Хронікі рэпрэсій за 29 лістапада
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, паведамляюць праваабаронцы. Так, напрыклад, ініцыятыва «Dissidentby» прызнаная «экстрэмісцкім фарміраваннем». Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 29 лістапада.
![hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp](/img/v1/images/hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
- Распачалі крымінальную справу супраць заснавальніцы «Саюза Маці Беларусі» і яе мужа
Баранавіцкая пракуратура распачала крымінальныя справы па фактах стварэння і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем, публічнай абразы Лукашэнкі і паклёпу на яго, а таксама садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці.
Згодна з матэрыяламі справы, 60-гадовая заснавальніца «Саюза Маці Беларусі» стварыла і кіравала «экстрэмісцкім фармаваннем». На адным з рэсурсаў яна размясціла відэазапіс, «у якім утрымліваўся паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, у тым ліку абвінавачанні ў здзяйсненні цяжкага злачынства».
Паведамляецца, што муж падазраванай даў інтэрв'ю для «экстрэмісцкага фармавання» і ў сацсетках размясціў абразы на адрас Лукашэнкі.
Сужэнцы знаходзяцца за мяжой.
КДБ прызнаў «Саюз Маці Беларусі» «экстрэмісцкім фармаваннем» 29 верасня. Ведамства таксама назвала імёны людзей, якія, як мяркуецца, звязаныя з арганізацыяй: Анцілеўская Святлана, Здановіч Вольга, Якавенка (Ліфанава) Таісія, Алесінская Наталля, Тарпанава (Васільцова) Таццяна.
- Палітвязень Павел Бабчанок выйшаў на волю
Павел — уладальнік гомельскай сеткі крам касметыкі «Красуня». Яго абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
Паводле афіцыйнай інфармацыі, у верасні 2020 года Бабчонак выклаў у сацсетцы скрыншот, на якім быў кадр з пратэстаў у жніўні 2020 года на вуліцы Савецкай у Гомелі. Свой допіс ён суправадзіў тэкстам, у якім назваў сілавікоў «недалюдзьмі» і выказаў надзею, што яны «адкажуць за злачынствы супраць свайго народа».
У жніўні 2022 года суд пакараў яго пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.
Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», Павел 28 лістапада выйшаў на волю з віцебскай калоніі № 3, цалкам адбыўшы прызначаны тэрмін.
- Светлагорца Андрэя Ігнатовіча асудзілі на два гады калоніі па пратэсных артыкулах
Гомельскі абласны суд 24 кастрычніка асудзіў жыхара Светлагорска Андрэя Ігнатовіча, абвінаваціўшы яго ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Казлоў.
Паводле матэрыялаў справы, «размешчаныя каментары ўтрымліваюць словы і выразы, якія паказваюць на відавочны падзел грамадства па нацыянальных і сацыяльных прыкметах, а таксама на заклік да фармавання варожага і негатыўнага стаўлення да асобных сацыяльных груп».
У судзе Ігнатовіч прызнаў віну часткова.
- Арыштавана маёмасць праваабаронцы і рэдактара аршанскага незалежнага сайта Ігара Казмерчака
На думку Казмерчака, падставай для такога рашэння паслужыла крымінальная справа за абразу Лукашэнкі (ч.1 арт 368 КК), узбуджаная яшчэ ў 2022 годзе. Тады ж праваабаронцу абвясцілі ў міждзяржаўны вышук, а ягоныя фотаздымкі з’явіліся на стэндах «Іх расшуквае міліцыя».
Пра арышт кватэры Ігар даведаўся выпадкова, калі на ягоны беларускі адрас прыйшоў ліст з Віцебскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру. Рашэнне прынятае на падставе пастановы Аршанскага аддзела Следчага камітэта, датаванага 13 лістапада.
Ігар Казмерчак з’ехаў з краіны яшчэ ў 2021 годзе.
- Навіны палітзняволенай Таццяны Канеўскай: Праблемы з хрыбетнікам, блакаванне ліставання
Таццяна Канеўская — актывістка ініцыятывы “Матчын рух 328”. Змагалася за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле.
У траўні 2021 года яе асудзілі да 6 гадоў калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) і арт. 292 (захоп будынкаў).
