«Звязаная з рэлігійнымі абшчынамі». Мінздароўя абвінаваціў антываксераў у распаўсюдзе адзёру

Намеснік міністра аховы здароўя і галоўны санітарны ўрач Беларусі Аляксандр Тарасенка заявіў, што адзёр распаўсюджваецца сярод, у тым ліку, тых беларусаў, хто па рэлігійных меркаваннях адмовіўся ад прышчэпак. Паводле яго слоў, у краіне няма эпідэміі, але павінна быць «насцярожанасць», адзначае telegraf.news.

_belarus_minsk_zyccjo_ljudzi_medycyna_hutkaja_dapamoha_fota_novy_czas_logo.jpg.webp

«У сувязі з тым, што захворванне вельмі кантагіёзна, усе гэтыя пацыенты з падазрэннем на адзёр шпіталізаваныя ў інфекцыйнае аддзяленне раённай бальніцы. Гэта значыць, насцярожанасць павінна быць. А на сёння яна павінна быць і на ўвазе таго, што яшчэ адзначаецца рост вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі ў Беларусі», — распавёў Аляксандр Тарасенка пра сітуацыю ў Лідзе і Беларусі.

Усяго, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у краіне зафіксавана 204 выпадкі захворвання на адзёр. З іх 62% — у Брэсцкай вобласці, 16% — у Магілёўскай, затым ідзе Гродзенская вобласць.

«У Брэсцкай вобласці сітуацыя па адзёры звязана ў тым ліку з рэлігійнымі абшчынамі. Гаворка ідзе пра заўзятых адмоўнікаў ад вакцынацыі», — паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Паводле слоў Тарасенкі, каля 43% з усіх тых, хто захварэў, склалі дзеці ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў, а 30% — людзі ад 18 да 40 гадоў.


Глядзіце таксама

У Міністэрстве аховы здароўя запэўнілі, што правяраюць усіх, хто кантактаваў з заражанымі. «Настойліва раім тым, хто трапіў у групу кантактных пры адсутнасці звестак аб вакцынацыі або адсутнасці звестак аб перанесеным захворванні, вакцынавацца. І рэкамендуем бацькам не адмаўляцца ад вакцынацыі дзяцей. Прышчэпку супраць адзёру робяць у год і ў шэсць гадоў. Вядома, могуць быць медыцынскія супрацьпаказанні, але ў асноўным яны часовыя. Само захворванне ў 40% выпадкаў дае сур'ёзныя ўскладненні», — заклікаў галоўны санітарны ўрач.

Раней паведамлялася, што ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя Беларусі распавялі пра тое, што змаглі завезці ў краіну вакцыну для прафілактыкі адзёру з Бельгіі. І гэта акрамя дзвюх ужо даступных: вакцына (адзёр, краснуха і паратыт) Serum Institute of India (Індыя), вакцына вектар ГНЦ СБ (Расія).