Выгада дзяржавы пры дасягненні гендарнай роўнасці можа вылічацца трыльёнамі долараў

Аўтарка «Цэнтра новых ідэй» Таццяна Ашуркевіч паразмаўляла з гендарнай эксперткай Машай Колб пра існаванне стэрэатыпна «жаночых» і «мужчынскіх» прафесій, пераадоленне гэтых бар'ераў і дасягненне гендарнай роўнасці ў беларускім грамадстве.

_cihi_supraciu___horad___bczb__novy_czas___5_edited_logo.jpg_logo.webp

— Давайце пачнём спачатку: як мы наогул аказаліся ў такой сітуацыі, калі ў нашым грамадстве існуюць традыцыйна «жаночыя» і «мужчынскія» прафесіі? 

— Гістарычна жанчыны ў асноўным займаліся хатнімі справамі. Часцей за ўсё яны былі хатнімі гаспадынямі і маці, часам дапамагалі мужчынам у іх працы, але ў большай ступені заставаліся дома.  Мужчыны ў асноўным працавалі па-за домам, а жанчыны заставаліся ў сваім жыллі, займаліся доглядам дзяцей і стварэннем утульнасці. З развіццём індустрыялізацыі яны пачалі выходзіць на працу. Але нават на фабрыках іх часцей наймалі на працы, якія лічыліся лёгкімі і замяняльнымі (напрыклад, швейная справа). Было распаўсюджана меркаванне, што жанчыны працуюць да замужжа, а пасля вяселля іх кар'ера заканчваецца праз нараджэнне дзіцяці.

Такім чынам, прафесіі, звязаныя з шыццём, уборкай або сацыяльнай сферай, лічыліся традыцыйна жаночымі. У той жа час мужчынскія прафесіі заўсёды асацыяваліся з дасягненнямі, высокай аплатай і фізічнай цягавітасцю, што рабіла іх сімвалам поспеху і дастатку. Цяпер гэты стэрэатып працягвае транслявацца. 


Глядзіце таксама

— Напэўна, гэта размова пра той самы выпадак, калі ты дзяўчына і жадаеш дасягнуць поспеху ў мужчынскай прафесіі. Такое жаданне адразу ацэньваецца як нешта дзіўнае. 

— Так, абсалютна. Гэта трансляцыя патрыярхальнага наратыву, які шкодзіць і мужчынам. Так і атрымліваецца, што мы маем гендарнае дзяленне ў прафесіях.

— Вы можаце растлумачыць, чаму для ўсяго грамадства важна, каб яго не было?

— Калі коратка, такі падзел абмяжоўвае людзей у іх магчымасцях і самарэалізацыі. Калі мы навешваем цэтлікі і абмяжоўваем жанчын і мужчын пэўнымі прафесійнымі траекторыямі, мы, па сутнасці, сцвярджаем, што ўсе людзі аднолькавыя. А яшчэ ігнаруем існаванне іншых гендарных ідэнтычнасцей. Гэта вядзе да таго, што многія групы людзей аказваюцца па-за грамадскай увагай і магчымасцямі. Гэта не толькі абмяжоўвае асобаснае развіццё, але і негатыўна адбіваецца на эканоміцы. Яна пакутуе, калі жанчын абмяжоўваюць у прафесійных магчымасцях і эканомяць на іх заробках.

У многіх краінах, уключаючы Беларусь, існуе заўважны разрыў у аплаце працы паміж мужчынамі і жанчынамі, які ў сярэднім складае амаль 30%. Гэта аказвае значны ўплыў на эканоміку. Калі жанчыны будуць паўнавартасна ўключаны ў эканамічны працэс, гэта можа прывесці да значнага павелічэння агульнанацыянальнага даходу. Эканамічныя ацэнкі паказваюць, што выгада можа вылічацца трыльёнамі долараў. І таму нават з эканамічнага пункту гледжання нявыгадна, каб гендарная няроўнасць у прафесійнай сферы працягвала існаваць.

— Ці існуе нейкая статыстыка, што паказвае, якая ў нас сітуацыя з гендарнай роўнасцю ў прафесіях? 

— Паводле апошніх звестак, Беларусь займае 36-е месца ў свеце па гендарнай роўнасці, што з'яўляецца вельмі высокім паказчыкам. У 2018 годзе краіна займала нават больш высокую пазіцыю — 26-е месца. Гэта дасягненне грунтуецца на афіцыйнай статыстыцы, аднак рэальная сітуацыя ў краіне не такая вясёлкавая.

Ведаеце, гэта добра праяўляецца ў сферы адукацыі. Там абстаноўка параўнальна спрыяльная: амаль усе дзяўчынкі і хлопчыкі атрымліваюць пачатковую і сярэднюю адукацыю. Аднак ужо на ўзроўні ВНУ пачынаюцца адрозненні: большасць жанчын атрымліваюць вышэйшую адукацыю, а мужчыны часцей выбіраюць тэхнічныя спецыяльнасці. Гэта можа быць звязана з тым, што жанчыны сутыкаюцца з перашкодамі на рынку працы і таму прыкладаюць больш намаганняў для атрымання дыплома. 


Глядзіце таксама

Мужчынам жа вышэйшая адукацыя не здаецца нейкай асабліва прэстыжнай. Яны часта выбіраюць спецыяльнасці, звязаныя з высокааплатнымі сферамі, такімі, як праграмаванне, бяспека, архітэктура і будаўніцтва. І наадварот, большасць жанчын схіляюцца да спецыяльнасцей, звязаных з доглядам, сацыяльнымі навукамі і педагогікай.

