Жыватворны агонь з Іерусаліма будзе ў Беларусі толькі раніцай у нядзелю

На цяперашні Вялікдзень Жыватворны агонь з Іерусаліма будзе ў Беларусі пазней, чым звычайна, праз сітуацыю ў рэгіёне.

zyvatvorny_ahon.jpg

Жыватворны агонь, вынесены 4 траўня з іерусалімскага храма Гроба Госпада, сёлета даставяць у Беларусь не да пачатку велікоднага набажэнства ў вечар Вялікай суботы, як гэта было раней, а толькі  нядзельнай раніцай, непасрэдна ў дзень Вялікадня — 5 траўня, піша «Позірк».

Паводле інфармацыі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы, гэта звязана з “ускладненай у рэгіёне сітуацыяй”.

“Чакаецца, што лампада з Жыватворным агнём прыбудзе ў Свята-Духаў кафедральны сабор горада Мінска ў 9:00 да пачатку Боскай літургіі. Святыню будуць сустракаць прадстаўнікі епархій Беларускай праваслаўнай царквы, каб потым даставіць яе ў розныя гарады і вёскі Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Глядзіце таксама

Напружаная сітуацыя на Блізкім Усходзе захоўваецца з 7 кастрычніка 2023 года, калі на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся  баевікі ваеннага крыла групоўкі ХАМАС. Адначасова з Газы пачаўся інтэнсіўны абстрэл ізраільскай тэрыторыі. Загінула каля 1,4 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс. чалавек.

Тэрыторыя Ізраіля таксама абстрэльваецца ракетамі з тэрыторыі Лівана баевікамі звязанай з Іранам шыіцкай групоўкі “Хезбала”, у адказ ізраільскі бок наносіць удары па інфраструктуры гэтай арганізацыі.

Глядзіце таксама

Ізраіль праводзіць наземную ваенную аперацыю ў сектары Газа для вызвалення захопленых закладнікаў і знішчэння ХАМАС. Ад яе пачатку ўжо загінула больш за 260 ізраільскіх вайскоўцаў (у Газе, каля мяжы з Ліванам, на Заходнім беразе ракі Іардан, у выніку тэрактаў на тэрыторыі Ізраіля).

Паводле даных звязанага з рухам ХАМАС міністэрства аховы здароўя Газы, ад пачатку супрацьстаяння забіта больш за 34 тыс. палесцінцаў, колькасць параненых перавышае 77 тыс. чалавек. Згодна з данымі Арміі абароны Ізраілю, з пачатку вайны ў Газе ліквідавана каля 14 тыс. баевікоў і іх камандзіраў (ХАМАС прызнае гібель прыкладна 6 тыс. баевікоў). “Хезбала” заяўляе пра гібель амаль 300 сваіх баевікоў і камандзіраў.

1 красавіка Ізраіль нанёс авіяўдар па консульстве Ірана ў Дамаску (Сірыя), у выніку якога загінула сем членаў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, уключаючы двух генералаў. У адказ Іран цягам пяці гадзінаў абстрэльваў Ізраіль у ноч на 14 красавіка. Было выпушчана 120 балістычных і 30 крылатых ракет, а таксама больш за 170 беспілотнікаў (ізраільскае войска заявіла, што было перахоплена “99% паветраных пагроз”).

Глядзіце таксама

На фоне абвастрэння канфлікту МЗС Беларусі выказаў “глыбокую занепакоенасць”. Пры гэтым ведамства не згадала пра факт паветранага нападу, а заявіла пра “эскалацыю сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне”. У сваю чаргу дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская “рашуча асудзіла” ўдар Ірана па Ізраілю.

Адметна, што міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы са сваім іранскім калегам Махамадам Ашціані 27 красавіка ў Астане (Казахстан) асудзіў красавіцкія дзеянні Ізраіля і пахваліў “мудрую і абачлівую” атаку Ірана.

Глядзіце таксама