Жанчына як аб'ект і жанчына як асоба. У чым розніца?
Журналістка «Цэнтра новых ідэй» Таццяна Ашуркевіч паразмаўляла з даследчыцай у сферы гендару і медыякамунікацый Ірынай Сідорскай пра тое, як у беларускай медыйнай прасторы ствараецца вобраз жанчыны і ці адрозніваемся мы ў гэтым ад заходніх медыя.
Калі я працавала ў медыя, мне часта даводзілася тлумачыць некаторым калегам: аб'ектывацыя жанчын у тэкстах — гэта зусім не крута, а сцёб з феміністак — мінулае стагоддзе, піша Таццяна Ашуркевіч для ЦНІ. У адказ сустракала непрабіўны аргумент: «Чытачы такое любяць!». Пераспрачаць гэты пункт гледжання ўдавалася вельмі рэдка, атрымлівалася замкнёнае кола.
У каментарах да тэксту з жанчынай-эксперткай людзі часта абмяркоўвалі не кантэнт, а часткі цела гераіні. Медыя не фармуюць меркаванне людзей? З гэтым дакладна можна паспрачацца. У гэтым тэксце я вырашыла абмеркаваць пытанне гендарнай няроўнасці ў беларускіх медыя з Ірынай Сідорскай. Разам з ёй мы разбіраемся, чаму ў незалежных і дзяржаўных СМІ мужчыны часта малююцца як ключавыя дзеючыя асобы, як гэта ўплывае на грамадскае ўспрыманне жанчын і што могуць зрабіць рэдакцыі для нестэрэатыпнага прадстаўлення полаў.
— Давайце пачнем здалёк. Як у прынцыпе можна ацаніць незалежныя беларускія медыя з пункту гледжання захавання гендарнай роўнасці?
— Не асабліва высока. Часта ў іх ёсць праблемы і памылкі, абсалютна ідэнтычныя з тымі, якія здзяйсняюць дзяржаўныя медыя. Беларускія журналісты, як дзяржаўныя, так і незалежныя, часцей за ўсё ствараюць матэрыялы пра мужчын, успрымаючы іх як асноўных дзеючых асоб. Дзейнасць мужчын, як правіла, лічыцца больш важнай і вартай увагі. Вядома, ёсць і артыкулы пра жанчын, але ў цэлым, незалежна ад сферы, няхай гэта будзе палітыка, грамадзянская супольнасць або іншыя галіны, матэрыялы часцей прысвечаны мужчынам.
— Я як журналіст не магу ўявіць, каб калегі рабілі такі выбар наўмысна... Ці можаце прывесці нейкі пэўны прыклад?
— Напрыклад, я магу згадаць тэкст, у якім расказвалася пра жанчыну-дальнабойшчыцу. Я не памятаю даслоўна, як гучаў загаловак, але сэнс быў такі: «Муж доўгі час не згаджаўся, каб я гэтым займалася». Гэта цытата гераіні, яна яе на самой справе вымавіла. Але калі прачытаць артыкул, 95% там будзе зусім не пра гэта. Сам тэкст будзе цалкам карэктным, затое ў загаловак абавязкова выносіцца нешта падобнае. Напэўна, гэта робіцца, каб зачапіць чытачоў.
У прынцыпе, у гендарным пытанні нейкія пэўныя медыя ў нас заўсёды больш карэктнымі, чым іншыя. Больш уважлівыя да мэтавай аўдыторыі, напрыклад, нішавыя выданні, якія маюць спецыялізаваныя мэтавыя аўдыторыі, дзе жанчыны з'яўляюцца яе важнай часткай. Прычым жанчыны адукаваныя і досыць маладыя: узрост таксама адыгрывае тут досыць важную ролю. А вось больш масавыя медыя, якія разлічаны на шырокія мэтавыя аўдыторыі, надаюць гендару менш увагі, яны ў прынцыпе менш цікавяцца гэтымі праблемамі.
— А з чым гэта звязана?
— Гэтыя медыя лічаць, што яны думаюць так, як думаюць іх аўдыторыі. Калі я размаўляю з рэдактарамі і журналістамі, вельмі часта чую аргумент, быццам звычайныя людзі разважаюць па-іншаму. Маўляў, яны не бачаць гэтых стэрэатыпаў, ім гэта падабаецца. Чамусьці ў большасці рэдактараў ёсць уяўленне, што беларусы стэрэатыпныя і кансерватыўныя, і калі пісаць для іх пра гендарную роўнасць, яны гэтага не зразумеюць. На самой справе гэта не так.
Вядома, у грамадстве ёсць кансерватыўныя сегменты, але ў цэлым я перакананая, што аўдыторыя чакае больш сучасных і якасных падыходаў да гендарнай тэматыкі. Пытанне, як да гэтага падысці. Людзі хочуць, каб ім расказвалі пра гэта цікава і даступна, а не толькі праз спецыялізаваныя тэксты або даследаванні.
Для прыкладу, згадаем Нобелеўскую прэмію па эканоміцы, прысуджаную амерыканскай даследчыцы за працу пра жаночую рабочую сілу і рынак працы. Я аналізавала, як беларускія медыя асвятлялі гэтую падзею, і заўважыла, што большасць абмежаваліся толькі кароткімі інфармацыйнымі нататкамі. У той жа час расійскія «Медуза» і «Новая газета» зрабілі глыбокія і цікавыя матэрыялы пра саму даследчыцу, яе жыццё і працу. Вядома, такі падыход будзе значна больш прывабны і інфарматыўны для чытача.
— А якія тэндэнцыі існуюць у прадстаўленні жанчын і мужчын у нашых медыя?