У калоніі Таццяну змяшчалі ў ШІЗА і ў ПКТ. У студзені 2022-га Таццяне ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яна пазбаўленая спатканняў, а за год ёй дазволена толькі адна маленькая бандэроль. Лісты ад яе даходзяць рэдка. У турме яе будуць утрымліваць да сакавіка, а потым мусяць перавесці ў гомельскую калонію.
Акрамя гэтага, у Таццяны праблемы з хрыбетнікам.
- У Мёрах за «экстрэмізм» арыштавалі галоўнага ветэрынара раёна
Суддзя суда Мёрскага раёна Ірына Яскевіч за падпіску ў сацыяльнай сетцы на «экстрэмісцкае» СМІ пастанавіла арыштаваць на трое сутак галоўнага ветэрынара раёна Аляксандра Кезіка.
У судовым пасяджэнні Аляксандр віну прызнаў і растлумачыў, што не аспрэчвае факта падпіскі ў сацыяльнай сетцы «Instagram» на інфармацыйны рэсурс «Люстэрка», які раней унеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
- Палітвязень Рыгор Кастусёў у лісце на волю скардзіцца на пагаршэнне здароўя
Пра настрой Кастусёва ў івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы» расказаў «Свабодзе» ягоны зяць Дзмітрый Антончык:
«Вельмі непакоіцца наконт лекаў, якія перадаюць з волі — што могуць да яго не дайсці. Бо адчувае пагаршэнне стану ў сувязі з анкалагічнай хваробай. Паводле пляну, які склалі дактары падчас абследавання, у лістападзе-снежні яму павінны рабіць аналіз крыві. Але ці будзе ён, невядома. Вынікаў абследаваньня дагэтуль не паведамляюць. Ён арыентуецца на самаадчуванне, а яно ня робіцца лепшым. Яшчэ вельмі спадзяецца на медычную бандэроль».
Таксама палітык расчараваны тым, што не адбылося спатканне. Яно мусіла адбыцца 29 лістапада, але ў ПКТ сустрэчы не дазволены.
- У Шуміліна спынілі адміністрацыйную справу за «несанкцыянаванае пікетаванне»
Старшыня суда Шумілінскага раёна Іна Грабаўская 11 лістапада спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненні да жыхара Віцебска Андрэя Прыстаўкі, якому ставілі ў віну правядзенне пікету, на які ён не атрымаў адпаведнага дазволу ад кіраўніцтва мясцовага райвыканкама.
Суддзя палічыла, што двухмесячны тэрмін для пакарання мужчыны скончыўся.
Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, работнікамі РАУС было ўстаноўлена, што мужчына ў сацыяльнай сетцы Facebook у сваім акаўнце размясціў публікацыю, звязаную з грамадска-палітычным жыццём, у якой мелася яго фатаграфія з выявай БЧБ-сцяга.
Гэты факт міліцыянты расцанілі як «пікетаванне без адпаведнага дазволу выканаўчых і распарадчых органаў», пішуць вицебския праваабаронцы.
Сілавікі затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка з Гродна
На «палонным відэа» мужчына «прызнаецца» ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога», а таксама ў тым, што ён нібыта пісаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў Міністэрства абароны.
- Справу палітзняволенага Артура Пядзько перадалі ў суд
Артур — вядучы інжынера «Мінскэнерга», які быў затрыманы ў мінулым лістападзе па справе «Чорнай кнігі Беларусі».
Следчы камітэт сцвярджае, што ён нібыта перадаў ініцыятыве персанальныя звесткі каля 1500 чалавек. Артуру прад’явілі абвінавачанне па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК РБ («Дапамога ў распальванні варажнечы, здзейсненай групай асоб»).
Матэрыялы перададзены пракурору для накіравання ў суд.
- Сілавікі затрымалі жыхара Гомеля — ён нібыта афармляў на сваё імя карткі, на якія збіраліся грошы для ўкраінскай арміі
Паводле інфармацыі праваабаронцоў, затрыманы — 22-гадовы Арсеній Злобін. Сілавікі паведамляюць, што дзеянням хлопца «будзе дадзена прававая ацэнка ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам».