Зноў мы праляцелі, як фанера...

Зноў мы праляцелі, як фанера. Але пакуль што яшчэ не над Парыжам, а над Страсбургам. Над Парыжам мы праляцім крыху пазней, калі ў нашай дзяржаве анічога не зменіцца.

На тыдні Еўропа заявіла пра фундаментальную рэч: статус спецыяльна запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) будзе вернуты парламенту Беларусі толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротную кару. Такое рашэнне прынята 23 чэрвеня на сесіі ПАСЕ ў Страсбургу.



362e80d4df43b03ae6d3f8540cd63626.jpg

Зноў мы праляцелі, як фанера. Але пакуль што яшчэ не над Парыжам, а над Страсбургам. Над Парыжам мы праляцім крыху пазней, калі ў нашай дзяржаве анічога не зменіцца.
На тыдні Еўропа заявіла пра фундаментальную рэч: статус спецыяльна запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) будзе вернуты парламенту Беларусі толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротную кару. Такое рашэнне прынята 23 чэрвеня на сесіі ПАСЕ ў Страсбургу.
Абмеркаванне беларускага пытання на сесіі пачалося з выступлення спецдакладчыка ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні. Ён прадставіў даклад і праект рэзалюцыі, што прадугледжвае вяртанне беларускаму парламенту статусу спецзапрошанага.
На праведзеных пасля гэтага спрэчках віцэ-старшыня камітэта ПАСЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека Хрыстас Пургурыдзіс прапанаваў вярнуць беларускаму парламенту статус спецыяльна запрошанага толькі пасля ўвядзення ў краіне мараторыя на смяротную кару.
Кажучы пра важнасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, Пургурыдзіс падкрэсліў: “У Беларусі расстрэльваюць людзей, а сем’ям пакараных не выдаюць іх целы і не паведамляюць, дзе іх пахавалі. Паводле слоў віцэ-старшыні камітэта ПАСЕ, “неабходна правесці яшчэ вельмі вялікую працу, перш чым надаць беларускаму парламенту статус спецыяльна запрошанага.
“У Беларусі адбываецца шмат няправільнага. Надаючы статус, нам неабходна выставіць беларускім уладам канкрэтныя ўмовы, — перакананы Пургурыдзіс.
Большасць дэпутатаў ПАСЕ прагаласавала за прыняцце гэтай папраўкі ў рэзалюцыю.
У дакуменце адзначаецца: “Звяртаючы ўвагу на тое, што Беларусь далёкая ад стандартаў Савета Еўропы ў галіне дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека, але за апошні час яе ўлады зрабілі важныя захады ў правільным накірунку, Асамблея пастанаўляе падахвочваць краіну да працягу гэтага працэсу шляхам устанаўлення з уладамі палітычнага дыялогу, у той жа час працягваючы садзейнічаць умацаванню дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці ў краіне.
Разам з тым, гаворыцца ў дакуменце, нягледзячы на пазітыўныя змены, “сітуацыя ў Беларусі працягвае выклікаць заклапочанасць.
У прыватнасці, парламенцкія выбары ў верасні 2008 года не адпавядалі еўрапейскім стандартам, працягваецца пераслед і запалохванне актывістаў апазіцыі, палітычныя і праваабарончыя арганізацыі па-ранейшаму “сутыкаюцца з перашкодамі пры рэгістрацыі, журналісты недзяржаўных і замежных СМІ сутыкаюцца са складанасцямі пры атрыманні акрэдытацыі.
ПАСЕ заклікала ўлады да правядзення незалежнага расследавання па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў з тым, каб “высветліць, ці з’яўляюцца гэтыя асобы палітзняволенымі, і калі гэта так, дамагчыся іх вызвалення.
Акрамя таго, Асамблея заклікае Мінск: зняць судзімасць з былых палітзняволеных для забеспячэння ім магчымасці ў поўным аб’ёме карыстацца сваімі грамадзянскімі і палітычнымі правамі; устрымацца ад пераследу і запалохвання актывістаў апазіцыі, спыніць практыку прымусовага прызыву на ваенную службу, дазволіць рэгістрацыю праваабарончай арганізацыі “Наша вясна, забяспечыць захаванне правоў грамадзян на свабоду сходаў, асацыяцый, свабоду слова і меркаванняў; рэфармаваць выбарчае заканадаўства Беларусі з улікам рэкамендацый АБСЕ.
Асобна ў рэзалюцыі агаворана: пакуль у беларускім парламенце “не будзе належным чынам прадстаўлена апазіцыя, дэлегацыя пазапарламенцкай апазіцыі будзе абавязкова запрашацца на кожную сесію ПАСЕ, а таксама “кожны раз, калі пытанне пра Беларусь будзе фігураваць у парадку дня камісіі ПАСЕ.
Юрыдычна рашэнне па Беларусі павінна быць аформленае 7 верасня на пасяджэнні Бюро ПАСЕ ў Парыжы.
Карацей, Беларусі не дапамаглі ні “мяса-малочная істэрыка з Расіяй, ні дэмарш наконт АДКБ, ні скарачэнне ваенных кантактаў з Расіяй (нагадаем, што ў плануемых на восень вучэннях “Захад–2009 прыме ўдзел значна меншая колькасць расійскіх войск, чым планавалася раней). Не дапамог нават цмяны візіт у Беларусь еўракамісара Беніты Ферэра-Вальднер, які прайшоў таксама на мінулым тыдні.
Дарэчы, бадай адзіным вынікам гэтага візіту стала тое, што беларуская грамадскасць нарэшце даведалася, чаго ад Беларусі чакае Еўропа. ЕС чакае ад Беларусі працягу прагрэсу ў пяці асноўных галінах: рэформа выбарчага заканадаўства, забеспячэнне свабоды аб’яднанняў, стварэнне ўмоў для дзейнасці НДА, свабода прэсы, зняцце абмежаванняў для свабоды асобы. А вось беларускія адносіны з Расіяй, здаецца, Еўропу не так хвалююць. Гэты аспект не ўлічылі тыя, хто разлічвае на нармальныя адносіны з ЕС. Так што трэба было б думаць раней. Бо фактычна вызваленне Беларусі ад смяротнага пакарання з’яўляецца шостай умовай.
Выглядае, што спадарыня Вальднер прыехала ў Беларусь з ультыматумам, які яна і выклала вышэйшаму кіраўніцтву краіны.
Тым не менш, кіраўнік мінскага офіса АБСЕ Ханс-Йохан Шмідт у эксклюзіўным інтэрв’ю БелаПАН заявіў, што ён з’яўляецца пераканым прыхільнікам развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўропай. “Я настойваў і працягваю настойваць на неабходнасці развіваць станоўчыя адносіны з Беларуссю, — заявіў палітык.
Пры гэтым ён лічыць, што было б няправільным “патрабаваць фундаментальных радыкальных зменаў, як гэта робяць некаторыя палітыкі і грамадскія арганізацыі, бо “гэта значыць патрабаваць змены палітычнага рэжыму.
“Такія патрабаванні правакуюць жорсткае супраціўленне з боку дзяржаўных структур. І ў цяперашніх беларускіх умовах рэалізаваць гэтыя патрабаванні немагчыма. А значыць, яны супярэчаць інтарэсам усіх тых, хто зацікаўлены ў развіцці адносінаў паміж Захадам і Беларуссю і ў падрыхтоўцы глебы эвалюцыйных зменаў, напрыклад, у правядзенні эканамічных рэформ, якія патрабуюцца ў пераходныя і крызісныя перыяды, — лічыць Шмідт.