За беларускага студэнта заступіліся 15 акадэмікаў Расійскай акадэміі навук

47 чальцоў Расійскай акадэміі навук падпісаліся пад адкрытым лістом з нагоды пераследу беларускага студэнта Арцёма Баярскага. Як перадае «Еўрарадыё» са спасылкай на «Радыё Свабода», сярод іх 15 акадэмікаў, 26 членаў-карэспандэнтаў і 6 прафесараў.

Арцём Баярскі

Арцём Баярскі


Ліст адрасаваны генпракурору Беларусі Андрэю Шведу і старшыні Мінскага гарадскога суда Таццяне Тупік.
Навукоўцы пішуць, што яны глыбока занепакоеныя пераследам свайго калегі Арцёма Баярскага. Яны звяртаюць увагу, што Арцёму з сакавіка «не перадаюць падручнікі, не дастаўляюць лісты, не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу». Асаблівую ўвагу яны звяртаюць на паведамленні пра збіццё студэнта.
Навукоўцы просяць вызваліць Арцёма Баярскага з-пад варты і заяўляюць, што працягнуць сачыць за яго справай.
Навукоўцы, якія падпісаліся пад лістом, належаць да клуба «1 ліпеня» — гэта нефармальнае аб'яднанне акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў, не згодных з рэформай Расійскай акадэміі навук. Аб'яднанне існуе з 2013 года.
20-гадовы Арцём Баярскі быў студэнтам хімічнага факультэта БДУ. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах па хіміі. У жніўні 2020-га хлопец, як і сотня іншых, адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі на знак пратэсту супраць падзей у краіне. Пасля затрымання яго выключылі з БДУ.
У лістападзе 2020-га Баярскага арыштавалі на 15 сутак. 24 сакавіка 2021 года яго затрымалі за бел-чырвона-белы сцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе яго інтэрната. Спярша хлопцу прысудзілі адміністрацыйны арышт, а потым пачалі крымінальную справу — за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» (за гэта пагражае да 7 гадоў калоніі). Міліцыянты запісалі з Арцёмам пакаяльнае відэа, у якім ён прызнаецца, што адміністраваў «экстрэмісцкі» рэсурс «Мая краіна Беларусь». Пазней Баярскі прызнаўся, што перад запісам відэа яго білі.
Праваабаронцы прызналі Арцёма Баярскага палітвязнем.