У Курапатах усталёўвалі паваленыя вандаламі крыжы

У суботу, 23 чэрвеня, ва ўрочышчы Курапаты сабралася талака для ўсталявання 12 крыжоў, днямі паваленых невядомымі. Журналіст НЧ паехала туды, каб высветліць у грамадскіх актывістаў, хто і для чаго ладзіць бясконцыя акты вандалізму, а галоўнае, якія сілы стаяць за ганебнымі спробамі знішчэння памяці пра рэпрэсаваных беларусаў.

Вольга Кавалёва жыве нездалёк ад гэтага ляснога масіву на ўскрайку Мінска, і ў чацвер прагульвалася побач.



67c08c98984cc2bc4b9d1f0d2fe6726a.jpg

У суботу, 23 чэрвеня, ва ўрочышчы Курапаты сабралася талака для ўсталявання 12 крыжоў, днямі паваленых невядомымі. Журналіст НЧ паехала туды, каб высветліць у грамадскіх актывістаў, хто і для чаго ладзіць бясконцыя акты вандалізму, а галоўнае, якія сілы стаяць за ганебнымі спробамі знішчэння памяці пра рэпрэсаваных беларусаў.
Вольга Кавалёва жыве нездалёк ад гэтага ляснога масіву на ўскрайку Мінска, і ў чацвер прагульвалася побач.
“Я ўбачыла паваленыя крыжы, каля сямі штук, а таксама нейкую мітусню ў лесе, — узгадвае яна. — Адразу патэлефанавала грамадскаму актывісту Алесю Макаеву, якога ведаю, а той звязаўся з Парфянковым.
Абаронца Курапатаў і былы палітвязень Васіль Парфянкоў, які, як і Вольга, жыве нездалёк, неадкладна прыбег. Крыжы яшчэ працягвалі валіць.
“Міма ішоў мужчына, які гучна абураўся вандалізмам, але двое маладзёнаў нават не звярнулі на яго ўвагі, — кажа Кавалёва. — Мяркую, гэта былі тыя ж самыя вандалы, якія тут сістэматычна твораць бязмежжа.
Парфянкоў пагнаўся за імі, але тыя ўцяклі.
Васіль паказвае мне зламаныя крыжы і распавядае, што неабходны дошкі ці металёвыя пласціны для таго, каб абабіць імі крыжы.
“Натуральна, усё гэта будзем рабіць мы, бо дзяржаве крыжы не патрэбны, — кажа ён. — Шкада, сёння прыйшло няшмат людзей, але будзем спрабаваць. Бліжэйшым часам зробім.
Дарэчы, яшчэ раней на пілараме ўжо замовілі паўсотні новых крыжоў на замену старым уздоўж дарогі.
“Вандалы былі апранутыя звычайна, як і я — у курткі, джынсы, адзін з іх — у кепцы. Таму дакладна адказаць, хто гэта — скінхэды ці чальцы РНА, немагчыма, — кажа Васіль і дадае, што робяць яны гэта “з дурасці.
З ім не згодная Галіна Чыслава, якая прыходзіць сюды прыбіраць могілкі кожную суботу з лета 2001 года — часу, калі ўлады спрабавалі зруйнаваць Курапаты, а яна разам з іншымі стаяла перад экскаватарамі.

