Адзёр — наколькі небяспечная гэта хвароба? Спытайце ў педыятра

У Беларусі зноў успышка адзёру. І зноў трэба распавядаць пра сімптомы і ўскладненні адзёру. Хаця гэтай хваробы магло б проста не быць. Пра тое, што такое адзёр і як ад яго зберагчыся, распавядае доктар Мая Церакулава.

signal_2023_01_31_220000_005_logo.jpeg

Адзёр — гэта вірусная інфекцыя. Як і большасць іншых вірусных інфекцый, сучасная медыцына дрэнна ўмее лячыць адзёр. Можам толькі палегчыць сімптомы, у пэўным сэнсе зменшыць цяжар ускладненняў, але і тое не заўсёды атрымліваецца. Прыслухайцеся: калі вы захварэеце на адзёр, медыцына мала чым зможа вам дапамагчы. Ускладненні бываюць у 30% выпадкаў. Смяротнасць ад адзёру цяпер прыкладна такая ж, як і сто гадоў таму — кожны двухсоты-пяцісоты неімунны памірае. Адзёр да гэтага часу з'яўляецца адной з асноўных прычын смяротнасці дзяцей да пяці гадоў.

Сустрэўшы хворага на адзёр чалавека, вы заразіцеся з верагоднасцю ў 90%. І далей два варыянты развіцця падзей у залежнасці ад таго, ці рабілі вы вакцынацыю.

Варыянты для вакцыянаваных

Вакцынаваны можа не заўважыць, што заразіўся ў выпадку актыўнага, напружанага імунітэту — і справіцца з інфекцыяй на падлёце. Альбо, калі вакцынаваўся ён 20 гадоў таму і больш адзёру нідзе не сустракаў, то злёгку захварэць. Напружанага, актыўнага імунітэту ў яго няма, але спецыфічны, клеткавы імунітэт усё роўна ёсць. І праз двое-трое сутак тэмпературы, катару і кан'юктывіту колькасць спецыфічных клетак стане дастатковай для барацьбы з адзёрам. Такі чалавек заўважыць, што захварэў, але выздаравее, не паспеўшы зразумець, што гэта было.

Трэці, горшы варыянт для імунных да адзёру — мінімальныя спецыфічныя клінічныя змены. Такое магчыма, калі чалавек вакцынаваны, але чамусьці актыўнасць імунітэту зніжана і яму спатрэбілася больш часу для сінтэзу спецыфічных антыцелаў. У такім выпадку ў вакцынаваных можа з'явіцца адзёравы сып і дыягназ адзёру. Але гэта рэдка бывае, у асноўным вакцынаваныя на адзёр не хварэюць. Дзвюх вакцын у дзяцінстве — у адзін год і ў шэсць гадоў — дастаткова для пажыццёвага імунітэту да адзёру.

Для тых, хто не мае прышчэпкі

Другі варыянт развіцця падзей пры заражэнні на адзёр — для невакцыянаванага. Ён гэтак жа з верагоднасцю 90% пасля кантакту з хворым на адзёр заразіцца. Праз тыдзень падымецца тэмпература 39-40°, боль у горле, насмарк, кан'юктывіт. Дзён праз пяць, калі нібыта стане лягчэй — з’явіцца сып ад галавы да плячэй, потым жывот, ногі. У роце з'явяцца спецыфічныя толькі для адзёру бела-блакітныя дробныя крапінкі — плямы Бельскага-Філатава-Копліка. Усё гэта на фоне інтаксікацыі, слабасці, млявасці, дрэннага самаадчування. І ў паловы шчасліўчыкаў на гэтым усё. Ну, будзе яшчэ імунадэфіцыт у той ці іншай ступені ад двух месяцаў да паўгода. Але па вялікім рахунку для шчасліўчыкаў адзёр скончыўся.

Не пашанцуе 30% невакцыянаваным. Таму што адзёр знішчыць іх імунітэт. Напрыклад, часцей за ўсё дзеці паміраюць ад другасных, бактэрыяльных пнеўманій, з якімі арганізм не можа змагацца на фоне адзёру. Але ёсць мноства іншых органаў і тканак, якія застануцца безабаронныя перад другаснымі інфекцыямі на фоне адзёру. Ускладненні адзёру вельмі шматстайныя, сярод іх: ларынгіт, трахеіт, атыт, сінусіт, бранхіт, першасная адзёравая пнеўманія, другасная бактэрыяльная пнеўманія, гепатыт, лімфадэніт і многае іншае.

Існуюць і спецыфічныя адзёравыя ўскладненні — некратычны энцэфаліт і падгостры склеразійны панэнцэфаліт. У першым выпадку гэта запаленне і некроз мазгавой тканіны, даволі хуткая смерць. Другі выпадак падступны — развіваецца праз гады пасля перанесенаага адзёру, выяўляецца ў выглядзе паступовых страт кагнітыўных функцый, што вядзе да інвалідызацыі, незваротна гіне падкорка, што вядзе да адмовы органаў, даволі доўгая і цяжкая смерць.

Але ўсяго гэтага магло б не быць, калі б усе вакцынаваліся. Вакцынацыя ад адзёру ўваходзіць у нацыянальны каляндар прышчэпак, вакцыну робяць дзецям у год і ў шэсць. Пераканайцеся, што вы і ваша дзіця вакцынаваны, калі не — звярніцеся ў вашу паліклініку, вакцынацыя ад адзёру бясплатная.

cerakulava_1.png


Калі ў вас ёсць пытанні да доктара Маі Церакулавай, дасылайце іх на рэдацыйную пошту ці ў тэлеграм-бот. А таксама пакідайце ў каментарах у фэйсбуку.