«Газпром» павялічвае памер беларускай запазычанасці
Беларускі ўрад церпіць фіяска па коштах на пастаўкі расійскага газу ў нашу краіну. Газавы манапаліст, як і расійскае кіраўніцтва, пакуль не жадае ісці на саступкі афіцыйнаму Мінску ў яго патрабаваннях зніжэння коштаў на «блакітнае золата».
Больш за тое, памер запазычанасці Беларусі перад Расіяй расце з кожным днём і дасягнуў ужо 200 мільёнаў долараў з пачатку года.
Беларусь павінна «Газпраму» больш за 200 мільёнаў долараў за пастаўкі газу, заявіў журналістам намеснік кіраўніка праўлення холдынгу Аляксандр Мядзведзеў. Паводле ягоных словаў, маюць месца неплацяжы з боку беларускіх спажыўцоў. Яшчэ два тыдні таму расійскі бок называў лічбу ў 125 мільёнаў долараў, цяпер яна перасягнула, паводле Мядзведзева, 200 мільёнаў. Улічваючы цяперашні стан беларускай эканомікі і плацежаздольнасці айчынных спажыўцоў, гэта вельмі вялікая сума.
Абодва бакі распачалі сапраўдную тэарэтычна-практычную вайну ў адстойванні сваіх інтарэсаў. Расійскі бок настойвае на тым, што трэба выконваць раней падпісаныя пагадненні, беларускі ж урад упэўнены, што трэба зыходзіць з прынцыпаў «роўнадаходнасці» на энерганосьбіты з улікам падзення коштаў на нафту (да якой прывязаныя кошты на газ) і зніжэння курсу расійскага рубля.
Адны лічаць, што Беларусь, паводле ранейшых пагадненняў, павінна плаціць 132 долары за тысячу кубаметраў газа, іншыя (па словах афіцыйных беларускіх чыноўнікаў) — 73 долара. Розніца — амаль у два разы. Натуральна, што расійскі бок не гарыць жаданнем зрабіць такія зніжкі, асабліва ўлічваючы тыя абставіны, што стан расійскай эканомікі, як і беларускай, штодня пагаршаецца, і Масква не на жартачкі мусіць лічыць кожны цэнт і нават рубель.
Даходзіць да таго, што «газпромаўская дачка» — «Газпрам Трансгаз Беларусь» — звярнулася ў Міжнародны арбітражны суд Беларускай гандлёва-прамысловай палаты з зыскам да структураў, якія займаюцца газазабеспячэннем у Беларусі, у звязку з наяўнасцю запазычанасці з боку «аблгазаў» па аплаце ўжо пастаўленага прыроднага газа ў нашу краіну.
Спачатку была спроба вырашыць пытанне на ўзроўні міністраў адпаведных ведамстваў. Але нічога не атрымалася. Пазней была спроба вырашыць пытанне ўжо на ўзроўні віцэ-прэм’ераў. Але сустрэча ў панядзелак Уладзіміра Сямашкі (Беларусь) і Аркадзія Дварковіча (Расія) у гэты панядзелак ні да чаго не прывяла. І вось «Газпром» агучыў новыя лічбы беларускае запазычанасці.
Цяжка сказаць, ці чакае Беларусь чарговая «газавая вайна» з Расіяй. Бо для абодвух бакоў цана на газ робіцца даволі важнай, хаця для Мінска больш прынцыповай, лічыць доктар эканамічных навук прафесар Барыс Жаліба. «Мы зараз апынуліся ў вельмі кепскім эканамічным стане. Але я мяркую, што для шараговых беларусаў і для прадпрыемстваў нічога не зменіцца, калі нават Расія і пагодзіцца зрабіць зніжку на кошты пастаўленага газу ў Беларусь, бо гэтую розніцу забярэ сабе беларускі ўрад. Вельмі ж патрэбны гэтыя долары Беларусі, таму для нашай краіны пытанне цэн на газ цяпер больш важныя, чым для Расіі», — адзначае эксперт.
І, тым не менш, Масква пакуль не збіраецца ісці насустрач Мінску. У беларускіх урадаўцаў застаецца толькі спадзяванне на сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Расіі, якія, бадай, адны толькі з прычыны сваёй усёўладнасці ў падначаленых ім дзяржавах могуць вырашаць такія пытанні. Справа толькі ў тым, наколькі ў правадыроў захаваліся даверлівыя стасункі. А вось гэта, паводле экспертаў, ужо вялікая праблема. Хоць, як мяркуе прафесар Барыс Жаліба, папярэднія практыкі паказваюць, што Крэмль урэшце ніколі не пакідаў Лукашэнку ў бядзе. Відаць, так будзе і гэтым разам, хоць нервы бяззменнаму кіраўніку Беларусі расійскае кіраўніцтва яшчэ паказыча.