Улады папрасілі Вікіпэдыю правільна называць Беларусь і яе гарады

Дзяржкамітэт па маёмасці Беларусі накіраваў ліст у Вікіпэдыю з просьбай пры напісанні беларускіх геаграфічных назваў лацінкай выкарыстоўваць «нацыянальную сістэму раманiзацыi геаграфiчных назваў», піша Свабода.

wiki_2.png


У адказе Дзяржкамітэту на калектыўны зварот беларусаў гаворыцца, што ведамства «накіравала кампанii НП «Викимедиа РУ» ліст з рэкамендацыяй на старонках сэрвісу Wikipedia пры напісанне лiтарамi лацiнскага алфавіту назваў беларускіх геаграфiчных аб’ектаў выкарыстоўваць нацыянальную сістэму раманiзацыi геаграфiчных назваў у адпаведнасць з беларускай Iнструкцыяй па транслітарацыйі геаграфiчных назваў».
У ведамстве пры гэтым адзначылі, што арганiзацыi, на якiя iдзе спасылка ў звароце, з'яўляюцца замежнымi, не маюць прадстаўнiцтваў на тэрыторыi Беларусі i на iх не распаўсюджваецца дзейнасць беларускага заканадаўства.
МЗС Беларусі ў адказе на петыцыю напісала, што ведамства «пры неабходнасці, будзе аказваць садзейнічанне ў арганізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння» што да тэмы звароту з Радай ЗША па геаграфічных назвах і Пастаянным камітэтам па геаграфічных назвах Вялікай Брытаніі.
У чэрвені беларусы стварылі калектыўны зварот на сайце petitions.by, у якім прасілі Дзяржкамітэт па маёмасьці і МЗС Беларусі звярнуцца да Рады ЗША па геаграфічных назвах і брытанскага Пастаяннага камітэту па геаграфічных назвах з патрабаваннем афіцыйна прыняць наўзамен састарэлай раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў BGN/PCGN (выдадзеная ў 1979 годзе), нацыянальную Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага альфабэту, рэкамэндаваную ў 2013 годзе ААН.
Як адзначалі аўтары звароту, перадача геаграфічных назваў Беларусі «дагэтуль адрозніваецца ганебнай разнастайнасцю: частку назваў проста перакладаюць (Траецкае прадмесьце = Trinity Suburb), частку трансліруюць з расійскага напісання (Магілёў = Mogilev), але найбольш сурʼёзную канкурэнцыю Інструкцыі складае менавіта BGN/PCGN».