Зянон Пазьняк: Беларусь прайграла гібрыдную вайну Расіі і цяпер знаходзіцца пад акупацыяй
Вайна ва Украіне — не толькі барацьба за гістарычнае існаванне Украіны, але і Беларусі. Беларусь і беларускі народ з’яўляюцца закладнікамі палітыкі Пуціна і Лукашэнкі, заявіў Зянон Пазьняк.
Неабходна прызнаць Беларусь акупаванай дзяржавай войскамі Расійскай Федэрацыі, заявіў Зянон Пазьняк і дадаў, што Расія вядзе вайну не толькі супраць Украіны, але і супраць Беларусі. Але Беларусь, у выніку «здрадніцкай прарасійскай палітыкі Лукашэнкі, гэтую вайну прайграла».
Палітык Зянон Пазьняк выклаў сваё бачанне сітуацыі ў Беларусі ў вялікім дакуменце. Сярод іншага ён лічыць неабходным патрабаваць праз ААН і краіны дэмакратыі ад Расіі «вывесці акупацыйныя войскі з Беларусі».
У дакуменце тлумачыцца, у чым палягае неабходнасць прызнаць Беларусь акупаванай дзяржавай. Прапануем чытачам некаторыя тэзісы.
Падзеі апошніх гадоў паказваюць, што Беларусь і беларускі народ сталіся закладнікамі злачыннай палітыкі Расіі і адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта робіць неабходным фармаванне і рэалізацыю адмысловай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, якая, з аднаго боку, магла б уплываць на аслабленне рэжыму Лукашэнкі, а з іншага, — не ізалявала Рэспубліку і беларускае грамадства.
Фармаванню такой палітыкі можа садзейнічаць прызнанне Беларусі акупаванай дзяржавай, якая знаходзіцца пад акупацыйным кантролем Расійскай Федэрацыі і падвяргаецца гібрыднай акупацыйнай палітыцы.
Акупацыя Беларусі адбывалася праз доўгатэрміновы працэс рэалізацыі метадаў гібрыдных уплываў, палітычнага і эканамічнага ўздзеяння, праз палітыку штучнай саюзнай інтэграцыі, праз правакаванне крызісаў, што ў выніку прывяло да ўвядзення расійскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі, да фактычнага захопу краіны, да штурхання краіны ў расійскую агрэсіўную вайну.
На сённяшні дзень можна канстатаваць:
- Адміністрацыя Лукашэнкі не з’яўляецца канстытуцыйнай прадстаўнічай уладай беларускага народа, ажыццяўляе сваю дзейнасць выключна абапіраючыся на падтрымку і прымус з боку Расійскай Федэрацыі і на рэжым унутранага тэрору.
- Адміністрацыя Лукашэнкі не ажыццяўляе суверэннага кантролю над тэрыторыяй Рэспублікі Беларусь, якая цалкам выкарыстоўваецца Расійскай Федэрацыяй для сваіх вайскова-стратэгічных патрэб у мэтах ажыццяўлення ваенных дзеянняў у дачыненні да Украіны.
- Са студзеня 2022 года на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца войскі Расійскай Федэрацыі, мэта якіх была не толькі ў ажыццяўленні нападу на Украіну, але і ўтрыманні геапалітычнага кантролю над Рэспублікай Беларусь. Ад 10 кастрычніка 2022 года адміністрацыя Лукашэнкі заявіла пра разгортванне расійскай Рэгіянальнай Групоўкі Войскаў на тэрыторыі Беларусі, якая павінна налічваць каля 9 тысяч чалавек (мінімум). Гэта абазначае сталую прысутнасць расійскага войска на тэрыторыі краіны, а таксама намеры ўключыць беларускае войска ў расійскую вайскова-палітычную прастору.
- Сталае знаходжанне расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі і рашэнне Пуціна пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі сведчыць пра расійскія акупацыйныя інтарэсы і пра знішчэнне незалежнасці беларускай дзяржавы.
Працэс акупацыйнай прысутнасці РФ у Беларусі завяршыўся. Адміністрацыя Лукашэнкі выконвае выключна функцыі па забеспячэнні ўнутранага парадку праз рэжым надзвычайных дзеянняў, а таксама ажыццяўляе матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне расійскай акупацыйнай ваеншчыны.
Прызнанне Беларусі акупаванай дзяржавай вынікае з шэрагу палітычных і інфармацыйных наступстваў для Беларусі і для беларускага народа:
- Расія вядзе вайну не толькі супраць Украіны, але і супраць Беларусі. Беларусь, у выніку гібрыдных палітычных дзеянняў РФ і ў выніку здрадніцкай прарасійскай палітыкі Лукашэнкі, гэтую вайну прайграла.
- Асэнсаванне пераважнай часткай насельніцтва Беларусі таго факту, што палітыка Расіі мае дэструктыўнае значэнне для народа Беларусі і краіны. Расійская палітыка інтэграцыі мела на мэце выключна падпарадкаванне Беларусі пад Расію, знішчэнне беларускай незалежнасці і культурную асіміляцыю беларусаў.
- Вайну, якую вядзе Расійская Федэрацыя пры садзейнічанні адміністрацыі Лукашэнкі, не падтрымлівае народ Беларусі. Расія ўцягвае Беларусь у вайну з прычыны акупацыі яе тэрыторыі.
- Беларускі народ, які знаходзіцца пад акупацыяй і пад рэжымам жорсткіх рэпрэсій, не можа несці адказнасці за дзеянні адміністрацыі Лукашэнкі.
- Разуменне рэальнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь створыць умовы для змяншэння штучнай напружанасці, створанай расійскай агентурнай прапагандай у адносінах паміж беларускім і ўкраінскім народамі, узмоцніць кансалідацыю для супольнай барацьбы супраць расійскай агрэсіі, знізіць уплыў расійскай агентурнай прапаганды па стварэнні нянавісці да беларусаў.
- Вайна ва Украіне — не толькі барацьба за гістарычнае існаванне Украіны, але і Беларусі;
- Беларускі народ на Бацькаўшчыне і за мяжой павінен аказваць пасільны супраціў расійскім акупацыйным войскам і адміністрацыі Лукашэнкі; падтрымліваць украінскіх змагароў, украінскае войска, дапамагаць палку імя Каліноўскага.
- Узаемадзеянне з украінскім народам і перамога Украіны будзе неабходным фактарам для палітычных пераменаў у Беларусі.
- Беларусы, якія знаходзяцца ў эміграцыі, не павінны адчуваць сябе дыскрымінаванымі. Яны павінны мець аднолькавыя правы з украінцамі.
- Заходнія краіны, у сувязі з рэжымам акупацыі ў Беларусі, павінны ажыццяўляць палітыку спрошчанага ўезду ў Еўразвяз для грамадзян Беларусі.
- Калі Расія выкарыстае тэрыторыю Беларусі для нанясення тактычных ядзерных удараў, то з боку краінаў Захаду Беларусь, яе жыццёвая інфраструктура не павінна разглядацца як мэта нанясення ўдараў. Беларусь і беларускі народ з’яўляюцца закладнікамі палітыкі Пуціна і Лукашэнкі.