Вітанне свабоды

Апошнім часам розныя падзеі сплятаюцца ў настолькі цесны вузел, што схаваныя кантэксты робяцца гранічна зразумелымі.

Вось паказальны шэраг. 8 сакавіка прадстаўнік МЗС Сербіі дэклараваў, што следам за ЕС Сербія прызнае спіс забароненых да ўезду ў краіну беларускіх чыноўнікаў на чале з Лукашэнкам.



22785dd2577be2ce28ef79febe80db10.jpg

Апошнім часам розныя падзеі сплятаюцца ў настолькі цесны вузел, што схаваныя кантэксты робяцца гранічна зразумелымі.
Вось паказальны шэраг. 8 сакавіка прадстаўнік МЗС Сербіі дэклараваў, што следам за ЕС Сербія прызнае спіс забароненых да ўезду ў краіну беларускіх чыноўнікаў на чале з Лукашэнкам.
А знакаміты брытанскі драматург Том Стопард 7 сакавіка паведаміў, што яго ініцыятыва “Free Belarus Now разам з Міхаілам Гарбачовым, Вацлавам Гавэлам, “Свабодным тэатрам і шэрагам выдатных акцёраў (Джорджам Клуні, Майклам Дугласам, Маркам Нопфлерам, Сігурні Уівэр ды іншымі) з дапамогай юрыстаў падрыхтавала позвы па сітуацыі ў Беларусі.
Яны пойдуць у чатыры інстытуцыі ААН: у Камітэт па правах чалавека, спецдакладчыку ААН па незалежнасці суддзяў і адвакатаў, спецдакладчыку па пытаннях абароны свабоды перакананняў і выказванняў і спецыяльнаму прадстаўніку генеральнага сакратара ААН у пытанні праваабаронцаў. А таксама ў артыкуле ад 8 сакавіка ў брытанскай газеце “The Independent сэр Стопард заявіў, што пасля сведчанняў пра катаванні ў турме кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча (і іншых) наспеў час падачы ў цывільны суд прыватных іскаў асабіста супраць Лукашэнкі.
Але хацелася звярнуць увагу на тое, што пра наспяванне крытычнай сітуацыі для рэжыму сведчаць нават больш дробныя факты. Мы анансавалі прыезд у Мінск на канцэрт 7 сакавіка знакамітага металічнага гурта “ACCEPT. Таго самага, які, не пазбаўлены шанавання гуманітарных каштоўнасцяў, праславіўся тым, што ў 1980-я ўсе прыбыткі ад аднаго са сваіх альбомаў пералічыў галадоўцам Эфіопіі.
На кароткай імправізаванай прэс-канферэнцыі ў мінскім аэрапорце фронтлайнер-гітарыст групы Вольф Хофман сказаў таксама нешта не тыповае для залётных знакамітасцяў — “гасцей сталіцы. Ён не адзначыў “чысціню і парадак у горадзе (перад тым гурт канцэртаваў у Мінску ў 2005 годзе). Але сказаў, што музыкі абавязкова пройдуцца вуліцамі “гэтага прыгожага еўрапейскага горада, ад якога яны атрымліваюць асалоду, і абавязкова завітаюць у адзін з музеяў. А таксама пра тое, што ва ўзросце далёка за 40 яны нарэшце маюць найлепшую аўдыторыю: старыя прыхільнікі не згубіліся, а на канцэрты разам з імі прыходзяць моладзь і дзеці.

Том Стопард 7 сакавіка паведаміў,
што яго ініцыятыва «Free Belarus Now»
з дапамогай юрыстаў падрыхтавала іскі
па сітуацыі ў Беларусі

 


Так яно і было: у амаль поўным (а ўлічваючы танцпол — перапоўненым) Палацы спорту пад ашаламляльны гук танчылі і спявалі нават дзеткі трошкі старэйшыя за 5 гадоў. У сярэдзіне канцэрта прагучала адна з нешматлікіх павольных кампазіцый “Халодныя зімовыя вечары са словамі: “Халодныя зімовыя вечары, халодныя зімовыя сны. Яны адбіваюць гукі майго сэрца — гэта смак свабоды… Пасля песні саліст некалькі разоў звярнуўся да залы: “Падымайце знак перамогі — Victory — два пальцы дагары! І ўся зала ўзняла рукі. А скончыўся двухгадзінны канцэрт адной з самых вядомых кампазіцый гурта, але таксама не выпадковай: “Balls to the wall. Не пераказаць некалькі яе радкоў проста немагчыма:
“У свеце зашмат рабоў
памірае ад катаванняў і болю.
Зашмат людзей не бачаць,
што яны забіваюць самі сябе,
ідучы да вар’яцтва.
Залішне шмат людзей і не ведаюць,
што на чалавецтве ляжаць аковы.
І яны вераць,
што рабы заўсёды прайграюць,
І страх стрымлівае іх.
Але паглядзіце на гэтых пад праклёнам —
Гасподзь бласлаўляе іх.
Яны ідуць разбіць свае ланцугі
І ты не здолееш спыніць іх —
Гасподзь бласлаўляе іх…

І напрыканцы: “Камяні ў сцяну — мы ідзем змагацца за свае правы… Пакажы мне знак свабоды!
Безумоўна, знакамітая песня часоў “Салідарнасці Яцэка Качмарскага “А сцены зруйнуюцца паўстала трошкі раней за песню “Balls to the wall (1983) “ACCEPT. Але свае песні “ACCEPT праспяваў беларусам вельмі своечасова.
Магчыма, не ўсе ў канцэртнай залі Палаца спорту ведалі словы песняў — але траціна гледачоў падпявала музыкам. Магчыма, не ўсе зразумелі сэнс паслання: бо ніхто не выгукаў палітычных слоганаў і не падымаў сцягоў.
Але культура відавочна замыкае сваё сэнсавае кола: мала хто ведае, што Том Стопард, які зараз змагаецца за свабоду Беларусі, калісьці шчыльна супрацоўнічаў з Фасбіндэрам, — аўтарам выдатнай стужкі “Замужжа Марыі Браўн. Стужкі пра цяжкае падыманне з каленяў укрыжаванай на раздарожжы гісторыі паваеннай Германіі. І зараз нямецкі гурт кажа беларусам на тонкай мове мастацтва: час уздымацца з каленяў.