У Пружанах жанчына папрасіла дазволу правесці масавае мерапрыемства — пафарбаваць плот у чырвоны і белы колеры

Заяўку з просьбай дазволіць пафарбаваць плот сваёй хаты ў чырвоны і белы колеры адправіла раённым уладам жыхарка Пружан Вікторыя Онахава-Жураўлёва. Вось што ёй адказалі ў райвыканкаме

А гэта пікет? Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі

А гэта пікет? Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі

У сваёй заяве мясцовым уладам Вікторыя паведаміла, што хацела б правесці масавае мерапрыемства ў форме адзіночнага пікету: пафарбаваць плот у чырвоны і белы колеры. Без дазволу брацца за працу яна не наважылася, бо раней райвыканкам яе апавясціў, што ў побыце «колеравая гама можа расцэньвацца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».
Для забеспячэння бяспекі і аховы грамадскага парадку на месцы пікетавання заяўніца абяцала заключыць адпаведны дагавор з міліцыяй.
Мерапрыемства райвыканкам не ўзгадніў.
«Згодна з палажэннем Пружанскага райвыканкама ад 23 снежня 2014 г. № 2622 "Аб масавых мерапрыемствах у Пружанскім раёне", месцам для правядзення мітынгаў, сходаў, пікетаванняў ў горадзе Пружаны вызначаны гарадскі стадыён "Мухавец". Кіруючыся выкладзеным, вам адмоўлена ў правядзенні адзіночнага пікетавання ў паказаным вамі месцы», — паведамлялася ў лісце за подпісам старшыні райвыканкама Юрыя Бісуна.
Раней Вікторыя звярнулася на гарачую лінію мясцовых улад з пытаннем, якія нарматыўна-прававыя дакументы рэгламентуюць выкарыстанне бела-чырвоных колераў у побыце. Ёй адказалі, што «самі па сабе прадметы ў каляровай гаме белага і чырвонага колеру не з'яўляюцца сімволікай — і заканадаўствам іх выкарыстанне не рэгламентавана», але ёсць адзін нюанс: «Пры наяўнасці іншых фактараў, якія могуць быць вытлумачаны як публічнае выказванне грамадзянінам грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў, альбо пратэсту з выкарыстаннем атрыбутыкі, у тым ліку белага і чырвонага колеру, змешчаная вамі колеравая гама можа атаясамляцца з сімволікай пратэснага руху і расцэньвацца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, што ўтварае склад адміністрацыйнага правапарушэння».
Раней улады Пружанаў таксама тлумачылі іншай гараджанцы, у якіх выпадках бела-чырвонае адзенне і парасон могуць стаць падставай для пратакола па артыкуле за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Яны паведамілі, што ў іх кампетэнцыю «не ўваходзіць рэгуляванне колеравай гамы адзення і аксесуараў».
«Разам з тым адзначаем, што пры наяўнасці іншых фактараў, якія могуць быць вытлумачаны як публічнае выказванне грамадзянінам грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў або пратэсту з выкарыстаннем атрыбутыкі, названыя вамі прадметы (адзенне, парасон чырвона-бела-чырвонай расфарбоўкі) могуць атаясамляцца з сімволікай пратэснага руху і ў адпаведнасці з Законам "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" расцэньвацца, як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, што ўтварае склад адміністрацыйнага правапарушэння па артыкуле 24.23 (у старой рэдакцыі КаАП гэта «народны» артыкул 23.34, па якім судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. — Заўвага. TUT.BY)», — паведамлялася ў адказе.
tut.by