Уратуйце кажана — аддайце ў зімовы «санаторый» у Мінску

Ад сённяшняга дня, 3 снежня, калі вы пабачылі кажана, што прачнуўся сярод зімы, выратуйце яго — перадайце  ў першы ў Беларусі зімовы «санаторый» для рукакрылых «Кажанаполіс».

Фота ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" 

Фота ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" 


Цэнтр рэабілітацыі рукакрылых “Кажанаполіс” 3 снежня прымае кажаноў на зімоўку. Яго стварэнне ініцыявалі Мінскае гарадское аддзяленне АПБ і НПЦ па біярэсурсах.

Узімку некаторыя рукакрылыя застаюцца зімаваць у Беларусі і ўпадаюць у спячку. Рытм сэрца ў іх запавольваецца, а тэмпература паніжаецца. У гарадах кажаны могуць зімаваць на балконах, у пад’ездах і часцяком, патурбаваныя чалавекам або ад перападаў тэмператур, прачынаюцца. Гэта можа прывесці да іх гібелі, бо каб прачнуцца, кажаны трацяць амаль усю назапашаную энергію. Аднавіць яе няма чым: насякомых, якімі харчуюцца нашыя кажаны, узімку яны не знойдуць. Каб выратаваць рукакрылых, трэба знайсці для іх спальнае месца і ўвесці ў спячку.

Аптымальная тэмпература для зімоўкі кажаноў — ад +4 да +8 градусаў. Гэта тэмпература ў звычайнай лядоўні”, — кажа хіраптэролаг цэнтра Аляксей Шпак, супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах.

Усе перададзеныя ў “Кажанаполіс” (ад грэчаскага “поліс” — “горад”) жывёлы будуць правярацца адмыслоўцамі, узважвацца, каб высветліць іх стан здароўя, і змяшчацца ў лядоўню на зімоўку. Калі ў звярка вага паніжаная — яго давядзецца падкарміць штучна выведзенымі насякомымі, інакш ён не дажыве да вясны. Вясной усіх выпусцяць у дзікую прыроду.

Ратаваць кажаноў важна, бо рукакрылыя размнажаюцца марудна (самкі могуць нарадзіць толькі 1–2 кажанятак у год). А гэта значыць, што на аднаўленне папуляцый многіх відаў патрэбныя дзесяцігоддзі. Дарэчы, з 19 відаў кажаноў Беларусі восем уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу.

Цэнтры рэабілітацыі рукакрылых існуюць у многіх краінах, але ў Беларусі ён з’явіўся ўпершыню. “Кажанаполіс” паўстаў з ініцыятывы Мінскага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” сумесна з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Дзякуючы краўндфандынгавай платформе “МаеСэнс” праект сабраў патрэбную суму для закупкі лядоўні для цэнтра і іншага абсталявання. Трэці партнёр ініцыятывы — Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства (РЦЭК) — падтрымаў прыродаахоўнікаў і вучоных і дазволіў размясціць лядоўню ў сваім жывым кутку. У Кажанаполісе працуюць валанцёры.

“Кажанаполіс“ функцыянуе на базе РЦЭК: г. Мінск, вул. Макаёнка, 8.

Фота sts.sumy.ua

Фота sts.sumy.ua

 

Калі вы пабачылі кажана:

- тэлефануйце +375292139257

- альбо пішыце на старонку ў Фэйсбуку: facebook.com/kazhanapolis


Паводле прэс-службы ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"