У апошні дзень 2021 года хлопца пазбавілі волі за ўдзел у двух маршах і абразу Лукашэнкі
31 снежня 2021 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да 27-гадовага палітвязня Яна Нікішкіна, абвінавачанага ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Справу разглядала суддзя Анжэла Касцюкевіч.
З матэрыялаў абвінавачання вядома, што Ян Нікішкін наўмысна, з выкарыстаннем сацыяльных сетак, «публічна абразіў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх службовых паўнамоцтваў, размясціўшы відэаролік, які змяшчае ненарматыўную форму маўленчага выказвання».
Што тычыцца абвінавачання па арт. 342 КК, устаноўлена, што 16 жніўня 2020 года Нікішкін, знаходзячыся на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў, вуліцы Леніна, а таксама 23 жніўня 2020 года — на праспектах Незалежнасці, Пераможцаў і Машэрава і 13 верасня 2020 года — на праспектах пераможцаў і Пушкіна, вуліцах Кальварыйскай, Ціміразева і Арлоўскай, «дзейнічаючы сумесна з групай асоб, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі», «публічна выкрыкваў лозунгі, рухаўся па праезнай частцы дарог, ажыццявіў блакаванне руху транспарту, што пацягнула за сабой парушэнне працы транспарту, у тым ліку гарадскога пасажырскага транспарту, і дзейнасці прадпрыемства КТУП "Мінсктранс"».
Выракам суду Нікішкін прызнаны вінаватым у «публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і на падставе ч. 1 арт. 368 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год.
Нікішкін таксама прызнаны вінаватым у «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства», і на падставе ч. 1 арт. 342 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў.
Па сукупнасці вынесеных пакаранняў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, яму прызначана канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Мабільны тэлефон «iPhone X» як сродак здзяйснення злачынства канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Таксама ў інтарэсах КТУП «Мінсктранс» прызнана права на задавальненне грамадзянскага пазову аб кампенсацыі з абвінавачанага Нікішкіна маёмаснай шкоды, нанесенай злачынствам, пытанне аб яе памеры перададзена на разгляд у парадку грамадзянскай судавытворчасці.