                      Галіна Чыслава прыбірае могілкі
“Іх накіроўваюць, — кажа кабета. — Гэта адгалінаванне РНА. Аб іх дзейнасці сведчыць надпіс над пешавым пераходам пад шашой, які вядзе на Курапаты: “Минск — русский город!.
Саму Галіну ледзь не збілі расейскія нацыяналісты, калі яна з бел-чырвона-белым сцяжком у руках ехала ў метро да Усходніх могілак, каб ушанаваць памяць Васіля Быкава. Жанчына заўважыла, што за ёй пачала сачыць купка маладзёнаў у чорным адзенні з паголенымі галовамі. Чыславай пашанцавала — яна прыбілася да фотакарэспандэнтаў і журналістаў, якія таксама ехалі на могілкі, і пазбегла расправы.
Я знайшла Галіну побач з валуном з намаляванай Багародзіцай і шыльдай, якая абяцае пабудову помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій калісьці ў будучыні. Аціраючы рукі ад глебы, прыхільніца партыі Пазняка распавядае, што вандалы наведваюцца ў гэтае жахлівае месца расстрэлаў часта, а летась нават учынілі пажар.
“Мяркую, што гэта быў мэтанакіраваны падпал, бо ад недакурка крыж бы не загарэўся, — кажа Галіна. — На вялікі сорам, беларусы як нацыя не адбыліся. Кожная сям’я страціла кагосьці ў сталінскія часы, але памяці пра гэта ў людзей няма. Я езджу на адпачынак у Латвію і бачу, як там ставяцца да памяці продкаў і помнікаў. Не дацягваем мы да іх. Нават кветкі сюды прыносяць выключна палякі, а беларусы, на вялікі сорам, не носяць.
Прыбіраць могілкі, акрамя Чыславай, кожную суботу прыязджае пажылая жанчына з Дзяржынску — Аліна Дуброўская, а таксама журналіст газеты “Народная Воля Святлана Кліменценка.
Актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алесь Макаў таксама не верыць у тое, што крыжы валілі “нейкія дэбілы. Ён згадвае пра двух непаўнагадовых вандалаў, якіх злавіў у 2008 годзе. Міліцыя іх адпусціла з-за недахопу доказаў. Справа была зачынена. Грамадскасць падняла гвалт, і крымінальную справу зноў адкрылі. Але яна зноў не дайшла да суда — вандалы трапілі пад амністыю, хоць аднаму з іх на той момант ужо споўнілася 18 год.
І вось якая цікавая гульня гісторыі.
“Прозвішчы іхнія былі — Шышко і Астрэйка, — згадвае Макаў. — А сярод прозвішч тых катаў з камендатуры НКУС, хто выконваў расстрэлы ў Курапатах у 1937–1941 гадах, згодна архівам, значылася і прозвішча Астрэйка.
Нашчадкі катаў працягваюць чорную справу продкаў?.. Не выключана.
Гіпотэзу, што вандалы — менавіта з адгалінавання РНА, Макаў ставіць пад пытанне.
“Пасля забойства Самойлава міліцыя разграміла іх офіс у Мінску, таму цэнтр цяжару перамясціўся ў Гародню, — кажа ён.
На думку Макава, крыжы валілі, магчыма, хлопцы з вайскова-патрыятычнага клуба “Тарнада на базе мясцовай школы па вуліцы Кальцова, якім кіруе былы афіцэр расейскага спецназу.
“Напрыклад, трансфарматарная будка на тэрыторыі іх школы ўся размаляваная фашысцкай сімволікай, і калі я пачаў яе фатаграфаваць, мяне хуценька атачылі тамтэйшыя падлеткі — “абаранялі сваю мяжу. 3 ліпеня яны будуць выступаць у камуфляжу на святкаванні Дня Незалежнасці ў сваім раёне. Калі хочаце, прыходзьце паглядзець на іх, — прапануе Макаў.
На “Крыжовай Алеі паміж крыжоў выкошвае траву газонакасілкай Уладзімір Юхо. Сюды ён прыходзіць аж з 1980 года, бо жыве побач. А калі даведаўся пра вынікі эксгумацыі знойдзеных парэштак, дык і ўвогуле амаль пасяліўся ва ўрочышчы. Дзед Юхо загінуў у сталінскіх лагерах.

                   Уладзімір Юхо косіць траву, якой зарастаюць крыжы
“Улады не прымаюць ніякіх мераў супраць вандалаў, — кажа сябра КХП-БНФ. — Штогод валяць крыжы. Асабліва напярэдадні Дзядоў. Напрыклад, летась 40 крыжоў павалілі. І міліцыю выклікаем, але ўсё дарма. Вялікую, на ўвесь камень, шыльду скралі пяць гадоў таму. Я і сляды ад колаў машыны, і крышан знайшоў! Эксперты працавалі, мяне выклікалі ў крымінальную міліцыю для складання пратаколаў. А выніку ніякага, бо ўлада ў ім не зацікаўленая.

         Вось ужо 30 год унук рэпрэсаванага дзеда нясе свой крыж на Курапатах
Падчас нашай размовы з Юхо на “Крыжовай Алеі з’явіўся сівы дзядок з кіем — гэта кульгаў да паламаных крыжоў старшыня ГА “Хрысціянская злучанасць “Курапаты Вацлаў Нямковіч. Ён ўпэўнены, што вандалы гэта робяць для знішчэння памяці пра рэпрэсіі, але на пытанне, хто, на ягоную думку, кіруе злыднямі — спецслужбы ці нехта іншы, — размыта адказвае: “цёмныя сілы.
“Я паўгадзіны таму размаўляў з маім знаёмым Ігнатоўскім, які жыве тут нездалёк. Яшчэ калі мянялі Шушкевіча, ён стаў сведкай таго, як раніцай у Курапаты прыехалі чатыры машыны і людзі з іх выкопвалі косткі з ямаў і скідвалі ў кузаў. Акрамя таго, эксгумацыя рэшткаў адбывалася і пасля вайны, каб замесці сляды. Што ж казаць пра сённяшні вандалізм, які — сведчанне жыцця камунізму і фашызму, — са смуткам зазначае Нямковіч. — Па розных дадзеных у Курапатах расстраляна ад 30 да 300 тысячаў беларусаў. Іх не вернеш, але трэба ведаць памер генацыду і хто за ім стаяў.

333.jpg

                           Вацлаў Нямковіч распавядае пра лёс Курапатаў
На наступны пасля нашай размовы дзень Вацлаў Адольфавіч, нягледзячы на хворую нагу, паехаў у Чэрвень, былы Ігумен — яшчэ адно гістарычнае месца знішчэння палітвязняў.