З «пенсійнай пасткі» вызвалілі яшчэ адну катэгорыю беларусаў

У Беларусі прынятыя змены ў закон «Аб пенсійным забеспячэнні». Некаторыя катэгорыі грамадзянаў змогуць цяпер атрымліваць пенсію, не маючы патрэбнага для гэтага стажу працы з выплатамі ў фонд сацыяльнай абароны. Каго ўратуюць праўкі ў закон — разбіралася Радыё Свабода.

minpracy_1.jpg


Права на пенсію па ўзросце цяпер маюць мужчыны са стажам працы, ня меншым за 40 гадоў, і жанчыны са стажам працы, ня меншым за 35 гадоў, па дасягненні пенсійнага ўзросту. А вайскоўцы, якія маюць стаж вайсковай службы, ня меншы за 10 каляндарных гадоў, маюць права на пенсію па ўзросце пасля сумарнага стажу працы (і ў войску, і па-за ім) хаця б 25 гадоў для мужчын і 20 — для жанчын.
Восенню мінулага году абавязковы страхавы стаж для атрымання пенсіі скарацілі да 10 гадоў для тых, хто працяглы час і амаль бесперапынна даглядаў непрацаздольных, а таксама для вайскоўцаў, якія маюць стаж працы, большы за 10 гадоў, але не напрацавалі на вайсковы стаж.
Да 2014 году страхавы стаж для атрымання працоўнай пенсіі складаў 5 гадоў, але ад 2014 году яго павялічылі да 10, ад 2015-га — да 15 гадоў, затым да 15 гадоў і 6 месяцаў, да 16 гадоў і ўрэшце ў 2018 годзе — да 16 гадоў 6 месяцаў (штогод ніжняя мяжа страхавога стажу будзе павышацца на паўгода да дасягнення 20 гадоў).

Неабходны стаж вялізны, а пенсіі могуць быць мінімальныя, — юрыстка

Ці шмат людзей цяперашнія праўкі ў закон уратуюць ад «пенсійнай пасткі»? Юрыстка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова кажа Свабодзе, што наўрад ці гэтыя змены тычацца вялікай колькасці людзей, і гаварыць пра «нейкія вельмі пазітыўныя» змены не даводзіцца.
Яськова адзначае, што калі людзі працавалі, але ня сплачвалі ўнёскі, то за той перыяд пенсію «паводле агульнага стажу» будуць выплочваць ня з Фонду сацыяльнай абароны, а з бюджэту, і чакаць у такім выпадку можна хіба нейкую мінімальную суму. Але яна лічыць, што наўрад ці шмат людзей працавалі 35–40 гадоў і не рабілі выплаты ў фонд сацыяльнага забеспячэння цягам больш як 16 гадоў.
«40 і 35 гадоў — гэта вялізны стаж, але ўсё ж гэта магчымасць атрымаць пенсію, — разважае Яськова. — Ды будзе вельмі мала людзей, якія атрымаюць тую мізэрную пенсію паводле гэтага артыкулу. Я лічу, што і гэта, і тыя страхавыя стажы — гэта дыскрымінацыя людзей, якія працавалі, але ня могуць пацвердзіць унёскі дакументамі».
Яна згадвае: цяпер для атрымання пенсіяў трэба падаваць дакументы аб атрыманні заробкаў і пералічэннях у фонд сацыяльнага забеспячэння, але ў Беларусі быў такі перыяд, калі не было пацверджання сплаты ўнёскаў, а стаж пацвярджаўся паводле запісаў у працоўнай кніжцы. Праз адсутнасць патрэбных дакументаў людзі не маглі пацвердзіць, што яны працавалі і плацілі ўнёскі.
На думку Яськовай, пенсійная сістэма патрабуе сур’ёзных зменаў: базавая велічыня пенсіі павінна быць гарантаваная дзяржавай, а ў дадатак да гэтага павінна быць дабраахвотнае пенсійнае страхаванне.
«Апошнім часам такая тэндэнцыя, што пенсійнае заканадаўства робіцца больш жорсткім: і падвышэнне пенсійнага ўзросту, і новыя патрабаванні да атрымання пенсіяў, — адзначае Яськова. — І самае галоўнае, што пенсіі ў нас атрымліваюць толькі з Фонду сацыяльнай абароны, адкуль выплачваюць таксама і дапамогу на дзяцей, і дапамогу па беспрацоўі, і па бальнічных лістах... Бюджэт у гэтым ніяк ня ўдзельнічае, нагрузка на фонд вялікая, пенсіі зніжаюцца, і зніжаюцца гарантыі іх атрымання для грамадзянаў».