Гісторыя жыцця палітвязня Паўла Юхневіча. Былы «зубровец», адлічаны са школы, варыць кампоты ў СІЗА
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Павел Юхневіч за кратамі пяць месяцаў. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» — па гэтым артыкуле яму пагражае да васьмі год калоніі. «Наша Ніва» згадвае гісторыю актывіста — пра бунтарскія школьныя гады, працу ў штабе ў 2010-м, прыход у аўтабізнэс і сям'ю.
У 11 класе адлічылі за палітыку — здаваў экзамены экстэрнам праз некалькі год
Павел — мінчук. Яго бацька — рабочы на прадпрыемстве, маці — фармацэўт, але ўжо год як на пенсіі.
У палітычны рух Юхневіч уліўся ў 8 класе. «Малады фронт»,
«Зубр» (у апошнім хлопец каардынаваў дзейнасць па Маскоўскім раёне). Калі
ўпершыню ўбачыў Паўла Севярынца, то ўразіўся ім — пераканаўчы выступоўца.
Бацькі гэты падлеткавы бунт напачатку не ўхвалялі. З
пастарункаў юнака часта забірала мама.
«Прыязджала па мяне, а ў выніку часам забірала яшчэ пяцярых
— такіх жа непаўналетніх. Тата быў «лукашыстам», але ягоныя сябры «паўплывалі»,
і ўрэшце ў 2001 годзе ён ужо галасаваў за адзінага кандыдата», — расказваў
Павел «Свабодзе».
Апошні год у школе ён не давучыўся — выключылі праз
палітычную актыўнасць. Экзамены экстэрнам Павел здаў толькі праз некалькі год.
Калі была магчымасць бясплатна навучацца ў ЕГУ, паступіў на паліталогію, але
сышоў, не скончыўшы першы курс. Потым шкадаваў, што несур’ёзна паставіўся да
гэтага ды так і не атрымаў вышэйшую адукацыю.
Пасля «зуброў» быў рух «За свабоду» і «Еўрапейская
Беларусь».
«Мы збіраліся па некалькі разоў на тыдзень і вырашалі, што з
акцый варта правесці, якія налепкі надрукаваць. Зразумела, што інтэрнэтам у тыя
часы актыўна не карысталіся, таму хацелі данесці да людзей, якая сітуацыя — што
актывістаў збіваюць, што ёсць палітвязні, — згадвае паплечніца па «Еўрапейскай
Беларусі» Ірына Аліева. — Павел быў завадатарам. Ён смелы — на акцыях ішоў
наперадзе і верыў у тое, што рабіў. Гэта было не для таго, каб заняць нейкую
пасаду».
Што да заробкаў, то кожны круціўся як мог. Юхневіч
падпрацоўваў на будоўлі, на канвеернай вытворчасці.
У выбарчую кампанію 2010 года актывіст далучыся да штаба
Уладзіміра Някляева, які ў той момант узначальваў грамадскую арганізацыю
«Гавары праўду». Адказваў за палову Мінска. Кажуць, «Еўрапейская Беларусь» тады
на яго пакрыўдзілася.
Па іншай версіі, Павел збіраў подпісы і ладзіў пікеты
адначасова для двух штабаў — Някляева і Саннікава.
Застаўся ў Беларусі, прадаваў шыны і запчасткі для аўто
Пасля 2010 года Юхневіч крыху адышоў ад палітыкі.
«У тых, хто прышоў у палітыку толькі летась, ёсць расчараванне,
бо яны вельмі верылі, што нешта адбудзецца. Так і пасля 2010-га было. Таму
Павел стаў больш займацца працай. А потым пайшлі дзеці, патрэбны былі грошы,
было не да таго», — расказвае былая жонка Рамуальда.
Пасля тых выбараў частка актывістаў аказалася за кратамі,
частка з’ехала за мяжу. Адлічаныя студэнты паступалі ў польскія ўніверсітэты па
праграме Каліноўскага. Павел застаўся.
«Казаў, што калі будзе пагражаць небяспека, то, можа, мне з
дзецьмі варта будзе пакінуць краіну. Але паколькі ён беларус, то павінен быць
тут».
