Забудоўшчык выйграў суд ва ўладаў. Ці пабудуюць дом у двары «Брамы Мінска»?
Вярхоўны суд пакінуў без змены касацыйную скаргу Мінгарвыканкама на рашэнне Эканамічнага суда Мінска і прызнаў незаконнай бяздзейнасць гарадскіх уладаў. Суд абавязаў Мінгарвыканкам ліквідаваць у поўным абʼёме дапушчанае парушэнне правоў і законных інтарэсаў забудоўшчыка, кампаніі «10 УНР-інвест».

У канцы 2014 года кампанія ААТ “10УНР” купіла на аўкцыёне за 270 тысяч долараў участак зямлі за “Брамай Мінска”. У двары паміж вуліцамі Свярдлова, Ульянаўская, Бабруйская, Кірава мусіў з’явіцца элітны сяміпавярховы жылы дом.
Супраць планаў забудоўшчыка выступілі гарадскія актывісты і мясцовыя жыхары. У выніку пратэстаў і скаргаў Мінгарвыканкам адмовіўся ад планаў забудовы “Брамы Мінска”. І ўжо ў верасні 2015 года быў адкарэктаваны генеральны план, дзе з зоны ўшчыльнення выключылі гэты ўчастак.
Мінгарвыканкам па выніках аўкцыёну быў абавязаны перадаць ААТ “10УНР” участак пад забудову. Кампанія ў гэты час распрацоўвала праекты па ўмовах аўкцыёну. Аднак у выніку Мінгарвыканкам вырашыў не перадаваць ўчастак, паведаміўшы пра гэта пераможцу аўкцыёну толькі праз сем месяцаў.

Кампанія ААТ “10УНР” вырашыла, што яе правы парушаныя гарадскімі ўладамі, якія не далі дазволу на працяг будаўніцтва, і падала на Мінгарвыканкам у суд. Разбор доўжыўся некалькі гадоў, справа дайшла да Вярхоўнага Суда. Напрыканцы 2018-га года той прыняў рашэнне на карысць забудоўшчыка.
Апеляцыйная і касацыйная скаргі Мінгарвыканкама нічога не далі, першапачатковае рашэнне засталося ў сіле.
Акрамя таго, суду не прыведзена доказаў таго, што пратэстныя дзеянні грамадзян зʼяўляюцца падставай для непрыняцця адпаведнага рашэння Мінгарвыканкамам.
Забудоўшчык адмаўляецца ад кампенсацыі — “Так псуецца рэпутацыя і адносіны з ўладамі і грамадскасцю"
Каардынатар кампаніі "Генплан для мінчан" Дзяніс Кобрусеў распавёў Еўрарадыё, што забудоўшчык дзейнічае вельмі дзіўна, ён не дае каментарыяў наконт будаўніцтва і свядома ідзе на пагаршэнне адносін з гарадскімі ўладамі:
"Сітуацыя даволі туманная. Не ведаю, як Мінгарвыканкам будзе з гэтага выкручвацца. Хутчэй за ўсё, будзе нейкая грашовая кампенсацыя забудоўшчыку з боку Мінгарвыканкама. Магчыма, будзе дадзены іншы ўчастак. Забудоўшчык не спяшаецца даваць нейкія каментарыі. Яшчэ ў 2015-2016 гады Мінгарвыканкам прапаноўваў грашовую кампенсацыю, але яны адмаўляліся. На мой погляд, гэта не лагічна, таму што так псуецца рэпутацыя і адносіны з гарадскімі ўладамі і грамадскасцю".
Што тычыцца магчымага будаўніцтва дома ў тым раёне, то Дзяніс сумняецца, што там будзе нешта распачатае:
“Мне здаецца, што казаць пра будаўніцтва ў тым двары — гэта заўчасна. Так, суд абавязаў улічыць усе правы забудоўшчыка. Але з таго часу, калі быў набыты гэты ўчастак, змяніўся генеральны план Мінска. І ўжо ў 2015-м годзе з генплана прыбралі гэты раён з зоны ўшчыльнення. А ў 2018-м годзе быў прыняты праект зоны аховы, паколькі дамы ў тым раёне зʼяўляюцца помнікамі культуры. І ў гэтай зоне не дазволена будаўніцтва, якое б ішло ў разрэз з тымі планамі забудовы, калі гэты ансамбль ствараўся. Акрамя гэтага, мясцовыя жыхары рашуча настроеныя і збіраюцца падаваць скаргу ў пракуратуру, каб абскардзіць рашэнне Вярхоўнага суда, паколькі яны не былі прыцягнутыя як трэці бок”.
Паводле euroradio.fm