Вось дык салідарнасць: як збіралі падарункі дзецям завадчанаў з незалежных прафсаюзаў

Офіснае крэсла, баксёрская груша, квіткі на танцпол, сертыфікаты на боты і вопратку ўвесь снежань «сцякаліся» ў кватэры беларусаў Масквы. Напрыканцы снежня пакункі ў Мінск прывёз на аўтамабілі прадстаўнік маскоўскае дыяспары Дзмітрый. Там былі падарункі для дзетак беларускіх завадскіх актывістаў, сабраныя па ўсім свеце – ад беларусаў розных краінаў, а таксама прафзвязаў Вялікае Брытаніі ды Ірландыі. Пра гэта «Белсату» паведамілі актывісты ініцыятывы «Профсоюз онлайн».

ded_moroz_i_snegurochka_s_maza.png

На пачатку снежня ў валанцёраў саспела ідэя павіншаваць дзяцей завадчанаў з незалежных прафсаюзаў.

«Шукалі падтрымання ў міжнародных прафзвязах. Проста пыталіся ў чатах, хто можа ўключыцца і дапамагчы», — расказваюць валанцёры ініцыятывы «Прафсаюз онлайн», што дапамагае людзям далучыцца да аднаго з чатырох незалежных прафсаюзаў і аб’яднаць людзей на працоўных месцах.

Адгукнулася дыяспара Масквы і Пецярбургу. Актывісты збіралі звесткі пра дзяцей, бацькі якіх пазбавіліся працы, трапілі ў СІЗА, атрымалі штрафы за ўдзел у мітынгах. Яны працавалі на 7 буйных заводах: Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі маторны завод, Менскі электратэхнічны завод, БелАЗ, «Белкамунмаш» і «Пеленг».

Арганізацыйную працу ўзялі на сябе дыяспары. У першую чаргу, дыяспара Масквы і Пецярбургу. Падключылася брытанская, канадская, французская, нямецкая, бельгійская, італьянская, іспанская, нідэрландская, фінская, дацкая, люксембургская, літоўская, ізраільская, чэшская і славацкая дыяспары.

Выявілася, што чараўнікамі быць няпроста. Набывалі не стандартныя наборы або аднолькавыя для ўсіх падарункі. Кожнае дзіця напісала, пра што марыць. Кожны чараўнік браў сабе аднаго апекаванага, якому рыхтаваў падарунак.

alena_2.png

«Хацелася зрабіць дзецям свята. Маім пляменнікам у свой час давялося святкаваць Новы год без таты, які мусіў правесці яго ў «амерыканцы». Не павінна быць так, што дзіця адчувае сябе пазбаўленым свята, бо мама ці тата выйшлі супраць несправядлівасці. Мы хацелі каб і гэтыя дзеці ды іхныя бацькі адчулі, што яны не самотныя, што за іхныя смеласць і прынцыповасць мноства людзей ім глыбока ўдзячныя», — распавяла валанцёрка Алена, беларуска з Вялікае Брытаніі, перакладніца-сінхраністка.

Сярод замоўленых падарункаў былі немаленькія — напрыклад, ровар. Былі і вельмі сціплыя жаданні: на меркаванне дароўцы або цукеркі.

Алена ўзяла сабе апекаванага з пазнакаю «нічога не трэба, можа, камусьці больш патрэбна», і выслала падарунак з лістом пра тое, што падарунак можна падарыць і сябру.

Велізарную працу зрабілі дзве Ірыны з маскоўскае дыяспары. Кожная хвіліна пасля працы, ночы былі занятыя падарункамі.

Кватэра адной Ірыны ператварылася ў склад. Усе месца на падлозе было застаўленае. Разам з іншымі актывісткамі Ірына пакавала падарункі і раскладвала па скрынях для заводаў.