Павел знайшоў сябе ў аўтабізнэсе — у праватнай кампаніі
прадаваў шыны, дыскі і запчасткі. Прадажнік ён добры, бо камунікабельны. З
машынамі ён наогул даўно звязаны: калі гэта яшчэ не было так дорага, дапамагаў
сябрам прыганяць аўто з-за мяжы. І пасля сярод яго пастаянных кліентаў было
шмат прыяцеляў па змагарскай дзейнасці.
«У яго былі розныя машыны. Апошняе, што ён купіў для сябе —
«Лянча». Гэта не тыповае для нашых шырот аўто — у нас не так шмат майстроў,
якія ўмеюць іх рамантаваць, дызайн на аматара. Але Паша кайфаваў: «Бачна, што
італьянскія дызайнеры папрацавалі». Ён не той чалавек, які будзе абіраць тое,
што і ўсе», — дзеліцца журналіст Зміцер Міцкевіч.
Сябра ён апісвае так: спакойны, харызматычны, не схільны да
хітрыкаў.
«Ён ніколі не адмаўляў у дапамозе. Мне мінулым летам трэба
было завезці мэблю на лецішча. Паша сам знайшоў бус, дапамог усё загрузіць, сеў
за стырно і паехаў за 200 кіламетраў. Прысвяціў гэтаму два дні».
У Юхневіча ёсць малодшы брат, але яны не блізкія. Той
трымаўся іншых поглядаў, лічыў, што не варта лезці ў палітыку. Брат працаваў
намеснікам дырэктара ў школе, але нядаўна сышоў.
У 2019-м Павел балатаваўся ў дэпутаты ў Палату
прадстаўнікоў.
Старэйшая дачка папракае малодшую: «Табе важней цацка ці каб
тата вярнуўся?»
Павел любіць жаночую ўвагу. «Думаю, ён прыцягваў дзяўчат харызмай і цвёрдасцю. Плюс заўжды ў добрай фізічнай форме сябе трымаў», — кажа Міцкевіч.
Першай жонкай Юхневіча была фатограф Юлія Дарашкевіч. Другой
— біёлаг Рамуальда. Цяпер яна працуе ў інтэрнэт-сферы.
«Мы пачыналі разам працаваць у «Гавары праўду», — згадвае
яна знаёмства. — Сябравалі каля года да таго, як пачалі сустракацца. Потым я
пайшла на «Еўрарадыё». А Паша ужо не памятаю куды — быў такі час, што сталага
месца не было, розныя падпрацоўкі».
У актывіста дзве дачкі — 8-гадовая Ева і 5-гадовая Адэля.
«Ён добры бацька. Дапамагаў мне, калі дзеці былі маленькія. У той час, калі першая дачка нарадзілася, я сканчвала магістратуру ў ЕГУ. Я магла з’ехаць на пару дзён сесію здаць, а Павел заставаўся з ёй дома. Усіх гэта вельмі ўражвала, — дзеліцца Рамуальда. — Калі быў вольны час, то мы часцей за ўсё з’язджалі ў Вільню пагуляць, Паша любіць гэты горад. Заўсёды ездзілі з дочкамі: Ева першы раз выехала, калі ёй было тры месяцы.
Ён шмат часу праводзіў з дзецьмі, гульні прыдумляў, і гэта
не змянілася, калі мы сталі паасобку жыць.
На дзень народзінаў Адэлі, які 18 лютага быў, ён дамовіўся з
сябрамі, каб ёй перадалі кветкі. І для маці Паўла таксама — у яе ў адзін дзень
з унучкай дзень народзінай. На Новы год ён перадаваў падарункі.
Дзеці ведаюць, дзе іх тата. Нават адзін раз разам з бабуляй
хадзілі перадачку адносіць. Ведаюць, наколькі гэта можна растлумачыць, за што
ён сядзіць. Калі мы гуляем і недзе афіцыйны сцяг вісіць, крычаць: «Лукашэнскі
сцяг!» Па-свойму разважаюць. Малодшая Адэля неяк кажа: «Напэўна, Лукашэнка
нядрэнны чалавек, можа, не разумее проста нечага?» Яе вельмі непакоіць пытанне,
хто добры, а хто дрэнны. Перыядычна пытаецца, калі прыйдзе тата: у іх жа
таксама былі планы (Усміхаецца)!
