Вольга Севярынец: Не ведаю, як нашу рэвалюцыю можна назваць жаночай

Вольга Севярынец распавяла «Радыё Рацыя» пра тое, што зараз адбываецца з мужам, пра жыццё з маленькім сынам і пра свае думкі наконт беларускай рэвалюцыі.

1_1_12.jpg

РР: Як доўга Павел ужо знаходзіцца ў турме?
Вольга Севярынец: 7 сакавіка будзе 9 месяцаў. Яго затрымалі 7 чэрвеня. І мы з таго часу не бачыліся.
РР: Ці вядома ўвогуле, што з ім там адбываецца? Нейкія лісты даходзяць?
Вольга Севярынец: Яны то вельмі добра ходзяць — амаль праз некалькі дзён, як ён даслаў, альбо іх там можа паўмесяца не быць. На дадзены момант справу яго закрылі ў тым сэнсе, што яна ўжо падрыхтаваная, яму далі з ёй азнаёміцца. Новых абвінавачанняў яму не далі. На ім застаўся артыкул 293 ч.2 (удзельнік масавых акцый). У турме ён шмат працуе, піша кнігу пра сям’ю, дапісвае свой раман «Беларусалім», для Францішка піша казку, адказвае на лісты. Кажа, што на святы 30-40 лістоў у дзень прыносілі, і гэта нават за суткі не адкажаш.
РР: Ці нешта паказвае на тое, як доўга яшчэ ён будзе там сядзець?
Вольга Севярынец: Усё залежыць ад таго, як будуць тут падзеі развівацца, на волі. Калі ўсё кепска — то праз некалькі месяцаў павінен быць суд. Таму што месяц, якраз да 25 сакавіка яны знаёмяцца са справай. Пасля справа перадаецца ў пракуратуру. І там ужо праз месяц пракуратура перадае справу ў суд. У горшым варыянце суд у траўні будзе. Гэты артыкул прадугледжвае ад 3 да 5 гадоў (пазбаўлення волі). Але я спадзяюся на лепшае, у мяне такое прадчуванне, што ўсё будзе добра.
РР: Цяжка вам адной гадаваць сына?
Вольга Севярынец: Цяжка тое, што побач няма Пашы, я вельмі сумую па ім. Цяжка таксама назіраць, што ўжо да году набліжаецца час, калі яго няма. Дзіцяці малому, Францішку, было каля 2 гадоў, калі Пашу забралі, зараз будзем адзначаць тры гады. Цэлы год вось такі маленькі хлопчык без таты. Гэта самае складанае, таму што я разумею, колькі Паша свайго сэрца і розуму ўклаў у яго, сябе самога. Таму гэта вельмі складана, але стараюся на гэтым не зацыклівацца. Дзякуй Богу, беларусы настолькі салідарныя людзі, што тут няма на што скардзіцца.
РР: Гэтыя пратэсты зараз часта называюць жаночай рэвалюцыяй. Ці Вы з гэтым можаце пагадзіцца?
Вольга Севярынец: Так, жанчыны ў гэтай рэвалюцыі адыгралі значную ролю, таму што такія заўважныя і яскравыя ўчынкі былі ўласцівыя жанчынам. Ціханоўская, усё іх трыа, Калеснікава, якая так паступіла вельмі моцна, Ніна Багінская. Жанчыны, якія змянілі ход нямірнай рэвалюцыі да мірнай, прыгожай. Гэта, канешне, прыцягвае ўвагу, і гэта вельмі важна. Але паслухайце: вельмі шмат мужчын прайшлі праз суткі, іх было так шмат збіта і катавана, што я не ведаю, як рэвалюцыю можна назваць жаночай. Быццам мужчыны ў ёй не прымаюць удзел? Тут, мне здаецца, грамадства пароўну адгукнулася на гэтыя падзеі. Жанчыны, быць можа, нейкія больш заўважныя былі, але, з іншага боку, ну паглядзіце: Бабарыка, напрыклад, сваім крокам. Ціханоўскі сваім крокам таксама. Севярынец, Статкевіч, якія шмат год працавалі — гэта таксама заўважныя постаці. Ігар Лосік, які галадаваў 42 дні. Максім Знак — рамантык, які ні за што трапіў і сядзіць як тэрарыст. Мне здаецца, што, можа быць, раней беларускія жанчыны не былі настолькі смелыя і заўважныя, што зараз гэта кідаецца ў вочы. Як па мне — дык гэта абсалютна і мужчынская, і жаночая рэвалюцыя. Узаемная рэвалюцыя беларускага адзінства. Тым яна і моцная.