Вацлаў-Манівід, Каліна-Бяроза… Беларуска назвала чацвярых дзяцей незвычайнымі імёнамі, каб яны не былі такімі, як усе

Усе чацвёра дзяцей беларускі Юліі Бярозы, якая з 2007 года пражывае ў Канадзе, маюць незвычайныя імёны: Вацлаў-Манівід, Радана-Багдана, Каліна-Бяроза і Верас-Овэ. А пачалося ўсё з першынца, якога жанчына нарадзіла ў 1999 годзе. Цікава, што ідэя з дабл-імёнамі належала, не ёй, а мужу.

imia.jpg

«Адно імя абірала я, другое — бацька майго першынца. Такая самая сітуацыя паўтарылася і ў 2003 годзе з другім дзіцём ад іншага мужчыны. Абірала на падставе таго, падабаўся мне варыянт ці не. Вацлава сабе, напрыклад, захацела, прачытаўшы «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Радану ж узяла з нейкай кнігі балцкіх імёнаў», — расказвае Юлія.
Вацлава хрысцілі ў касцёле, і праблем з яго імем там не ўзнікла, а вось дачку Юліі Раду хрысцілі ў праваслаўнай царкве, і святар даў зразумець, што цырымонія адбываецца ў рускім прыходзе, таму і імя мусіць быць рускім.
«Хросны маёй дачкі здолеў угаварыць мяне хрысціць Радану як Ганну (так звалі хросную). Так што па сутнасці ў маёй дачкі трайное імя. Па шчырасці, на той момант я вырашыла завязаць з праваслаўем, таму малодшых дзяцей, якіх нараджала ўжо ў Канадзе, не хрысціла», — згадвае падзеі мінулага гераіня.
Юля прызнаецца, што ў першую чаргу пры выбары імёнаў звяртала ўвагу на тое, як яны гучаць (асабліва важна было, каб іх маглі вымавіць англамоўныя сябры), і ўжо пасля на значэнне.
«Але так склалася, што значэнні імёнаў паўплывалі на характары дзяцей. Першы ў мяне ваяр па сутнасці, перамагаў на ўсіх спаборніцтвах па каратэ. Радана — вельмі разумная дзяўчынка. Каліна ў свае 7 год — «універсальны праваднік»: аб’ядноўвае неаб’ядноўваемае і злучае дзяцей, якія аніяк не маглі існаваць побач. І нават трохгадовы Верас паспеў пераканаць, што выжыве там, дзе выжыць практычна немагчыма. І будзе пры гэтым квітнець і буяць».
Юлія расказвае, што ў Канадзе практыка падвойных імёнаў досыць распаўсюджаная, яны могуць быць хоць трайнымі — у пашпарт запішуць што заўгодна. Можна нават папрасіць для дзяцей іншае прозвішча, няважна, што яно не супадае з бацькоўскімі. Многія прыезджыя беларусы усе часцей бяруць сабе імя па бацьку ў якасці сярэдняга імя.
Так што іх дзеці не выглядаюць незвычайна. А як яны самі ставяцца да таго, якія варыянты абралі для іх бацькі? Юля сцвярджае, што дзецям сітуацыя пераважна падабаецца.
«Вацлава ўсё задавальняе. Праўда, ён катэгарычна супраць, каб па-за сям’ёй яго клікалі Вацак. Вацак ён толькі для родных. Радку раздражняе, што яе імя ніхто не можа вымавіць правільна. І не любіць поўную форму, таму ў школе, і ў лекара запісаная проста як Рада. Кажа, што пры атрыманні пашпарту ў 16 год усё ж зменіць імя на Рада канчаткова, а прозвішча возьме маё дзявочае — Бяроза.
З іх імёнаў не здзекваліся і ў Беларусі. Па маіх назіраннях, калі людзі хочуць пакпіць з кагосьці, яны знойдуць нагоду. Гэта будзе прычоска, колер скуры, вачэй, валасоў, вага, імя, прозвішча, нацыянальнасьць, імёны бацькоў, сацыяльны статус… Карацей, абсалютна непрынцыпова, якое ў дзіцяці імя, калі дарослыя дазваляюць іншым дзецям з яго здзеквацца. Так і Сярожу могуць зацкаваць, што жыцця не будзе».
Юля не выключае, што і сама, магчыма, зменіць сваё імя. Прычыны на тое будуць простыя: «Маё самае звычайнае імя для мяне — гора-бяда. Па першае, ўсё дзяцінства такіх «Юль» было як бруду. А я хацела быць не такой, як усе! Па-другое, маё імя абсалютна невымаўляльнае для англамоўных людзей. Яшчэ і на слых яго не ўспрымаюць, таму ў Канадзе мяне завуць «Йулыа».
Паводле Нашай Нівы