Вацлаў Гавэл не можа памерці, бо гэты чалавек нясе свабоду
У 35-ю гадавіну абвяшчэння чэхаславацкай Хартыі-77 ў офісе Руху “За Свабоду прайшла беларуская вечарына памяці апошняга прэзідэнта Чэхаславакіі і першага прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела. У гэты дзень ва ўсім свеце ўшаноўваюць памяць Вацлава Гавела: 6 студзеня 1977 года яго арыштавалі за подпіс пад гэтым дакументам.
У 35-ю гадавіну абвяшчэння чэхаславацкай Хартыі-77 ў офісе Руху “За Свабоду прайшла беларуская вечарына памяці апошняга прэзідэнта Чэхаславакіі і першага прэзідэнта Чэхіі
Вацлава Гавела. У гэты дзень ва ўсім свеце ўшаноўваюць памяць Вацлава Гавела: 6 студзеня 1977 года яго арыштавалі за подпіс пад гэтым дакументам.
Хартыя-77 – праграмны дакумент, які стаў нагодай для фарміравання групы палітычных дысыдэнтаў у Чэхаславакіі, што праіснавала з 1976 па 1992 год. Яе заснавальнікі сталі
вядучымі грамадскімі і палітычнымі фігурамі ў краіне пасля аксамітнай рэвалюцыі 1989 года.
“Прэса ўжо які дзень піша пра смерць Гавэла. І ў матэрыялах, каментарах можна сустрэць супрацьлеглыя меркаванні. Многія ўдзячныя яму за пераход ад таталітарнага строю да дэмакратыі.
Іншыя называюць яго ідэалістам, звязваюць яго імя з цяжкасцямі, з якімі сутыкнулася Чэхія ў пераходны перыяд. Але гісторыя даказала, што Гавэл меў рацыю і дэмакратычны шлях з павагаю да правоў
чалавека ёсць верным шляхам, -- сказала прадстаўніца чэшскай амбасады ў Мінску Дагмар Дзідзенка-Наваградска у сваёй прамове. -- Ідэю дэмакратыі Вацлаў Гавэл распаўсюджваў у
сваіх кнігах і спектаклях, якія на той час былі забароненыя ў Чэхаславакіі. Палітыка для яго была другаснай. Першая яго задача і сэнс дзейнасці -- гэта рэалізацыя права асобы на
свабоду."
Фота Арцёма Лявы
Кіраўнік руху “За Свабоду Аляксандр Мілінкевіч меў некалькі сустрэчаў з Вацлавам Гавелам. Першая такая сустрэча адбылася, калі Мілінкевіч у статусе адзінага
кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2006 наведаў Прагу ў 2005 годзе.
-- Калі я прыляцеў у Прагу, то перад сустрэчаю з Гавэлам хваляваўся больш, чым перад сустрэчамі з кіраўнікамі дзяржаў. Гэты чалавек для мяне быў чалавекам вялікай асобы, чалавекам Еўропы, ён
зрабіў вельмі многа, каб слова “дэмакратыя стала зразумелым у краінах посттаталітарных краінах Еўропы. Мы гулялі па Празе, і кожны другі мінак падыходзіў павітацца з былым
прэзідэнтам Чэхіі, усміхаўся. Мне запала ў думкі такая яго фраза: “Вы без Еўропы не будзеце паўнавартаснай дзяржавай, як і Еўропа не будзе без вас цэласным аб’яднаннем. І
ён многа рабіў для таго, каб далучыць нас да Еўропы, прапагандаваць Беларусь на Захадзе. Я думаю, яго можна лічыць паслом Беларусі на Захадзе. Гэты чалавек быў прыняты большасцю людзей, быў сімбалем,
сапраўдным лідэрам. Я зайздрошчу чэхам, што яны мелі такога грамадзяніна. Вацлаў Гавэл не можа памерці, бо гэты чалавек нясе свабоду, -- падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.
Фота Арцёма Лявы
На вечарыне памяці таксама выступілі шэф-рэдактар газеты “Наша ніва Андрэй Дынько, паэт-палітык Уладзімір Някляеў, журналістка Ірына Халіп, жонка зняволенага
экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, праваабаронца Таццяна Равяка, літаратар і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў, кіраўнік мінскага бюро радыё “Свабода Валянцін Жданко.
Валянцін Жданко зачытаў апошні прыжыццёвы ліст Вацлава Гавела. Гэты ліст быў адрасаваны беларускім палітвязням, яго Вацлаў Гавел напісаў 15 снежня, праз тры дні легенды еўрапейскай палітыкі і
грамадскага жыцця не стала.
Ліст Гавэла да беларускіх палітвязняў:
“Дарагія сябры! Хацеў бы сардэчна вас павіншаваць на парозе новага году і пажадаць вам і вашым блізкім, каб ён быў лепшым, чым мінулы. Выказваю салідарнасць з вашай пазіцыяй і буду
і надалей выкарыстоўваць усе магчымасці, каб разам са сваімі сябрамі звяртаць увагу міжнароднай грамадскасці на парушэнне грамадзянскіх правоў у Беларусі. Жадаю усяго добрага вам і свабоды вашай
краіне.
Важна дадаць: сёлета Вацлаў Гавэл далучыўся да міжнароднага камітэта па вылучэнні на Нобелеўскую прэмію міру 2012 года зняволенага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.