Старэйшая, канечне, больш разумее. Калі Адэля просіць нешта
дарагое купіць, яна робіць заўвагу: вось табе што важней, гэтая цацка або каб
бацька вярнуўся? У сэнсе, што калі ўжо і прасіць зашмат, то гэта».
У СІЗА варыць кампоты і глядзіць «Арол і рэшка»
Перадачкі блізкія носяць па чарзе. Апроч самага неабходнага, кладуць свежую выпечку, бо Павел любіць салодкае, чырвоную рыбу, кроп і пятрушку — ежа ў СІЗА не мае выразнага смаку.
У лістах Павел пытаецца пра дзяцей, жартуе, а яму пішуць пра
зімовы дрыфт і новую сацсетку Clubhouse. Сяброўка Юлія кажа, што іх перапіску
можна назваць стабільнай: з больш чым 50 лістоў у абодва бакі згубіўся толькі
адзін. Вось што яна распавяла пра цяперашні быт і настрой актывіста:
«Заўсёды марыў жыць у цэнтры горада!» — так пачынаецца першы
Пашаў ліст з СІЗА. Магу сказаць, што за ўвесь гэты час хутчэй ён падбадзёрвае
нас, чым мы яго.
Паша прывык спаць пры святле, адрозніваць раніцу ад вечара
па гадзінніку, паколькі дзённае святло ў камеру не трапляе, знаходзіцца ў
пастаянна накураным памяшканні, дзяліць хлеб і забавы з малазнаёмымі людзьмі.
Мы неяк размаўлялі пра ўспрыняцце часу. І ён напісаў, што
напачатку стандартная рэакцыя на дзень сурка ў СІЗА — чакаць, калі ён хутчэй
скончыцца і пачнецца наступны. Калі на волі час — гэта галоўны рэсурс, то ў
зняволенні ён не мае ніякай каштоўнасці. Таму выйграе і не скатваецца ў маркоту
той, хто знаходзіць спосабы яго нечым заняць.
У Пашы гэта спорт, калі дазваляе колькасць людзей у камеры,
кнігі, лісты. Дарэчы, дзякуй усім, хто ўдзельнічаў у зборы кніг для турэмнай
бібліятэкі. У нейкі момант зняволеным на Валадарцы забаранілі перадаваць нават
вучэбную літаратуру.
Ну і, канечне, тэлевізар. Раніца ў камеры пачынаецца з
прагляду мульцікаў. А асаблівай папулярнасцю карыстаецца «Арол і рэшка» і
ўсялякія украінскія рэаліці-шоу. Наогул Паша як чалавек, які ўжо шмат год жыў
без тэлевізара, быў вельмі здзіўлены, што многія перадачы 20-гадовай даўніны
ўсё яшчэ ў эфіры. Папрасіў таксама падпісаць яго на часопісы па аўтамабільнай
тэматыцы, каб не адставаць у прафесійным плане.
Паколькі спатканняў да суда не даюць, прыходзіцца прыдумляць
спосабы сувязі, апроч лістоў. Напрыклад, свежыя фотаздымкі, падпіска на выданні
з гаворачымі назвамі, нататнікі з малюнкамі дзяцей на вокладцы ці сімвалічнымі
ілюстрацыямі, перадачы ў пэўны дзень і час, прывітанні ад былых сукамернікаў. А
яшчэ я ведаю, што, калі а 7-й вечара б'юць званы Чырвонага касцёла, Паша
таксама іх чуе.
Я пакуль не паспела спытаць, што ён збіраецца рабіць у
першую чаргу, калі акажацца на волі. Але я дакладна ведаю, чаго ён рабіць не
будзе: галіцца — месяц, а есці боршч, аўсянку і бульбяное пюрэ — 2-3 месяцы
мінімум.
А цяпер ён варыць кампоты, смяецца з 18-старонкавага абвінавачання, радуецца вясне і верыць, што мы назіраем працэс істотных змен свядомасці, які проста так ужо не спыніцца».
Рэквізіты карткі, каб дапамагчы дзецям палітвязня:
картка 4061 2740 1006 3492 да 07/22 Ramualda Yukhnevich
або рахунак, каб пералічыць праз АРІП:
BY48ALFA30147133170010270000 у Альфа-Банку
(АРІП — Банкаўскія і фінансавыя паслугі — Банкі, НКФА —
Альфабанк — Папаўненне рахунка.)