«Я жыву ў Беларусі і павінна размаўляць па-беларуску»

У сталічным Парку імя Янкі Купалы 28 траўня адбыўся вялікі ўрок сацыяльнага праекту «Чытаем па-беларуску з velcom».

czytaem_pa_belarusku_z_velkom_haravy_8_logo.jpg


Ва ўроку, арганізаваным кампаніяй velcom пры падтрымцы міністэрства адукацыі і культуры, Мінгарвыканкаму і Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў, прынялі ўдзел больш за 200 вучняў пачатковых класаў сталічных школ разам з бацькамі і гасцямі свята – літаратарамі Раісай Баравіковай, Уладзімерам Ліпскім, Таццянай Сівец і Аленай Масла, капітанам футбольнага клубу БАТЭ (Барысаў) Змітром Ліхтаровічам, тэлевядучымі Алегам Лепешанковым і Яўгенам Перліным.
Ля помніка Песняру дзеці і дарослыя прачыталі ўрыўкі з твораў Янкі Купалы, а таксама іншых класікаў беларускай літаратуры, чые юбілеі і круглыя даты сёлета святкуе Беларусь.


У інтэрв'ю НЧ кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў паведаміў, што праект па выхаванню ў дзяцей Беларусі нацыянальнай ідэнтычнасці распачаўся ў кастрычніку 2015 году ў сталіцы, дзе цягам трох месяцаў у больш за 30 школах адбыліся ўрокі па спецыяльна распрацаванай праграме. Сёлета ў красавіку і траўні праект працягнуўся ў 26 школах Гомельскай вобласці, а ў верасні будзе адбывацца на Берасцейшчыне. Чакаецца, што ў праекце возьмуць удзел больш за 15 тысяч вучняў з 150 школ краіны.

Вячаслаў Смірноў

Вячаслаў Смірноў


Спадар Вячаслаў узгадаў, што velcom – адна з першых айчынных прыватных кампаній, што перайшла на беларускамоўную рэкламу. Апроч таго, velcom падтрымлівае іншыя праекты ў галіне нацыянальнай культуры, у тым ліку сумесна з Домам-музеям Ваньковічаў у Верхнім горадзе сталіцы — філіяй Нацыянальнага мастацкага музея краіны па папулярызацыі айчыннай музычнай класікі, з Нацыянальным гістарычным музеям і з газетай «Аргументы и факты» — па задавальненні цікавасці школьнікаў да краязнаўства.


«Усе гэтыя праекты далучаюць саміх супрацоўнікаў кампаніі да нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны і робяць іх свядомымі беларусамі»,


— зазначыў Вячаслаў Смірноў.
Дарэчы, сам ён — ураджэнец Рэчыцы, што ў беларускім Палессі.
Я падышоў да вялікай групы дзяцей з паветранымі балончыкамі, упрыгожанымі лейблам velcom, і спытаў, хто размаўляе дома па-беларуску. Адгукнулася адна дзяўчынка — вучаніца 2 «Т» класы СШ №136 г. Мінска Яна Міхалевіч:

Яна Міхалевіч

Яна Міхалевіч


«Я жыву ў Беларусі і павінна размаўляць па-беларуску. Так хораша гаварыць на роднай мове мяне навучыла мая настаўніца Вольга Андрэеўна Ёдка. І дома я ўвесь час размаўляю па-беларуску, каб на матчынай мове гаварылі малодшыя брацік і сястрычка, хоць мае бацькі дома ў асноўным кажуць па-расейску. Аднак ім вельмі падабаецца, што я з імі размаўляю на беларускай мове. З аднакласнікамі я гавару па-расейску, бо яны толькі пачынаюць засвойваць беларускую мову, аднак цікавяцца ёю і з павагай ставяцца да мяне».
Вялікую ролю школы ў выхаванні прыхільнасці дзяцей да роднай мовы адзначыў і відэааператар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Сяргей Сацук:

Сяргей Сацук

Сяргей Сацук

«У 1994 годзе я пачаў вучыцца ў адной з сталічных рускамоўных гімназій з вельмі паважным стаўленнем да беларускай мовы. Мая маці ўвогуле не ведала роднай мовы, бо бацькі яе ў савецкія часы напісалі заяву аб вызваленні сваёй дачкі ад урокаў беларускай мовы і літаратуры. І я добра памятаю здзіўленне на твары матулі, калі ў першым класе прыйшоў дадому і стаў размаўляць выключна па-беларуску. Так адбылося таму, што мой першы настаўнік гаварыў на беларускай мове і большасць прадметаў у гімназіі выкладаліся па-беларуску. І таму я ўпэўнены, што менавіта ў пачатковых класах школы, дзе дзіця штодзень бавіць шмат часу і навучаецца па-беларуску, закладаецца любоў да матчынай мовы і яе добрае веданне».