Беларускамоўны бразілец выдаў кнігу-антыўтопію пра адраджэнне СССР

Называецца яна «СССР 2.0». Ідэя кнігі вельмі простая: Сталін падарожнічае ў часе і трапляе ў сённяшнюю Маскву. Шакаваны постсавецкай рэальнасцю, ён вырашае аб’яднаць колішнія рэспублікі, пачынаючы, такім чынам, трэцюю сусветную вайну.

Патэрсан Франкоа

Патэрсан Франкоа


Сярод галоўных герояў кнігі Патэрсана Франка — двое з Беларусі. Адзін — чырвонаармеец 1945 года, які разам са Сталінам трапляе ў нашы дні. Другая — дзяўчына, якая ратуе свет падчас вайны. А РБ у кнізе — адзіная краіна, якая не вяртаецца ў СССР 2.0. Як і чаму — даведаецеся з кнігі.

«Ідэя кнігі, — кажа Патэрсан Франка, — узнікла пасля таго, як мы з жонкай вярнуліся пасля апошняга наведвання Масквы. Мы абмяркоўвалі, як Масква ператварылася з камуністычнага ў капіталістычны горад і што б пра гэта падумаў Сталін, калі б ён апынуўся у сучаснай Маскве і "СНД". Напэўна, рэакцыя была б не зусім пазітыўнай... Так і выйшла ў кнізе».

На пытанне, чаму кніга выходзіць па-руску, аўтар адказвае:

«Я напісаў кнігу на рускай, бо гэта гісторыя пра былы СССР, і на рускай яе змогуць прачытаць людзі з усіх былых рэспублік, а на беларускай — нават не ўсе беларусы :( ».

Аўтар, аднак, не выключае з'яўленне беларускамоўнай версіі кнігі — «калі будзе попыт».

 

 

faf72749_b6cb_4e08_bd3d_0de81c4859da_w610_r0_s.jpg

 

Беларуска-бразыльская сям’я Вольгі і Патэрсана Франка жыве ў Салвадоры — галоўным горадзе штату Баія на ўсходзе Бразіліі.

Кніга пашыраецца ў электроннай версіі, прымаюцца замовы і на папяровыя асобнікі. Пазнаёміцца з фрагментам кнігі можна тут.

 

Патэрсан Франка Коста нарадзіўся 10 лістапада 1987 года ў Салвадоры, штат Баія, Бразылія. Магістар праграмы «Літаратура і культура» філалагічнага інстытуту Федэральнага Універсітэту штату Баія, бакалаўр гэтага інстытуту, мастак. Жыў у Расіі ў 2009–2010 гг. і 2012, выкладаў замежныя мовы ў агульнаадукацыйных і моўных школах у Іжэўску і Маскве. Выкладаў рускую мову ў Федэральным Універсітэце штату Баія (2013 год).

 

www.svaboda.org