Чаму ў Беларусі выносяцца смяротныя прысуды, калі ёсць пажыццёвае зняволенне?

9 студзеня ў Беларусі вынесены першы ў гэтым годзе смяротны прысуд жыхару Бабруйска, які 20 ліпеня мінулага года з асаблівай жорсткасцю забіў двух дзяўчат.

rasstrel_1.jpg

Кіраўнік кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда звяртае ўвагу, што вынясенне смяротных прысудаў у пачатку года ў Беларусі ўжо становіцца традыцыяй.
— У пачатку 2018 года было вынесена два смяротныя прысуды ў дачыненні да Сухарка і Жыльнікава. З мінулага года яны засталіся аднымі з апошніх у калідоры смерці. Прысуд можа быць прыведзены ў выкананне ў любы час. Улады кажуць, што Беларусь рухаецца да адмены пакарання смерцю, але на самой справе гэты працэс адбываецца або вельмі павольна, або наогул не ідзе.
— У Беларусі маюць месца дзве вышэйшыя меры пакарання — смяротнае пакаранне і пажыццёвае зняволенне...
У 2017 годзе смяротных прысудаў было вынесена больш, чым прысудаў на пажыццёвае зняволенне. У мінулым годзе Сухарка і Жыльнікаў першапачаткова былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне. Але пасля апратэставання Вярхоўнага суда аб мяккасці пакарання ім быў вынесены смяротны прысуд. Калі Вярхоўны суд рэкамендуе перагледзець справу з-за мяккасці пакарання, то ў суда ніжэйшай інстанцыі не застаецца іншага выйсця, як вынесці смяротны прысуд, што і было зроблена.
Часта складана зразумець, чым суд кіраваўся пры вынясенні прысуду. Але ў заканадаўстве прадугледжана, што суддзя выносіць рашэнне, грунтуючыся на доказах, разгледжаных падчас судовага паседжання, і на асабістым перакананні. І нярэдка суддзя выносіць такі прысуд, якога патрабуе пракурор.
— Хутчэй за ўсё, чарговы смяротны прысуд зноў выкліча хвалю абурэння ў міжнароднай супольнасці. Чаму ўлады Беларусі не рэагуюць на гэтыя пратэсты?
Таму што для іх гэта неістотна. Калі няма палітычнай волі для вырашэння пытання, то так і будзе працягвацца.
Гэтая тэма стала медыйнай. Дзякуючы праваабаронцам і журналістам пра яе ўвесь час кажуць. Па вялікім рахунку меркаванне людзей з гэтай нагоды змяняецца, але не настолькі, каб большасць у нас выступала супраць смяротнага пакарання. Ды і ў любой краіне, таму што пытанне смяротнага пакарання ляжыць, у тым ліку і ў псіхалагічнай плоскасці. І калі па такіх рэзанансных справах выносяцца смяротныя прысуды, з грамадскага пункту гледжання гэта бяспройгрышны ход. Бо людзі будуць патрабаваць, кажучы па-беларуску, «адплаты».
Але ніхто не разбіраецца, чаму гэта адбылося. Чалавек, тройчы судзімы, быў у сістэме выканання пакаранняў, у папраўчай сістэме, але ніхто яго ніяк не выправіў. Пракурор, патрабуючы смяротнае пакаранне, кажа, што гэтага чалавека немагчыма выправіць. І суддзя з гэтым меркаваннем пагадзілася. Я лічу, што выправіць можна любога чалавека, проста бываюць розныя сітуацыі. Але ў нас ёсць альтэрнатыўныя меры пакарання, у тым ліку, і пажыццёвае зняволенне. І калі ён уяўляе пагрозу для грамадства, ізалюйце яго так, каб ён не перашкаджаў гэтаму грамадству. Калі забіваюць забойцаў, менш іх не становіцца.
Паводле Заўтра тваёй краіны