Аўтазакі на месцы дзіцячага садка
З новай сілай разгортваецца канфлікт вакол ушчыльняльнай забудовы па
вул. Данілы Сердзіча, 12 у Мінску. На месцы былога дзіцячага садка, дрэваў і
аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры ўлады будуюць шыкоўны
будынак пракуратуры, гарадскі аддзел міліцыі і стаянку для міліцэйскай
спецтэхнікі.
У судзе Фрунзенскага раёна 9 студзеня пачаўся разгляд позвы мясцовых жыхароў супраць Адміністрацыі Фрунзенскага раёну. На думку актывістаў, рашэнне аб будаўніцтве спрэчных аб'ектаў прынята да правядзення абмеркавання; заўвагі і прапановы ўдзельнікаў абмеркавання не перададзеныя праекціроўшчыку. Як вынік, замест зялёнай зоны, дзіцячага садку і аб'ектаў гарадской інфраструктуры там мусіць паўстаць шыкоўны будынак для дзяржслужачых і стаянка для спецтэхнікі. Паведамляецца, што на трэцім паверсе будынку нават прадугледжаны дзве трэнажорныя залі
і заля для настольнага тэнісу.
Працэс вёў суддзя Кузьміч Аляксандр Мікалаевіч. Пазоўнікам выступаў мясцовы жыхар Дзяніс Міхайлавіч Тушынскі. Бок адміністрацыі Фрунзенскага раёну быў прадстаўлены Паўлам Мікалаевічам Тумасам — намеснік начальніка ўпраўлення па архітэктуры і будаўніцтву Адміністрацыі Фрунзенскага раёна.
З самага пачатку паседжання супрацоўнікі суда крайне нервова аднесліся да прысутнасці прэсы. Сакратарка суда Ганна Жураўская патрабавала ад аўтара гэтых радкоў спыніць фота і відэаздыманне (прытым, што працэс яшчэ не пачаўся), пагражаючы "прыняццем мер", а міліцыянт, прапаршчык Сіліцкі, які ахоўваў паседжанне (праўда, незразумела ад каго) і ўвогуле пачаў засланяць аб'ектыў рукой.
Яшчэ адзін прадстаўнік улады — Павел Тумас, спазніўся на паседжанне амаль на 20 хвілін.
Лягуць пад бульдозеры, але знесці садок не дадуць
Суд пачаўся з высвятлення абставінаў таго, што менавіта абскарджваецца: дзеянні Адміністрацыі Фрунзенскага раёну ці яе адказы на ранейшыя скаргі? Для гэтага быў нават зроблены перапынак у 15 хвілін, падчас якога пазоўнік Дзяніс Тушынскі ўдакладніў свае патрабаванні: запатрабаваў прызнаць менавіта дзеянні Адміністрацыі Фрунзенскага раёна па арганізацыі грамадскіх слуханняў незаконнымі і неабгрунтаванымі.
У заяве Дзяніс Тушынскі ўказаў, што грамадскія слуханні праводзіліся з парушэннем заканадаўства. У прыватнасці, існуючы праект не адпавядае таму, што прадстаўляўся на грамадскіх абмеркаваннях. Савет Адміністрацыі, што займаўся абмеркаваннем праекта, разгледзеў толькі 52 зварота і прапановы грамадзян з 67, адхіліўшы астатнія на падставе "кепскага афармлення", і сказіў сутнасць многіх прапановаў. Пратакол нарады ўтрымлівае ілжывую інфармацыю. Напрыклад, у ім указваецца, што ў раёне спрыяльная экалагічная абстаноўка, што насамрэч не так. У прыкладанні да рашэння савета ўказана, што ў будоўлі не прадугледжаная стаянка для спецтэхнікі, а ў праекце яна ёсць.
Урэшце рэшт, яшчэ раней актывістамі быў сабраны 121 подпіс за правядзенне новых слуханняў. Чыноўнікі, аднак, адмовіліся гэта рабіць.
Падчас паседжання высветліўся і яшчэ адзін хітрык зацікаўленых у будоўлі. У перадпраектнай дакументацыі было напісана, што будынак па вул. Данілы Сердзіча, 12 пустуе. Насамрэч там дагэтуль знаходзіцца аддзел прымусовага выканання Адміністрацыі Фрунзенскага раёна, цэнтр дзіцячай адукацыі "Эўрыка" і шэраг іншых арганізацый. На той жа тэрыторыі знаходзіцца дзіцячы садок, які таксама плануецца знесці.
Павел Тумас, адказваючы на пытанні суда і Тушынскага, апеляваў да таго, што арганізатар слуханняў (Адміністрацыя Фрунзенскага раёну) не можа адмяніць слуханні, што ўжо адбыліся, і сцвярджаў, што парушэнні пры іх правядзенні няма.
Цікава, што на пытанне Тушынскага, ці прызнае ён астатнія пункты скаргі, Тумас наўпрост адмовіўся адказваць.
Прадстаўнік Адміністрацыі Фрунзенскага раёна неаднаразова спасылаўся на тое, што правесці слуханні ім загадаў Мінгарвыканкам, а яны, такім чынам, толькі выконвалі загад. У выніку гэта прывяло да даволі нечаканага рашэння суда: суддзя Кузьміч вырашыў прыцягнуць па справе ў якасці зацікаўленай асобы сам Мінгарвыканкам, які мусіць да наступнага паседжання даць свой пісьмовы адказ з нагоды скаргі Тушынскага.
Пазоўнік і адказчык разам з судом адправіліся вызначаць дату наступнага паседжання, а мы тым часам узялі каментар у аднаго з мясцовых жыхароў, Алега Аляксандравіча, што прысутнічаў у судзе:
— Канфлікт з Мінгарвыканкамам працягваецца з 2016 года. Для таго, каб пабудаваць гэты комплекс будынкаў — міліцыі і пракуратуры, былі ўжо выдаленыя 500 аб'ектаў расліннага свету: кустоў і дрэваў, якія, дарэчы, былі пасаджаныя людзьмі яшчэ ў 1970-х гадах, за свае грошы, а Мінгарвыканкам іх ссек.
Хаця ў Фрунзенскім раёне есць і іншыя месцы, дзе можна было б пабудаваць падобныя аб'екты. Напрыклад, АДБ-8 (Асобны дысцыплінарны батальён) — комплекс будынкаў з калючым дротам, як яны там любяць, з вышкамі, які пустуе ўжо 15 год. Гэта ў Масюкоўшчыне. Там цалкам можна было б размясціць гэтае Гестапа. А так там ужо пабудавалі чатырохпавярховы комплекс будынкаў, з гараддзелам міліцыі, а на першым паверсе на кожнай з гэтых устаноў — камеры. Для затрыманых і зняволеных, у якіх можа месціцца да 100 чалавек.
— А чаму адміністрацыя раёна ўсё ж пайшла на канфлікт з жыхарамі? Бо на адным з папярэдніх слуханняў актывісты ў размове з чыноўнікамі спасылаліся на тое, што Лукашэнка загадаў не абвастраць гэты канфлікт.
— Я думаю, тут не трэба шукаць ніякай логікі. Яны ўсе, як на Нюрнбергскім працэсе, кажуць — нічога не ведаем, толькі выконваем загад.
Аднак людзі гатовыя да адстойвання сваёй тэрыторыі. Пэўны час таму хацелі злачынна зрабіць прама пад нашымі вокнамі пажарны пад'езд да гэтых будынкаў. Людзі выйшлі, і не далі ссекчы елі, якія яны пасадзілі.
Наступнае паседжанне адбудзецца ў судзе Фрунзенскага раёна 14 студзеня ў 14:30.