Велатурысты з Германіі прыехалі ў Беларусь, каб пабачыць помнік Леніну

Каб убачыць гарадзенскі помнік Леніну, студэнты з Берліна праехалі на роварах больш за сем тысяч кіламетраў. Юліян і Ленка ўжо чатыры месяцы катаюцца па Еўропе, а нядаўна спыніліся ў Гродне.



get_imgx1vz4c6y.jpg

— Вырашылі пабываць у Беларусі, таму што пра вашую краіну ведалі зусім няшмат. Нам было цікава ўбачыць помнік Леніну: нідзе ў Еўропе няма помнікаў народнаму правадыру, — з усмешкай распавядае Юліян (хлопец трохі гаворыць па-руску, бо вывучае славянскія мовы ва ўніверсітэце). — Яшчэ пацешна, што ў Беларусі засталося шмат савецкага — напрыклад, назвы вуліц: Сацыялістычная, Камуністычная.

Моладзь падарожнічае з 10 красавіка. Яны пабывалі ў Харватыі, Славеніі, Італіі, Манака, Францыі, Бельгіі, Люксембургу, Нідэрландах, Германіі, Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Літве і Латвіі.

У Гродна пара зазірнула на два дні, а ўсяго ў Беларусі прабыла дванаццаць. Яны ўбачылі Ашмяны, Ліду, Мір, Навагрудак, Мінск. Юліян і Ленка выбіраюць экалагічны адпачынак: у краінах ЕС яны начуюць у палатках пад адкрытым небам на тэрыторыях кемпінгаў. У Беларусі такіх пляцовак не знайшлі, таму давялося спыняцца ў гасцініцах.

За чатыры месяцы падарожжа патрацілі каля 2400 еўра на дваіх — не так шмат для такога доўгага маршруту. Дарэчы, з-за цяжару багажу Юліян і Ленка збіраюць на памяць толькі фатаграфіі. Сваімі ўражаннямі яны дзеляцца анлайн у асабістым блогу (lenkian.blogspot.com).

Вялікае ўражанне на гасцей зрабіла рэакцыя беларусаў, якія пільна разглядалі іх, калі яны ехалі на роварах з вялізнымі сумкамі (вага кожнай прыкладна 25 кілаграмаў). Турыстамі на роварах у Еўропе нікога не здзівіш, у нас жа такі від адпачынку толькі зараджаецца.

www.t-styl.info