Жыхароў Гомеля асудзілі на тры гады калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту 2020 года

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 3 студзеня вынес прысуд па крымінальнай справе палітвязняў Станіслава Мачалава і Дзмітрыя Грышчанкі. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт 342 КК), а Мачалава дадаткова яшчэ і ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ).

Станіслаў Мачалаў і Дзмітрый Грышчанка

Станіслаў Мачалаў і Дзмітрый Грышчанка

Справу разглядаў суддзя Віктар Казачок. Дзяржабвінаваўца – пракурор Алейнікава.
Па матэрыялах следства, Станіслаў Мачалаў 20 верасня 2020 года прыняў актыўны ўдзел у арганізаваных Дзмітрыем Грышчанкам і іншымі асобамі дзеяннях па парушэнні грамадскага парадку, руху гарадскога транспарту, працы грамадскіх арганізацый, якія знаходзяцца па вуліцы Савецкай. Пасля прарыву ачаплення супрацоўнікаў АУС Мачалаў у групе з Грышчанкам і іншымі асобамі выйшлі на праезную частку на забараняльнае святло святлафора, наўмысна парушаючы грамадскі парадак, загадзя адказваючы за свае дзеянні ў парушэнні правілаў ПДР, што прывяло да парушэння працы транспарту і іншых грамадскіх арганізацый. Яны ж, дзейнічаючы ў групе людзей у перыяд часу з 12.30 да 17.30, дзейнічаючы наўмысна па матывах палітычнай варожасці, не жадаючы пакідаць месца несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, адчуваючы азлобленасць у дачыненні да супрацоўнікаў АУС, ужылі пагрозу гвалту і гвалт над супрацоўнікамі АУС пры наступных абставінах.
Знаходзячыся на участку вуліцы Савецкай падчас прарыву ачаплення, Мачалаў сумесна групай асоб станавіўся ў счэпку і здзяйсняў пагрозлівыя рухі ў бок Іванова, пасля гэтага здзейсніў гвалтоўныя дзеянні над супрацоўнікам АУС Івановым [прозвішча схаванае], шляхам ціску сваім целам і ўтрымання рукамі. Гэтак жа здзейсніў пагрозу гвалту ў дачыненні да Ларына [прозвішча схаванае], шляхам дэманстрацыі намеру напасці на супрацоўніка АУС падчас выканання ім службовых абавязкаў, здзяйсняючы пагрозлівыя ўдары рукамі і нагамі ў бок Ларына.
3 студзеня суддзя Віктар Казачок агучыў прысуд: Станіслава Мачалава і Дзмітрыя Грышчанку прызнаць вінаватым па ўсіх прад’яўленых эпізодах і прысудзіць абодвум пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады.
spring96.org