У Мінску прадставілі пераклад кнігі мітрапаліта Суражскага на беларускую мову
У галерэі «Інстытут культуры» прэзентавалі пераклад кнігі мітрапаліта Антонія Суражскага «Як навучыцца малітве». Гэта ўжо другая кніга Суражскага, перакладзеная з англійскай мовы на беларускую. Госцем імпрэзы быў грэка-каталіцкі хор «Прасфара».
У межах прэзентацыі кнігі ў галерэі была падрыхтавана адмысловая экспазіцыя, якая распавядала пра жыццёвы шлях і служэнне Суражскага ў Велікабрытаніі. Экскурсію праводзіў Раман Абрамчук. Раман распавёў гледачам таксама, што перакладаў ранейшую кнігу Суражскага, якая носіць назву «Быць хрысціянінам».
Адна з перакладчыц кнігі Марына Каліноўская шчыра прызналася: «Дотык да гэтага тэкста — вялікі падарунак для мяне. Тое, пра што тут напісана, — зразумела для тых, хто толькі прыйшоў да Бога і для тых людзей, хто ўжо даўно ідзе па шляху да Яго. Менавіта праз тэксты Суражскага я і прыйшла да Царквы».
Для рэдактаркі Ганны Міхальчук пераклад другой кнігі Суражскага на беларускую мову — сапраўдны цуд: «Звычайна пасля выдання адной кнігі людзі перагараюць. А тут усё наадварот. Я не ведаю англійскую мову так, каб можна было б перакладаць кнігі з яе. Але я ведаю добра беларускую мову. Чым я магу быць тады карыснай? Я магу быць стыль-рэдактарам або карэктарам. Перакладчыкі кнігі знайшліся, а я выконвала сваю рэдактарскую працу».
Мэта перакладу кнігі «Як навучыцца малітве» — не толькі парадаваць аматараў Антонія Суражскага. Па сутнасці, гэта крок да выдавецтва рэлігійнай літаратуры па-беларуску. Натуральна, што пры перакладзе кнігі ўзнікае і адпаведная тэалагічная лексіка. А тыя, хто хоча чытаць рэлігійную літаратуру па-беларуску, аказваецца існуюць.