— Жанчыны часта прадстаўлены не як паўнавартасныя суб'екты, а хутчэй як фон або масоўка для асноўных падзей. У артыкулах, дзе прысутнічае некалькі герояў, жанчыны, вядома, могуць быць прадстаўлены, але іх ролі звычайна другарадныя. Яны альбо даюць мінімум інфармацыі, альбо наогул не выказваюцца, застаючыся проста згаданымі ў кантэксце. Ключавой дзеючай асобай або героем артыкула амаль заўсёды з'яўляецца мужчына.
На жаль, у медыя часта існуе здагадка, што іх дзеянні або словы па змаўчанні ўспрымаюцца як больш важныя. Гэта мая балючая тэма, асабліва калі гаворка ідзе пра журналістаў і іх стаўленне да экспертаў. Нярэдка чую ад журналістаў і рэдактараў, што для іх не важна, хто эксперт — мужчына ці жанчына. Яны кажуць, галоўнае — яго ці яе кампетэнцыя. Але на практыцы я заўважаю, што, нават калі кампетэнцыя жанчын аб'ектыўна роўная або нават вышэй, чым у мужчын, яна часта ўспрымаецца як менш значная. Гэта сур'ёзная праблема.
— Я шмат працавала з палітычнымі экспертамі. І сапраўды, у гэтай сферы большасць публічных фігур у нас мужчыны. Ёсць усяго некалькі жанчын, да якіх можна звяртацца па каментар. Але часта яны альбо занятыя, альбо вельмі акуратна падыходзяць да кожнага свайго слова і просяць час, каб падрыхтавацца. Журналіст у такім выпадку звяртаецца да тых, хто даступны — да мужчын.
— Я цалкам разумею, пра што вы кажаце, і сама не раз гэта чула. У гэтай сітуацыі можна вылучыць некалькі ключавых момантаў. Асабліва гэта тычыцца жаночай сацыялізацыі. Жанчыны часта прад'яўляюць да сябе завышаныя патрабаванні. Калі жанчына не ўпэўненая, што яна на 100% кампетэнтная ў нейкай тэме, яна, хутчэй за ўсё, адмовіцца ад удзелу. Я сама нядаўна сутыкнулася з падобнай сітуацыяй: я адмовілася ад удзелу ў абмеркаванні, бо не лічыла сябе дастаткова кампетэнтнай у тэме.
Вядома, журналісты часта працуюць ва ўмовах часавага дэфіцыту і імкнуцца знайсці эксперта як мага хутчэй. Але, на мой погляд, важна прыкладаць дадатковыя намаганні для пашырэння базы экспертаў. Возьмем, да прыкладу, палітычныя падзеі: мноства жанчын маюць адукацыю ў галіне паліталогіі або сумежных дысцыплін. Яны ёсць, іх проста трэба знайсці і запрасіць удзельнічаць. Так што непрадстаўленне жанчын-экспертак — гэта не праблема іх рэальнай адсутнасці, а пытанне пошуку і ўключэння іх у дыскусіі.
— Давайце пагаворым пра заходнія медыя. Ці ёсць нейкае адрозненне ў прадстаўленні жанчын у іх тэкстах і матэрыялах нашых журналістаў?
— На жаль, так. Нават у матэрыялах, якія здаюцца сфакусаванымі на прафесійнай іпастасі жанчыны, у нас часта праслізгваюць пытанні, звязаныя з яе асабістым жыццём. Звычайна там ёсць згадка пра сям'ю, дзяцей або старэйшых сваякоў. Мэта такіх пытанняў, здаецца, заключаецца не ў тым, каб паказаць, што жанчына не толькі як прафесійна рэалізавалася, але і мае ўнікальныя інтарэсы і хобі.
Такія пытанні рэдка задаюць мужчынам. Нават у вялікіх інтэрв'ю, дзе абмяркоўваюцца асабістае жыццё, вандроўкі і іншыя аспекты, усё роўна гэта адбываецца больш суразмерна. Пра іх кажуць як пра асоб, а не проста як пра «мужчын». У выпадку жанчын акцэнт робіцца на выкананні імі пэўных сямейных роляў, няхай гэта будзе роля маці ці дачкі. Такім чынам, нават у прафесійным кантэксце жанчына часта разглядаецца праз прызму яе сямейных адносінаў. У заходніх медыя такога няма, там сітуацыя іншая.
— А наколькі ў прынцыпе тое, пра што пішуць медыя, уплывае на іх аўдыторыю і падтрымку гендарных стэрэатыпаў?
— Вядома, уплывае, хоць канкрэтных даследаванняў у нас няма. Тут атрымліваецца замкнёнае кола. Людзі пішуць, што цікава людзям. А з іншага боку, журналісты ж таксама неяк працуюць са сваёй аўдыторыяй і падладжваюцца пад яе. Наогул, я прыхільніца канструктывісцкіх падыходаў да медыя. Я маю на ўвазе, што калі рэдактарам трэба выбраць паміж трыма мерапрыемствамі рознай накіраванасці, куды можна адправіць журналіста і атрымаць тэкст, то яны зыходзяць са сваіх уяўленняў пра тое, што важна і што не важна. Калі ён ці яна лічаць, што гендар — гэта глупства і прыдумкі феміністак, тады наступствы зразумелыя. Адпаведна, аўдыторыя будзе думаць, што гендарная тэма не для яе.
Важна, каб пытанні такой роўнасці былі дакладна зафіксаваныя ў рэдакцыйнай палітыцы выдання. Яна павінна быць не толькі фармальна прапісаная, але і перыядычна абнаўляцца. Гэта павінен быць не проста фармальны акт падтрымкі гендарнай роўнасці, а рэальны план дзеянняў.