У Полацку на свята Перамянення Госпада грэка-каталікі елі яблыкі і прэзентавалі «Псалтыр» Надсана

У Полацку ў грэка-каталіцкай парафіі святой Параскевы Полацкай 6 жніўня, у свята Перамянення Госпада, адбылася прэзентацыя новага грунтоўнага выдання з галіны айчыннай біблійнай спадчыны, — «Псалтыра» (кнігі Псальмаў Давіда) у перакладзе а. Аляксандра Надсана.

pict0072.jpg


Прэзентацыі кнігі была прымеркаваная адразу да двух датаў — 8 ліпеня нядаўна памерламу а. Надсану споўнілася б 90 гадоў. Другая дата амаль круглая — 499 гадоў таму ў Празе, у дзень свята Перамянення Госпада, Францішак Скарына надрукаваў «Псалтыр» — першую кнігу на беларускай мове, якая сталася адначасова першым рэлігійным выданнем па-беларуску.
«Гэтая падзея сталася сапраўдным Святам Перамянення нашай нацыі на шляху хрысціянства і цывілізаванасці», — разважае рэдактар выдання, бібілііст, рыма-каталіцкі святар Сяргей Сурыновіч з Друі. Таксама ў сваім разгорнутым ўступе да кнігі кс. Сурыновіч ўводзіць чытача ў біяграфію перакладчыка і знаёміць з Септуагінтай — старагрэцкай версіяй Святога Пісання, яе значэннем у Новым Запавеце і ва Усходняй Царкве.
Выданне «Псалтыра» — грандыёзнай працы жыцця а. Надсана — запачаткаваў яго пераемнік у Лондане, душпастыр беларусаў Вялікабрытаніі, грэка-каталіцкі святар а. Сяргей Стасевіч, маючы мэтай ушанаваць такім чынам шлях святара і беларуса, які цягам усяго жыцця служыў Бацькаўшчыне на чужыне.
Айцец Сяргей Стасевіч ініцыяваў супольную падрыхтоўку выдання, сабраўшы каманду аднадумцаў: уступную і заключную малітву, змешчаныя ў кнізе, падрыхтаваў а. Аляксандр Аўдзяюк, карэктуру кнігі рабіла перакладчыца і літаратарка Крысціна Курчанкова, мастацкае афармленне кнігі здзейсніла мастачка Алена Ткачова, адмысловы шрыфт на падставе кнігаў Скарыны распрацаваў Антон Брыль, унук Янкі Брыля.
Прэзентацыі кнігі, якая адбылася ў прыходзе з удзелам Апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі, архімандрыта Сяргея Гаека, і барда, аўтара і выканаўцы духоўнай лірыкі Арцёма Сітнікава, папярэднічала Боская літургія, падчас якой настаяцель прыхода а. Аляксандр Шаўцоў заклікаў вернікаў да духоўнага перамянення, у т. л., з дапамогай Святога Пісання на роднай мове, а таксама, згодна з усходне-хрысціянскай традыцыяй, асвяціў дары зямлі — вінаград, яблыкі і грушы, якімі пасля частаваліся вернікі, кіруючыся на прэзентацыю ў прыходскую залю.
На працягу жыцця а. Аляксандр Надсан рабіў велізарную працу па перакладзе літургічных тэкстаў візантыйскай традыцыі. Плён яго працы за дваццаць гадоў — поўны збор багаслужбаў. Цяпер гэтая праца даступная беларускім вернікам.
Айцец Надсан не абмяжоўваўся перакладамі: развіваючы беларускую літургічную традыцыю, ён уводзіў ва ўжытак малітвы і акафісты Скарыны, сам складаў тэксты службаў (аб памнажэнні любові, да святой Еўфрасінні Полацкай, да святога Кірылы Тураўскага і іншыя). Да апошняга года свайго доўгага жыцця ён не спыняў працы над Кнігай псалмоў.
Паводле Крыніца.info