Зянон Пазьняк: Я лічу, што Трэцяя сусветная вайна ўжо ідзе
Зянон Пазьняк абмаляваў верагодныя сцэнары для Беларусі. Што праўда, усе варыянты залежаць ад зыходу вайны ва Украіне.

Зянон Пазьняк, скрыншот з відэа
— Могуць быць розныя варыянты: усё залежыць ад таго, як скончыцца гэтая вайна, — адзначыў у эфіры аналітычнага шоу «Пара!» Зянон Пазьняк. — І вось тут ёсць варыянты небяспечныя, а ёсць варыянты станоўчыя.
Палітык агучыў тры небяспечныя сцэнары.
— Небяспечны варыянт, калі контрнаступ не прывядзе да вяртання ўсіх тэрыторый… Хутчэй за ўсё, гэтага не адбудзецца, часткова нешта будзе вернута, нават калі Крым будзе вернуты, а застанецца Данбас. Такі вынік контрнаступу можа прывесці да таго, што пэўныя лявацкія лобі ў Еўропе, ва ўрадах еўрапейскіх, дый у Амерыцы таксама, пачнуць настойваць на тым, каб пачаць мірныя перагаворы. Мірныя перамовы на тым узроўні будуць зручныя толькі Расіі і тым еўрапейскім колам, якія мараць вярнуцца да таго, што было перад вайной: кантакты з Расіяй, карыстанне танным газам, нафтай і гэтак далей.
Гэты сцэнар Зянон Пазьняк лічыць дрэнным, але верагодным. І небяспечным, таму што «фактычна вайна не закончыцца, гэта будзе толькі перамір’е». А значыць, «Беларусь застанецца пад акупацыяй, застанецца Лукашэнка, застануцца рэпрэсіі, вынішчэнне нацыі, ядравая зброя».

Другі сцэнар прадугледжвае вяртанне Украінай усіх захопленых тэрыторый, хаця палітык і называе яго «малаверагодным».
— Калі будуць вернутыя ўсе тэрыторыі, то тады ўзнікае пытанне пра Беларусь. Бо калі Беларусь не будзе дэакупаваная — там застаюцца расійцы са сваімі войскамі, застаецца Лукашэнка, і яны яшчэ ўвядуць туды ядравую зброю, — то фактычна ў Расеі шляхам прапаганды, якая стопрацэнтова валодае розумамі ватнай Расеі, будзе пададзена як перамога, і рэжым будзе мець падтрымку. А для нас гэта катастрофа.
Аднак, мяркуе палітык, з усіх варыянтаў гэты не самы горшы.
— У гэтай сітуацыі, калі Украіна вяртае тэрыторыі, і застаецца Беларусь, у прынцыпе Пуцін можа ўжыць ядзерную зброю, якую завязе ў Беларусь. Ён знайшоў дурня ў вобразе Лукашэнкі, якім поўнасцю кіруе, і адтуль можа быць нанесены ядзерны ўдар (з Беларусі па Украіне. — «НЧ»). Усякія эксперты, прапагандысты гавораць, што гэта немагчыма, гэта блеф (знаем мы гэтых гаваруноў, якія гаварылі, што немагчымы напад на Кіеў).
Ядзерны ўдар магчымы па Украіне. І тады будзе ўдар па Беларусі. Нават калі ён будзе нанесены канвенцыйнай зброяй, усё адно гэта будзе вялікая катастрофа, якая можа прывесці да вялікіх разбурэнняў, — мяркуе палітык.

Зянон Пазьняк перакананы, што Захад меў магчымасць закончыць вайну ў першыя месяцы пасля нападу на Украіну, нават у маі-чэрвені. Спыніць вайну не ўдалося, а цяпер свет структураваўся.
— Зараз сітуацыя ў свеце структуравалася стварэннем падзелаў Расія — Іран — Кітай, агрэсіўныя паводзіны Ірана і Расеі, а з другога боку — наіўная Еўропа і Амерыка. Гэты падзел свету сведчыць аб тым, што Трэцяя сусветная вайна пачынае развівацца. Я лічу, што Трэцяя сусветная вайна ідзе ўжо, — рэзюмаваў палітык.
Аднак палітра магчымага развіцця падзеяў не абмяжоўваецца негатыўнымі сцэнарамі.
— Можа здарыцца, што поспех украінскага контрнаступу будзе істотны. Ён прывядзе да пэўнага разбалансавання ў Расеі, з’явяцца нейкія сілы (яны могуць быць інспіраваныя з боку Украіны, дапусцім, мы ведаем, што было ў Белгарадзе). З’явяцца праблемы ў Беларусі, дыктатар можа цяжка захварэць і злегчы, а можа і памерці. Калі адбудзецца такое разбалансаванне, то тады пытанне будзе заключацца ў тым, хто рашуча і своечасова гэтую сітуацыю скарыстае. Я лічу, што полк Каліноўскага павінен зайсці ў Беларусь — у такой сітуацыі ёсць рэальная магчымасць аднавіць дэмакратыю, незалежнасць, выбраць парламент і развітацца з гэтым рэжымам, — кажа Пазьняк.

І дадае, што гэта «малаверагодная сітуацыя, бо мы не можам спрагназаваць яе крок за крокам. Але ў гэтай сітуацыі могуць быць нечаканасці».