Другая Ірына — мтнчанка, цяпер жыве ў Маскве, працуе адмыслоўцаю ў сістэмнай аналітыцы ў IT-сферы. Два тыдні яна спала па дзве гадзіны штосутачна: дароўцы іншых гадзінных паясоў часта пісалі ўночы. Швецыя, ЗША, Вялікая Брытанія, Італія, Ізраіль, Літва.

podarki.png

Яшчэ частку падарункаў трэба было замаўляць. Ірына атрымлівала грашовыя пераводы і замаўляла падарункі ў мінскіх інтэрнэт-крамах. Сертыфікаты для тых, у каго не было мары, аплочвала з грошай Беларускага дабрачыннага фонду, што стварылі намаганнямі некалькіх пакаленняў беларусаў Велікабрытаніі.

«Больш за ўсё — аж два дні — корпалася з баксёрскаю грушай для 16-гадовага сына працаўніка МТЗ», — распавядае Ірына. Было цэлыя тры замовы. Першая груша не прыйшла (не было на складзе), па замове другой кур’ер ператэлефанаваў і папярэдзіў, што прыйдзе толькі ў студзені. Трэцюю грушу Ірына слёзна ўмольвала прывезці да 30 снежня. І 20-кілаграмовая груша прыйшла да хлопца, які пра яе марыў.

Беларус Дзмітрый — самы першы арганізатар усяго чарадзейства з боку Масквы. Дамаўляўся з транспартнай кампаніяй пра тое, каб падарункі даставілі ў Мінск. «Кампанія беларуская. Як толькі працаўнікі даведаліся, што мы перавозім, зрабілі нам добрую зніжку».

Дзмітрый заняўся ініцыятываю, таму што яму неабыякавыя людзі, якія выказваюць свой пункт гледжання і дамагаюцца свайго. « Хацелася паказаць, што гэтыя людзі не адныя», — кажа ён.

Падарункі прынеслі дзецям прафсаюзныя Калядныя Дзяды.

«Вялікі дзякуй за падарункі ад усёй сямʼі і ад усёй душы!». Цяпер словы падзякі сыплюцца ў чаты дароўцаў.

Даведка ад Каляднага Дзеда: пра што мараць маленькія беларусы

(паводле гэтае дабрачыннае акцыі)

18 гадоў — смарт-гадзіннік.

15-16 гадоў — кнігі Наталлі Шчэрбы; баксёрская груша; штатыў з кальцавою лямпаю; гліна Claycraft by deco; паўэр-бэнк або кніга Толкіна «Падзенне Гандаліна».

14 гадоў — бяздротавыя навушнікі; квіткі на канцэрт; bluetooth-навушнікі з мікрафонам.

12-13 гадоў — школьны партфель; скейтборд / самакат; зімовыя чаравікі; робат-рука; худзі; смарт-гадзіннік, бяздротавыя навушнікі; прылады для малявання скетчаў; настольныя гульні («Як стаць мільянерам», «Марскі бой» ці «Варʼяцкі лабірынт»).

10-11 гадоў — лега, настольныя гульні (напрыклад, «Мафія»); 3D-асадка, смарт-гадзіннік; партатыўная калонка; квіткі ў аквапарк / дэльфінарый; набор для лепкі Genio kids; дзіцячыя крэйды для валасоў.

8-9 гадоў — аўта з радыёкіраваннем; набор фламастараў для скетчынгу; лялька LOL OMG Swag; лялька з домікам; робат з радыёкіраваннем; бяздротавыя навушнікі; вялікія стэрэанавушнікі; дзіцячае офіснае крэсла; дзіцячая касметыка.

7 гадоў — верталёт «на пульце»; лега; ролікі; смарт-гадзіннік; настольныя гульні; набор фламастэраў.

5-6 гадоў — кілімок-пазл; лега; магнітны канструктар; набор для малявання ў кейсе; аўта «Дзікія Скрычэрз»; лялька СryBabies; 3D-ручка; набор «Супермаркет» ці «Кухня»; настольная гульня «Джэнга».

3-4 гады — аўта з радыёкіраваннем, верталёт; планшэт для малявання; чыгунка з цягніком; аўтапаркінг з аўтамабілямі; катэр з радыёкіраваннем.

2 гады — стол для лега Duplo; музычная мяккая цацка; мікраскоп.

1 год — сухі басейн; музычная развівальная цацка; бегавел або трохколавы ровар (не вазок), каб дзіця вучылася ездзіць; бізіборд.