі абвінавачання, Фядосенка і Юхневіч «для рэалізацыі сваёй злачыннай мэты з дапамогай вышэйзгаданых друкаваных рэсурсаў неаднаразова распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы, выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, а таксама паслабленне ў грамадстве пачуцця патрыятызму».
Паведамляецца, што ўсяго Арцём Фядосенка вырабіў больш за 21 тысячу асобнікаў газет і 10 тысяч улётак. Павел Юхневіч быў задзейнічаны ў іх распаўсюдзе.
Павел Юхневіч быў затрыманы 19 сакавіка, Арцёма Фядосенку затрымалі 23 траўня. Праваабаронцы прызналі абодвух мужчын палітычнымі зняволенымі.