— Дапусцім, мужчына выбірае нейкую са стэрэатыпна жаночых прафесій. З якімі складанасцямі ён сутыкаецца?  

— Я думаю, з вельмі моцным ганьбаваннем, прычым з усіх бакоў. Стэрэатыпы, асабліва такія моцныя, гендару не маюць, яны могуць прайгравацца як жанчынамі, так і мужчынамі. Існуе вось гэтая трывалая сувязь з асацыяцыяй мужчыны як здабытчыка і яго прафесійным выбарам. Мужчыны нібыта павінны быць тымі, хто прыносіць грошы ў сям'ю. І пры гэтым гэта павінна быць цяжкая або сур'ёзная праца, якая не звязана з доглядам сябе (напрыклад, манікюрная сфера). Гэта прыводзіць да замкнёнага кола абмежаванняў і забабонаў.

Пры гэтым радуе, што нормы маскуліннасці цяпер пераглядаюцца ў лепшы бок. Ментальнаму здароўю мужчын надаецца больш увагі, грамадства «дазваляе» ім праяўляць эмоцыі, плакаць, быць слабымі без стыгмы. Праблема ў тым, што гэтыя змены не адбываюцца аднолькава ва ўсіх краінах і культурах: у многіх месцах традыцыйныя ўяўленні пра маскуліннасць усё яшчэ моцныя.

І менавіта з гэтай прычыны рашэнне праблемы гендарнай няроўнасці варта пачаць з перагляду ўласных перакананняў і стэрэатыпаў. Важна ўсвядоміць, што няма нічога дрэннага ці абразлівага ў тым, каб мужчына займаўся манікюрам як асноўнай дзейнасцю або хобі. І не, гэта не робіць яго менш мужным ці недастаткова моцным. І яшчэ я ўспомніла пра стэрэатып, што «ў сферы прыгажосці працуюць толькі геі» — гэта ж абсалютная няпраўда. 

— Дарэчы, ад мужчын з б'юці-сферы я чула, што ім часта казалі словы накшталт «Ты што, баба, ці што?». У гэтым выпадку параўнанне мужчыны з жанчынай гучыць як нейкае прыніжэнне.

— Так, абсалютна. Гэта звёны ўсё таго ж ланцуга, той жа патрыярхальны погляд на гендарныя ролі. І раз усё гэта глыбока сядзіць у нас, мы павінны пачынаць змены ўнутры сябе. Калі першы крок зроблены, тады можна пераходзіць да больш маштабных дзеянняў. 

— Давайце на гэтым і спынімся. 

— Гендарная адукацыя з ранняга ўзросту магла б значна змяніць сітуацыю. Калі б мы не прайгравалі стэрэатыпы пра тое, з якімі цацкамі павінны гуляць дзеці ў залежнасці ад біялагічнага полу, як яны павінны апранацца, калі б мы не заахвочвалі агрэсіўныя паводзіны ў хлопчыкаў і пасіўныя ў дзяўчынак, гэта магло б адыграць вялікую ролю. Трэба пачынаць з такіх дробязей.

А яшчэ абмеркаванне гендарных пытанняў павінна быць уключана і ў адукацыйную праграму. Мэта тут не ў прапагандзе якіх-небудзь ідэй, а ў выхаванні адэкватных людзей, якія імкнуцца да роўнасці, якія паважаюць правы іншых і якія будуюць грамадства на прынцыпах гуманізму. Такая гендарная адукацыя ў агульнаадукацыйных школах магла б значна спрасціць працэс змянення грамадскіх поглядаў, але для гэтага неабходна падтрымка на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі. Нефармальныя ініцыятывы або недзяржаўныя арганізацыі не здольны ахапіць усіх праз абмежаваныя рэсурсы. Гэта складаны і доўгі працэс. 


Глядзіце таксама

Адным з важных крокаў можа быць адмена спісу забароненых прафесій для жанчын, які дагэтуль існуе ў Беларусі. У мінулым годзе ён быў скарочаны, але ўсё яшчэ застаецца ў сіле. У адрозненне ад Беларусі, ва Украіне, напрыклад, ён быў цалкам адменены. Гэты факт дэманструе, што змены магчымыя.

— Мы маглі б у гэтым пытанні браць прыклад з нейкай краіны, якая паспяхова пераадольвае ўсе гэтыя стэрэатыпы? 

— Думаю, тут можна разгледзець Швецыю. Там мужчыны маюць больш магчымасцей быць актыўна задзейнічанымі ў сямейным жыцці, яны становяцца роўнымі партнёрамі. Не варта думаць, што ў Швецыі дасягнута ідэальная гендарная роўнасць, але заўважныя паляпшэнні ёсць.

Мужчыны часта працуюць у сацыяльнай сферы, напрыклад, даглядаюць пажылых людзей ці людзей з асаблівымі патрэбамі і актыўна ўдзельнічаюць у выхаванні дзяцей. У Швецыі досыць шмат мужчын працаўладкаваны ў моладзевых цэнтрах і камісіях па моладзевай працы. Магчыма, гэта звязана з адукацыйнай сістэмай, якая не заўсёды патрабуе вышэйшай адукацыі для гэтага, але пры гэтым дазваляе атрымліваць годны прыбытак дзякуючы сацыялістычнаму падыходу да эканомікі. Гэта можа служыць прыкладам таго, як можна змяніць грамадскія ўяўленні пра гендарных ролі і прафесіі.