Брэсцкі гарвыканкам забараніў пікет супраць пераследу на РУВП "Граніт" (Мікашэвічы, Брэсцкая вобласць) сябраў незалежнага прафсаюза.
Заяўку на правядзенне гэтай акцыі 7 сакавіка каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, які вызначаны ўладамі для такіх мерапрыемстваў, падавала намеснік старшыні незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і кіраўнік брэсцкага рэгіянальнага аддзялення прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк. Запланаваная колькасць удзельнікаў двухгадзіннага пікета — да 50 чалавек.
"Мэта акцыі — праінфармаваць грамадскасць пра сітуацыю, што склалася на "Граніце" ў сувязі са стварэннем пярвічнай ячэйкі незалежнага прафсаюза на гэтым прадпрыемстве, пра націск на рабочых з боку адміністрацыі, таксама запатрабаваць аднаўлення на працы звольненага, як мы лічым, з-за надуманых прычын кіраўніка пярвічкі Алега Стахаевіча", — паведаміла БелаПАН Міхнюк.
Паводле яе слоў, пікет забаронены ўладамі, бо не заключаны дагаворы з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам, што прадугледжана рашэннем Брэсцкага гарвыканкама ад 30 чэрвеня 2011 года "Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Брэсце".
"У нашым горадзе не ўпершыню адмаўляюць у правядзенні пікетаў з такой матывоўкай. Пры гэтым усе спробы заяўнікаў мерапрыемстваў заключыць неабходныя дагаворы былі беспаспяховымі. У названых структурах не ведаюць, як гэта рабіць. Складаецца ўражанне, што ўлады спецыяльна ўнеслі гэта патрабаванне ў сваё рашэнне, каб не дапускаць у рэгіёне пратэстных акцый", — заявіла Міхнюк.
Яна адзначыла, што 5 сакавіка група актывістаў брэсцкага рэгіянальнага аддзялення прафсаюза РЭП сустрэлася ў Мікашэвічах з сябрамі пярвічнай ячэйкі незалежнага прафсаюза "Граніта". "Мы выказалі ім сваю падтрымку, абмеркавалі сітуацыю і расказалі, што ўжо праходзілі праз падобнае, калі стваралі сваю арганізацыю", — сказала Міхнюк.
Прафсаюзны лідар нагадала, што 6 лютага савет прафсаюзнага актыву брэсцкага рэгіянальнага аддзялення прафсаюза РЭП прыняў заяву, у якой выказаў салідарнасць з сябрамі пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў "Граніта", запатрабаваў ад кіраўніцтва прадпрыемства неадкладна даць юрыдычны адрас для рэгістрацыі арганізацыі БНП, спыніць націск і запалохванне працоўных і іх блізкіх. Гэты дакумент накіраваны на РУВП "Граніт".
У канцы снежня мінулага года больш за 200 працоўных "Граніта" выйшлі з дзейнай на прадпрыемстве афіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі і заявілі пра намер стварыць пярвічную структуру Беларускага незалежнага прафсаюза. Для афіцыйнай рэгістрацыі ім неабходна атрымаць юрыдычны адрас, аднак адміністрацыя прадпрыемства не выдзяляе памяшкання.
У сярэдзіне лютага вадзіцель самазвала Алег Стахаевіч быў звольнены з фармулёўкай "неадпаведнасць работніка пасадзе ці працы, што выконваецца, з прычыны недастатковай кваліфікацыі". Прафсаюзны актывіст звяртаўся да кіраўніцтва прадпрыемства з просьбай перавесці яго на пасаду памочніка машыніста буравой устаноўкі з папярэднім перанавучаннем (перанавучанне ў такой сітуацыі ўваходзіць у абавязкі наймальніка), аднак у гэтым яму было адмоўлена.
Паводле БелаПАН